Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лябедзька: такі шлях вядзе да Бэрлінскай сьцяны ўнутры краіны


Анатоль Лябедзька

Анатоль Лябедзька

"Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў мы дадэмакратызаваліся да таго, што ня толькі вас, але і мяне падташнівала. Было ўжо столькі "дэмакратыі", што проста ванітавала", — сказаў Аляксандар Лукашэнка ў сваім пасланьні.

Камэнтуючы выказваньні Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што залішняя дэмакратыя прывяла да трагічных падзеяў у Менску, старшыня АГП Анатоль Лябедзька сказаў:

"Натуральна, мы тут разыходзімся ў ацэнках таго, што было. Бо праблема Беларусі якраз у вострым дэфіцыце дэмакратыі. У ніводнай эўрапейскай краіне дэмакратыя не прывяла да праблемаў, якія ёсьць у Беларусі. І з пункту гледжаньня кіраваньня, і эканомікі, і сацыяльнай сфэры. Практыка паказвае, што якраз дэфіцыт дэмакратыі ці яе адсутнасьць па шмат якіх кірунках прывялі да таго. што мы мелі і што, відаць, яшчэ будзем мець наперадзе. А праблемы, якія былі ў выбарчай кампаніі, шмат у чым былі справакаваныя самой уладай. Бо яна адыходзіла ад заканадаўства, якое сама ўсталявала ў гэтай краіне".

Лукашэнка пагражае, што, маўляў, "ня ўдасца зламаць краіну, мы зьнішчым любую пятую ці 25-ю калёну". Што стаіць за такімі пагрозамі?

"Стратэгія, якая абраная беларускімі ўладамі, непрымальная і тупіковая. У такой сытуацыі патрэбныя былі імпульсы, пасылы для кансалідацыі і аб'яднаньня людзей у краіне вакол пазытыўных праграмаў. А ў нас спрабуюць аб'яднаць вакол нейкіх паўмітычных ворагаў. І гэта тупіковы шлях, бо ён завядзе краіну толькі ў тупік. Ён яшчэ больш будзе разьмяжоўваць людзей унутры краіны на сваіх і чужых. І гэта вядзе да Бэрлінскай сьцяны, якая будзе ўнутры краіны. Альбо да барыкадаў, якія зноў жа падзяляюць, а не аб'ядноўваюць".
XS
SM
MD
LG