Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Васіль Гулай: "У Чарнобылі нас кінулі ў самае пекла"


Васіль Гулай

Васіль Гулай

Хто яны, чарнобыльскія ліквідатары? Што маюць за свае подзьвігі ў змаганьні зь "мірным атамам"? Чым жывуць? Што хочуць сказаць нашчадкам і тым, хто плянуе будаўніцтва ў пацярпелай ад радыяцыі Беларусі ўласнай атамнай станцыі?

У сэрыі рэпартажаў "Людзі ў "зоне" — аповед пра чарнобыльскага ліквідатара Васіля Гулая з Рэчыцы.

У "чарнобыльскі год" Васілю Гулаю было 32. Ён рабіў матарыстам цэмэнтнага агрэгату ў тампанажнай управе вытворчага аб’яднаньня "Беларуснафта".

Яго з такімі ж спэцыялістамі й кінулі ў самае пекла: дапамагаць узводзіць саркафаг над разбураным рэактарам — такую бэтонную кашулю, каб суняць выкід сьмяротна небясьпечных ізатопаў:

"Я і ўсе, хто са мною тады працаваў, яны былі менавіта з тампанажнай управы. Мы маглі гнаць вадкі цэмэнт на гэты саркафаг. Мы каля цэнтральнага ўваходу разьмясьцілі агрэгаты й гналі вадкі цэмэнт. Дваіх з нашых паслалі на адкрытыя промні. Яны раскочвалі трубы. Аднаго ўжо няма на сьвеце, а другі, як кажуць, на ладан дыхае".

Пасьля першай камандзіроўкі на Чарнобыльскую АЭС і невялікага адпачынку Васіля й такіх жа, як ён, тампанажнікаў накіравалі на 20 дзён у 30-кілямэтровую зону ў Нараўлянскі раён. Бурылі й мацавалі Радамлянскую сьвідравіну № 10, каб запампаваць у нетры з каналаў вакол АЭС радыеактыўную ваду. Але зямля чамусьці не прыняла тую ваду, і задуму кінулі.

Васіля меліся ў 1987 годзе й трэці раз паслаць у "зону", але мэдыкі знайшлі ў кардыяграме нейкія агрэхі, і яго больш не чапалі.

Ліквідатар крыху шкадуе, што ў "зоне" тады не было Аляксандра Лукашэнкі:
Вельмі кепска, што з намі не было Аляксандра Рыгоравіча ...

"Вельмі кепска, што з намі не было Аляксандра Рыгоравіча. Не таму, каб у яго там здароўе пагоршылася — няхай ён, як кажуць, да ста гадоў жыве. Я з-за таго, што калі б ён быў з намі, то мы былі б, як у часы Брэжнева тыя, хто быў на "Малой зямлі".

Нейкі адчувальны клопат пра ліквідатараў, як лічыць спадар Гулай, быў хіба толькі перад канцом былога Саюзу і на пачатку найноўшай гісторыі Беларусі. Пачынаючы з 1995 году, дапамогі ліквідатарам урэзваліся і ўрэзваліся, і зараз яны зьведзены амаль да нуля:

Даюць мізэрную дабаўку да пэнсіі — 30 тысячаў ...
"Даюць мізэрную дабаўку да пэнсіі — 30 тысячаў. Груба кажучы, 10 даляраў. Мы зьвярталіся і ў парлямэнт, і да прэзыдэнта. Але нам сказалі, што грошы вельмі патрэбныя дзеля таго, каб рэанімаваць землі, якія заражаны радыяцыяй, і яны гэта робяць. Інакш кажучы, нашы грошы зарываюць у зямлю, каб у гэтай "чыстай зямлі" нас акуратненька пахаваць".

Васіль Гулай, яшчэ працуючы ў Нараўлянскім раёне, пачаў дапамагаць сваім калегам, каб ім залічылі працу як камандзіроўку ў "зону".

Неўзабаве Гулай стварае ў Рэчыцы ці ня першую ў краіне грамадзкую арганізацыю чарнобыльцаў. Ён пачаў дамагацца й падвышэньня рабочай кваліфікацыі тампанажнікаў. У каго быў 5 разрад, той атрымаў 6. Для некаторых катэгорый адміністрацыя змушана была ўвесьці 7 і 8 разрады. Каля сотні рабочых былі ўдзячныя Гулаю.

Аднак кіраўніцтву гэта ня дужа падабалася. Драбнейшыя начальнікі пачалі цікаваць за "абаронцам рабочых", лавіць на розных дробязях. І ўрэшце звольнілі нібыта за сыстэматычнае парушэньне працоўнага распарадку.

Васіль тры гады быў бяз працы, перабіваўся выпадковымі заробкамі. А ў яго сям’я — жонка, двое сыноў.

Урэшце ліквідатар, маючы яшчэ права на бясплатны праезд у прыгарадным транспарце, выправіўся ў падарожжа. На 25-ці дызэль-цягніках і электрычках, на спадарожным транспарце, зь перасадкамі й чаканьнямі дабраўся да распрацовак расейскіх нафтавых радовішчаў у Ямала-Ненецкай аўтаномнай акрузе. Уладкаваўся на буравую "Раснафты", і там яшчэ працаваў 12 зь лішкам гадоў — на дадатак да 22-х у "Беларуснафце".

Расейскія нафтавыя структуры ня лепшым чынам абыходзіліся зь беларусамі — не заўсёды плацілі за іх у фонд сацыяльнай абароны. У выніку ня ўся праца на Поўначы залічвалася ў стаж.

Васіль пачаў зьвяртацца ў расейскі суд, каб аднавіць справядлівасьць — за сябе й за дзясяткі іншых падманутых:

"У Расеі стаўленьне такое абыякавае: маўляў, мы вас нікуды не пасылалі, вы зь іншай краіны. Нам не давалі чарнобыльскіх водпускаў. Але ў Расеі можна нешта праз суд даказаць. З горам напалам, але суды працуюць. Дзесьці для паўсотні нафтавікоў мне ўдалося аднавіць іхні працоўны стаж".

Сваю чарнобыльскую арганізацыю ў Рэчыцы Гулай абараніць ня здолеў. Яе закрылі празь мясцовы суд з прычыны адсутнасьці юрыдычнага адрасу ў нежылым памяшканьні. Тады Васіль уступіў у Аб’яднаную грамадзянскую партыю.

Да новай атамнай станцыі, якую беларускія ўлады зьбіраюцца будаваць у Астравецкім раёне на Гарадзеншчыне, чарнобыльскі ліквідатар ставіцца нэгатыўна. Лічыць, што з такім узроўнем будаўніцтва, як у Беларусі й Расеі, праблемы на АЭС, хутчэй за ўсё, будуць. І наўрад ці знойдуцца ахвочыя зноў лезьці ў ядзернае пекла:

"Людзі, якія глядзяць, як да мяне паставіліся, наўрад ці будуць пераймацца. Ня знойдзеш дурных, каб яны пайшлі нешта абараняць. Радзіма таксама мусіць думаць пра тых, хто яе абараняў. А мы ратавалі ня толькі сваю радзіму, але й Эўропу ад гэтай атамнай чумы".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG