Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Забаранілі шэсьце, але дазволілі нацыянальную сымболіку


Генадзь Фядыніч, Юры Хадыка, Дзяніс Садоўскі на ганку гатэля «Арбіта»

Генадзь Фядыніч, Юры Хадыка, Дзяніс Садоўскі на ганку гатэля «Арбіта»

Аргкамітэт «Чарнобыльскага шляху» прыняў рашэньне пагадзіцца з прапановай Менгарвыканкаму адмовіцца ад шэсьця і правесьці мітынг у парку Дружбы народаў каля плошчы Бангалор. Пра гэта журналістам было паведамлена падчас прэсавай канфэрэнцыі, якая адбылася 21-га красавіка прыступках сталічнага гатэлю «Арбіта».

У канфэрэнц-залю гатэлю «Арбіта», дзе мелася адбыцца сустрэча, арганізатараў і журналістаў ахова не прапусьціла на той падставе, што ў памяшканьнях гатэлю нібыта выявілі задымленьне. Таму прэс-канфэрэнцыя адбылася на прыступках. Яе распачаў Віктар Івашкевіч:

«Не зважаючы на папярэднія дамовы з адміністрацыяй, за паўгадзіны да пачатку раптоўна пачаліся вучэньні МНС, напэўна, па ліквідацыі наступстваў чарнобыльскай катастрофы, а мы зьяўляемся гэтымі наступствамі».

Старшыня аргкамітэту «Чарнобыльскага шляху» Юры Хадыка паведаміў, што сёлета Менгарвыканкам забараніў традыцыйнае шэсьце і дазволіў толькі мітынг на Бангалоры:

Нашая галоўная мэта — сабраць як мага больш людзей у спакойных абставінах, без сутыкненьня зь міліцыяй.
«Мы вымушаныя былі пагадзіцца, бо нашая галоўная мэта — сабраць як мага больш людзей у спакойных абставінах, без сутыкненьня зь міліцыяй. Без парушэньня дамоўленасьцяў, для таго, каб на практыцы рэалізаваць заклік Яна Паўла ІІ «Ня бойцеся».

Як паведаміў спадар Хадыка, супрацоўнікі міліцыі таксама выставілі абавязковую ўмову, што праход на месца збору будзе праз мэталашукальнікі, а ўся імпрэза пройдзе пад аховай супрацоўнікаў міліцыі. У сваю чаргу, міліцэйскае кіраўніцтва на словах дазволіла выкарыстоўваць бел-чырвона-белыя сьцягі і іншую сымболіку.

Забарону традыцыйнага Чарнобыльскага шляху пракамэнтаваў яшчэ адзін з арганізатараў акцыі, сябра стваранай партыі БХД Дзяніс Садоўскі:

«Гэта відавочнае парушэньне ўсіх грамадзянскіх правоў, і мы расцэньваем гэта як непавагу. Мы гэта не аднойчы бачылі і чулі з эфіру тэлебачаньня і з вуснаў прэзыдэнта, які неаднойчы нас абражаў. Але калі абражаюць чарнобыльцаў, якія таксама зьбіраліся прыняць удзел у гэтым шэсьці, то ўлады паказваюць, што яны не паважаюць нават трагедыю, якая адбылася. Гэта вельмі прыкра і яскрава сьведчыць, як сучасная ўлада ставіцца да чарнобыльскай праблемы».

Разам з палітычнымі партыямі і рухамі ўдзел у сёлетняй чарнобыльскай акцыі возьме таксама «Антыядзерная кампанія». Яе ўдзельніца Тацьцяна Новікава паведаміла:

«Беларуская антыядзерная кампанія сёлета ўпершыню далучаецца да „Чарнобыльскага шляху“, бо нашая кампанія накіраваная выключна на супрацьдзеяньне будаўніцтву небясьпечнага аб’екта ў нашай краіне. І мы ўдзельнічаем у „Чарнобыльскім шляху“, каб заклікаць увесь народ Беларусі сказаць сваё слова».

Як паведаміла Тацьцяна Новікава, у гатэлі «Арбіта» плянавалася правесьці круглы стол з удзелам навукоўцаў, дыпляматаў і палітыкаў, прысьвечаны Чарнобылю. Аднак ён не адбыўся — таксама з прычыны нібыта задымленасьці гатэльных памяшканьняў. Круглы стол па гэтай тэме прайшоў у сядзібе партыі БНФ. Аргкамітэт таксама плянуе наладзіць паездку ў чарнобыльскія рэгіёны 25 красавіка. Мітынг на плошчы Бангалор плянуюць пачаць 26 красавіка а 18:00.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG