Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргея Каваленку зноў адправілі на суткі. Ён абвясьціў галадоўку


Сяргей Каваленка

Сяргей Каваленка

Раніцай 22 красавіка віцебскага актывіста КХП БНФ Сяргея Каваленку міліцыянты забралі ў ізалятар часовага ўтрыманьня на 12 сутак.

Апазыцыянэр адразу абвясьціў, што будзе працягваць галадоўку пратэсту супраць, як ён гаворыць, "унутранай акупацыі" -- супраць міліцэйскага начальства, кіраўніцтва ІЧУ, СІЗА, КДБ.

Спадар Каваленка лічыць, што супрацоўнікі міліцыі ды іншых структураў беспадстаўна караюць апазыцыйных актывістаў, у тым ліку і ўдзельнікаў менскай акцыі 19 сьнежня.

Сяргей Каваленка мусіць адбыць у ізалятары часовага ўтрыманьня 12 сутак, бо 8 красавіка яго адпусьцілі з-пад апошняга 15-суткавага арышту. На думку апазыцыянэра, яго часовае вызваленьне абумовілі папярэднія галадоўкі, якія ён праводзіў у ІЧУ з 26 сакавіка.

25 сакавіка яму прысудзілі 7 сутак арышту за акцыю да Дня Волі: напярэдадні ён выйшаў у цэнтар Віцебску з трыма бел-чырвона-белымі сьцягамі. 1 красавіка, адразу на выхадзе з ізалятара часовага ўтрыманьня, яго зноў затрымалі міліцыянты. Паводле рашэньня крымінальна-выканаўчай інспэкцыі, актывіста прызналі парушальнікам рэжыму адбываньня ранейшага пакараньня - ён адбывае так званую "хатнюю хімію", тры гады абмежаваньня волі "ўмоўна" пасьля вывешваньня бел-чырвона-белага сьцяга на навагодняй ёлцы 7 студзеня мінулага году.

У час другога арышту актывіст працягнуў галадоўку пратэсту, і на 11 дзень галадаваньня трапіў у кардыялягічнае аддзяленьне гарадзкога шпіталя. 8 красавіка яго выпісалі і адразу ж адпусьцілі дахаты: як патлумачылі ў ІЧУ, на час разьбіральніцтва па ягоных скаргах.

Актывіст падаваў скаргі ў гарадзкую пракуратуру, але там вырашылі, што абодва арышты цалкам законныя. Цяпер Сяргей Каваленка будзе знаходзіцца ў ІЧУ да 4 траўня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG