Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адкрыты ліст старшыні Рады БНР Івонкі Сурвілы да беларускага народу


Старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла з нагоды Велікодных Сьвятаў замест віншаваньня зьвярнулася з адкрытым лістом да беларускага народу.

Дарагія Суродзічы!

Велікодныя сьвяты ў гэтым годзе супадаюць з адзначэньнем гадавіны вялікай бяды, якую давялося перажыць беларускаму народу ў канцы ХХ стагодзьдзя. 26 красавіка спаўняецца 25 гадоў ад Чарнобыльскага злачынства. Таму ня ў сілах я жадаць Вам вясёлых сьвятаў, дарагія суродзічы! Хачу толькі сказаць сёньня, што беларусы і людзі добрай волі ва ўсім сьвеце, якія ведаюць, што беларускі народ усё яшчэ жыве ў ценю Чарнобылю, будуць з Вамі ў гэтыя дні.

На жаль, сёньняшнія ўлады Рэспублікі Беларусь ня толькі не апякуюцца сваім народам, які пацярпеў ад страшных радыенуклідаў, але і хочуць будаваць на беларускай зямлі новую ядзерную электрастанцыю, не праймаючыся ані Вашым здароўем, ані доляю Вашых дзетак. Яны забараняюць Вам нават прайсьці Чарнобыльскі Шлях у памяць тых людзей – часта Вашых родных, якія ўжо загінулі ад чарнобыльскай радыяцыі.

Над Вамі ізноў вісіць чорная хмара страху. Яшчэ пару месяцаў таму, падчас падзеяў 19 сьнежня мінулага году, Вас білі, калечылі, зьнявольвалі, страшылі, каб лягчэй было распраўляцца з найбольш мужнымі між Вамі, з тымі, хто спадзяваўся дамагчыся для Вас нармальнага вольнага жыцьця. Цяпер, пры вельмі няясных абставінах, выбух у менскім мэтро 11 красавіка.
На беларускай зямлі аднаўляецца сталінскі тэрор.

Адна з нашых маладых гераіняў, мужнасьць якой была прызнаная ў далёкай Амэрыцы, гаварыла нядаўна пра нянавісьць, якая праяўляецца ў Беларусі супроць новага пакаленьня змагароў, супроць нашай актыўнай моладзі. Дадам, што паводле зьвестак, якія даходзяць да нас зь Беларусі, мы бачым, што гэтая нянавісьць праяўляецца ў адносінах да ўсяго беларускага, супроць кожнага слова, сказанага ў абарону нашага народу, нашай зямлі, нашай спадчыны. Пад забаронаю нават кліч “Жыве Беларусь!”

Праводзіцца бязьлітасны генацыд нашай нацыі. Рэжым не шкадуе нашай зямлі, яму абыякавы наш лёс, абыякавая будучыня нашых дзяцей, абы захаваць сваю бязьмежную ўладу.

Нелегітымны “ўладар” прызнаўся, што ён гатовы змагацца сілаю за ўладу, выкарыстоўваючы беларускае войска супраць беларускага народу, супроць Вас, дарагія суродзічы.

Якое права мае чалавек, якога вы выбралі на пяць гадоў 17 гадоў таму, распараджацца сёньня Вашым лёсам, Вашай зямлёю, Вашай будучыняю?

Якое права мае ён судзіць беларускіх дзеячоў, якія правініліся толькі сваёй ахвярнасьцю і сваёй заклапочанасьцю доляю беларускага народу?

Якое права ён мае страшыць Вас, перасьледаваць сумленных людзей як злачынцаў?

Якое права ён мае зьнявольваць Вас, кідаць у турмы Вашых дзяцей, марнаваць іхнае і вашае жыцьцё?

Хто яму даў гэтае права???

Хачу паўтарыць тут словы папы Яна Паўла II да свайго польскага народу ў цяжкія часы ягонай гісторыі: ”Ня бойцеся!”

Вы мацнейшыя! Паслухайце тых, хто ў турме меў час перадумаць падзеі апошніх 17 гадоў дыктатуры. Яны вераць ў Вас. Паверце ім! Бо толькі ў адзінстве народ зможа вызваліцца зь няволі.

Прыйшоў час, калі нам трэба ачуняць, дарагія браты і сёстры беларусы, каб не загінуць!!!

Жыве Беларусь!

Івонка Сурвіла,
старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі
XS
SM
MD
LG