Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску ўсё яшчэ шукаюць "лябараторыю з выбухоўкай"


падвал у доме аднаго зь меркаваных тэрарыстаў
падвал у доме аднаго зь меркаваных тэрарыстаў
Па справе аб выбуху ў менскім мэтро 11 красавіка зьяўляюцца новыя затрыманыя, і па Беларускім тэлебачаньні прагучала паведамленьне пра знойдзеныя ў іх дамох "лябараторыі", дзе нібыта выраблялася выбухоўкі. Але віцебскія міліцыянты ўсё яшчэ нешта шукаюць па сутарэньнях.

Пошукі "лябараторыі з выбухоўкай" дагэтуль вядуцца ў пяціпавярхоўках па вуліцы Рэпіна, дзе жылі затрыманыя ў справе тэракту. Мясцовая жыхарка распавядае пра ўбачанае:

"Шманалі" тое скляпеньне, чалавек 20 там было адных панятых толькі, міліцыі панаехала шмат… Кажуць, у кагосьці ў сарайчыку знайшлі плякат падазроны — мабыць, з партрэтам кагось з палітычных дзеячаў, дык таксама папалохалі, пасадзіўшы ў машыну. З таго дома людзі казалі, што ўсіх прымушалі ўсё адчыняць і паказваць".

Суседзі затрыманых кажуць, што ў агульных сутарэньнях нічога падазронага не заўважалі, а ў прыватных катушках, адведзеных для кожнай кватэры, наўрад ці можна наладзіць нейкую "лябараторыю". Катушкі маленькія, у некаторых няма сьвятла, усе памяшканьні сырыя і брудныя.

Увогуле многія жыхары Віцебску ня дужа давяраюць афіцыйнай інфармацыі, што злавілі сапраўды вінаватых у тэракце. Сумневы выклікае і тое, што затрыманыя прызналіся ў арганізацыі віцебскіх выбухаў 2005 году. Калі хлопцы сапраўды ўчынілі тыя злачынствы, а іх знайшлі толькі цяпер, то гэта сьведчыць пра дрэнную працу міліцыі, перакананая суседка:

"Значыцца, людзі гэтым займаюцца, пакуль недзе ня трапяцца. І нічога яны не баяцца, таму што выкрывальнасьць злачынстваў — нізкая! А яны жывуць сабе спакойным, нармальным жыцьцём, і нічога іх не абцяжарвае!"

Прафіляктыкай правапарушэньняў актыўна заняліся якраз цяпер — калі страшнае ўжо здарылася. У віцебскіх школах чакаюць праверак выхаваўчай працы, у сыстэме прафтэхадукацыі — двое затрыманых хлопцаў скончылі прафтэхвучэльні — пракуратура ўжо завяршыла праверку. Вынікі паказалі, што ўзровень прафіляктыкі правапарушэньняў нізкі — навучэнцы крадуць і рабуюць, іх затрымліваюць нецьвярозымі, зафіксаваныя асацыяльныя паводзіны ў сем’ях.

Што да сем’яў затрыманых у справе тэракту, то іх цяпер у Віцебску няма. У інтэрнэце зьявіліся зьвесткі, што іх нібыта "вывезьлі ў невядомым кірунку людзі ў цывільным". Зьвязацца з маці аднаго з хлопцаў удалося праз тэлефон, і яна сказала, што знаходзіцца на допыце:

"Ведаеце, вы мне ператэлефануйце. Я зараз у сьледчага".

Пазьней паразмаўляць са спадарыняй не ўдалося — яна кідала слухаўку. На гутарку з журналістам не пагадзілася і жонка яшчэ аднаго віцебскага хлопца, якога вінавацяць у тым , што ён дапамагаў вырабляць выбухоўку:
мне празь месяц радзіць, і я не хачу ўздымаць сабе нэрвы ...

"Не, ні на якія пытаньня я не адказваю. Я разумею, што гэта блізкі мне чалавек, але што я мушу пра яго казаць… Увогуле ў мяне цяпер ня той стан, каб з кімсьці размаўляць: мне празь месяц радзіць, і я не хачу ўздымаць сабе нэрвы".

З апошніх зьвестак у інтэрнэце вядома, што па справе менскага тэракту 11 красавіка ўжо арыштаваны і старэйшы брат аднаго зь першых затрыманых. Афіцыйнай інфармацыі сьледзтва пакуль не дае, імёнаў тых, каго вінавацяць і падазраюць, таксама не называе.

На віцебскіх прадпрыемствах і ва ўстановах праводзяцца прафіляктычныя гутаркі, каб супрацоўнікі не распаўсюджвалі чуткі і не дзяліліся зьвесткамі пра затрыманых з пабочнымі асобамі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG