Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Няма часу стаяць у чарзе па валюту — заплаці, пастаяць іншыя


Новая паслуга зьявілася для жыхароў Менску і гасьцей сталіцы — пастаяць у чарзе за грошы. А чэргі ў Беларусі цяпер паўсюль: у выканкамах і банках, пасольствах і ДАІ, а таксама ў пунктах абмену валюты.

Праз інтэрнэт ці па тэлефоне вы робіце заказ ня менш чым за суткі, распавядае прадстаўніца фірмы Юля:

«Вы замаўляеце паслугу, паведамляеце, у які дзень, які час вы хочаце трапіць, калі ведаеце, якія туды чэргі. Калі ня ведаеце, мы падкажам —даведваемся самі, якая там чарга. Мы прыяжджаем туды, займаем чаргу, потым альбо SMS дасылаем, альбо тэлефануем і дакладаем абстаноўку, колькі людзей у чарзе. Вы кажаце, за які час вас папярэдзіць, каб вы пасьпелі пад’ехаць, вы пад’яжджаеце, расплачваецеся і заходзіце».

Бізнэсоўка Ірына кажа, што яна б з задавальненьнем скарысталася такой паслугай:
Губляецца час, губляюцца грошы, якія чалавек мог бы за той час зарабіць. Мабыць, гэта і карысна.

«Мы вярнуліся да чэргаў. А, напрыклад, мой час каштуе вельмі дорага. Я думаю, і іншыя людзі будуць карыстацца такой паслугай. Я б заплаціла за тое, каб за мяне пастаялі ў чарзе ў пасольства па візу, яшчэ б, напэўна, каб памяняць пасьведчаньне кіроўцы, бо кажуць, што там шалёныя чэргі. Губляецца час, губляюцца грошы, якія чалавек мог бы за той час зарабіць. Мабыць, гэта і карысна».

Найбольш запатрабаваная паслуга — чэргі ў амбасады, распавядае спадарыня Юля:

«Калі шэнгенская віза, то зараз у нас найбольшым попытам карыстаюцца пасольствы Польшчы і Эстоніі. Калі я спыталася, чаму менавіта туды, самі кліенты сказалі, што прасьцей візу атрымаць».

Фірма гарантуе толькі ўваход у амбасаду. Гарантыі атрыманьня візы яна не дае. Спачатку фірма прапаноўвала займаць чэргі ў выканкамы, ЗАГСы, МЗС, пасольствы, банкі. Але ЗАГСы і МЗС попытам не карысталіся, затое зьявіліся чэргі ў ДАІ — зарэгістраваць машыну, памяняць правы на новыя ўзоры. Таму даводзіцца трымаць руку на пульсе, кажа спадарыня Юля:

«У прынцыпе, за дзень, за два вы зарэгіструеце машыну. Сёньня якраз мы былі ў пункце рэгістрацыі аўтатранспарту на вуліцы Сярова, занялі чаргу для кліента а палове на сёмую, і дзяўчына ўжо а 9:45 падавала заяву на рэгістрацыю».

Найбольш доўгія і найменш пасьпяховыя чэргі зараз — па валюту. Праўда, досьведу ў фірмы ў гэтай сфэры пакуль няма:

«Мы зусім нядаўна запусьцілі гэтую паслугу, нам тэлефанаваў адзін чалавек, але потым не ператэлефанаваў. Таму мы яшчэ не апрабавалі яе. Але, у прынцыпе, гэта ўсё рэальна зрабіць — дапамагчы вам купіць валюту. Там жа зараз стаяць каля банкаў і чакаюць. Калі ты першы стаіш, ідзеш у банк і купляеш».

Але дзелавыя людзі не падзяляюць такі аптымізм Юлі. Бізнэсоўка Ірына кажа:

«У іншых сфэрах можа быць гарантаваны вынік. А вось наконт набыцьця валюты — я ня ўпэўненая. Бо зараз такая сытуацыя, што чалавек можа прастаяць і суткі, і двое, быць першым у чарзе, а гарантыі, што набудзе валюту, няма. Напэўна, што да набыцьця валюты, я б не скарысталася такой паслугай.

Юля распавяла і пра кошты на паслугі:

«З восьмай раніцы да сёмай вечара паслуга каштуе 10 тысяч за гадзіну, а з 19 гадзін да восьмай раніцы — 15 тысяч за гадзіну. Аплата будзе лічыцца па колькасьці гадзін».

Ну а аплату кліент ажыцьцяўляе толькі пасьля перадачы чаргі, каля запаветных дзьвярэй ці акенца.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG