Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У дэталях судоў над Вольгай Карач, Алегам Баршчэўскім, Паўлам Станеўскім і Паўлам Левінавым уражвала тое, што нямецкая дасьледніца Ганна Арэнт называла банальнасьцю зла. Яе кніга з такой назвай была прысьвечаная працэсу над галоўным нацысцкім катам габрэяў Айхманам. І Арэнт была ўражаная тым, што ўбачыла не інфэрнальнага людажэра, а сьціплага чыноўніка, кшталту банкаўскага клерка. Толькі клерк грошы падлічвае, а Айхман людзей мільёнамі нішчыў – гэтак жа мэтадычна, акуратна, паводле дакладных распрацаваных мэтодык. Проста праца такая.

Ніяк не параўноўваю маштабы – дурны тон, параўнаньні што з нацызмам, што са сталінізмам лепш прыберагчы для значна горшых часоў. Але цалкам дарэчнае, на мой погляд, параўнаньне тыпу: завучаная рутына паказаньняў пра брудную лаянку «сьведкаў»-міліцыянтаў, завучаная рутына адкіданьня ўсіх аргумэнтаў судзьдзямі. І рэакцыя на ўсю тонкую дыялектыку Паўла Левінава, на тое, як ён лавіў на відавочных супярэчнасьцях «сьведкаў» – нуда, тая самая рутына, ну колькі можна, калі ж гэтая зьмена скончыцца, і што гэтым людзям трэба? Гэтак жа, як і асада кватэры Валера Шчукіна і наступныя затрыманьні: што, чаму, з чаго – а ні з чаго, проста прафіляктыка, каб не забываліся, у якой краіне жывуць, каб жыцьцё мёдам не здавалася.

Гледзячы па ўсім і жахлівае абвінавачаньне ў тэрарызме, якое ўзьнікла пасьля затрыманьня фігурантаў працэсаў і ад якога ва ўсіх нармальных людзей заварушыліся валасы на галаве – хутчэй за ўсё, такая самая нудная рутына. Нават не выкананьне загаду Лукашэнкі дапытаць «пятую калёну» наконт тэракту ў мэтро, і нават ня тое, што трое з чатырох затрыманых – зь Віцебску, адкуль нібыта паходзіць галоўны абвінавачаны – а проста доўгі дзень, цяжкая праца, а гэтыя тут узяліся правы качаць. А тэрарыстамі раптам стаць не баіцеся? Дык у нас хутка. Вось і пратакол на раз зробім. А там – вашы праблемы будуць, органы разьбяруцца. Ну, калі не вінаватыя, дык выпусьцяць калі-небудзь, можа быць, потым усё жыцьцё дзякуй казаць будзеце. Прыкол, словам, такі, каб ня думалі, што самыя разумныя.

Гэта як на працэсах у справе 19-га – доказаў, што біўся з амапаўцамі, няма, што ламаў дзьверы саўміну – таксама няма, але «присоединился к беснующейся толпе», і ўся справа.

Пратакол і насамрэч зьявіўся і, дзякуючы прафэсіяналізму калегі Каліноўскага, стаў здабыткам галоснасьці. Бо, калі б не яго фотаздымак таго пратакола, не выключаю, што і тут спрацавала б рутына – толькі ўжо рутына хаваньня сваіх непрыстойных справаў. Як з тымі самымі катаваньнямі Міхалевіча – скаргаў ні ў кога няма, нічога не пацьвердзілася, усё шыта-кры... у сэнсе – усё прыгожа і ў поўнай адпаведнасьці з законам. Так і тут – калі б ня фота, дык магчыма і расповед пра пачварнае абвінавачаньне быў бы абвешчаны паклёпам на чыстыя да празрыстасьці органы.

Магчыма, нешта падобнае мы пачуем наконт жахлівага расповеду Вольгі Карач, як яе катаваў садыст у пагонах. А можа і не. Не хаваў жа свайго твару амапаўскі бамбіза, які ўдарыў у твар Сьвятлану Завадзкую. І нічога ж яму не было. Бо праца такая.

І тыя шматлікія міліцыянты, якія пагражалі згвалтаваць затрыманых дзяўчат і жанчын у аўтазаках і на допытах – нікога ж ніхто не пакараў. Бо проста рутына, «падаўленьне волі» затрыманых, на курсах вучаць. А калі і далі пару разоў – ну дык каб не зарываліся, для парадку. Ці можа характар у якога абаронцы парадку і законнасьці нэрвовы, стрэс здымае.

Мяркую, што калі за ўсё за гэта давядзецца несьці адказнасьць (і не за любоў да Лукашэнкі, а за зьдзекі і катаваньні над людзьмі і законам), гэтыя асобы будуць шчыра зьдзіўляцца – за што? Мы ж ня тое што са зла, проста праца такая была. Як шчыра абуралася судзьдзя Вольга Комар, калі ёй у Фэйсбуку людзі выказвалі тое, што думаюць пра яе прысуд Васілю Парфянкову. І як цяпер на просьбу Паўла Левінава адкласьці выкананьне прысуду – з прычыны нездароўя маці – яна адказала, што ў яе скончыўся працоўны дзень. Ну якая можа быць маці Левінава, калі ў сп-ні Комар праца скончылася? Канец працы, як заўважыў Сяргей Дубавец – гэта ж сьвятое.

І яшчэ крыху па справе Вольгі Карач і яе кáта. Паводле сп-ні Карач, ягонае прозьвішча Лінкус. У сьпісе кіраўнікоў Фрунзэнскага РУУС сапраўды фігуруе Линкус Динас Гедемино, намесьнік начальніка Фрунзэнскага РУУС сталіцы, начальнік міліцыі грамадзянскай бясьпекі. БТ аднойчы падавала інтэрвію з афіцэрам, адным з кіраўнікоў Фрунзэнскага РУУС, з такім прозьвішчам. Пра жорсткае абыходжаньне Дзінаса Лінкуса з затрыманымі паведамлялася і раней.

Імя і прозьвішча гэтага міліцэйскага начальніка неяк навеялі параўнаньне з краінай, дзе падобнае зло – не банальная, звыклая і беспакараная рутына. І прыгадалася фота зь нядаўняе сустрэчы дэлегацыі жанчын-палітыкаў і бізнэсвумэн з прэзыдэнтам Літвы Даляй Грыбаўскайце, дзе яна паціскае руку Вользе Карач.


А вось фота, дзе спадарыня Грыбаўскайце ня менш шчыра паціскае руку свайму калегу, «гаранту стабільнасьці ў Беларусі» Аляксандру Лукашэнку.


Палітыкам даводзіцца паціскаць шмат розных рук.

Я гэта не да таго, што прэзыдэнт Літвы мусіць кардынальна памяняць сваю палітыку, якая ёсьць штука складаная – ёсьць эканамічныя інтарэсы, геапалітычныя расклады і шмат чаго іншага. Але, акрамя палітычнага, ёсьць яшчэ і чалавечае. Бывае, па меншай меры.

Магчыма, спадарыню Грыбаўскайце мужчыны ніколі ня білі па твары і не пагражалі ёй згвалтаваньнем. Але мяркую, што яна як жанчына можа ўявіць адчуваньні жанчыны ў такім становішчы.

І, здаецца, ніякія палітычныя разьлікі не перашкодзілі б ёй, як жанчыне і прэзыдэнту, патлумачыць свайму беларускаму калегу, што пры ўсім партнэрстве і ўзаемных інтарэсах яго падначаленым ня варта паводзіць сябе, як быдлу, і што зло не такое банальнае, як гэта, магчыма, уяўляецца Аляксандру Лукашэнку і некаторым выканаўцам яго загадаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG