Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валютны крызыс у Беларусі працягваецца. Ахвярамі яго перадусім становяцца імпартэры. Аўтадылеры – у іх ліку. Каб забясьпечыць працу аўтамабільных салёнаў, патрабуецца валюта. Аднак набыць даляры і эўра цяжка, што прымушае гандляроў пераглядаць ранейшыя кантракты, карэктаваць тэрміны пастаўкі, а ў шэрагу выпадкаў і трапляць у непрыгожую сытуацыю перад пакупніком. Паўстала пытаньне ўвогуле пра мэтазгоднасьць існаваньня крамаў новых аўто.

Паводле зьвестак Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі, летась толькі 7,5% увезеных у Беларусь легкавых аўтамашынаў былі новымі. Іншымі словамі, 15 тысяч машын ад 200 тысяч агульнай колькасьці. Тады жыцьцё гандлярам -- юрыдычным асобам -- сапсаваў мытны зьвяз, у рамках якога за ўзор была ўзятая расейская мадэль абкладаньня аўтатранспарту мытам, у выніку чаго новыя аўто моцна падскочылі ў кошце.
жыцьцё гандлярам -- юрыдычным асобам -- сапсаваў мытны зьвяз


Сёлета прапорцыя можа аказацца яшчэ больш сьціплай. Кіраўніцтва Дзяржаўнага мытнага камітэту ўжо заявіла, што за першы квартал з-за мяжы машынаў завезена столькі ж, колькі за ўвесь 2010-ы. Іншымі словамі, штомесяц дадаецца па 60-70 тысяч. Але новых аўто ў гэтай плыні – адзінкі: з-за дэфіцыту валюты ў фірмаў папросту няма магчымасьці абнаўляць мадэльны шэраг.

Днямі Нацыянальны банк заявіў пра скасаваньне абмежаваньняў на па-за біржавым рынку. Маўляў, на наступным тыдні Беларуская валютна-фондавая біржа правядзе альтэрнатыўныя таргі і вызначыць рэальны курс беларускага рубля да асноўных валютаў. Ці здолее гэта прывесьці да ажыўленьня ў аўтамабільнай сфэры? Цікаўлюся ў мэнэджэра міжнароднага аўтамабільнага холдынгу "Атлант-М" Ільлі Прохарава:

"Яшчэ вельмі мала часу прайшло, мы пакуль не гатовыя камэнтаваць. Бо ўсё роўна павінен мінуць нейкі час, каб усё прыйшло да пэўнай нормы. Але па бягучай сытуацыі нейкіх асаблівых зьменаў ня бачым…".

Карэспандэнт: "Якая зараз сытуацыя з продажам аўтамабіляў?".

"Ну што з продажам? Продажы ня вельмі добрыя. Дрэнныя продажы. Пакупніцкі попыт на новыя аўто з пэўных прычынаў зьнізіўся, а тут яшчэ праблемы з набыцьцём валюты дадаліся. Увогуле сярод нашых пакупнікоў ёсьць як юрыдычныя асобы, так і фізычныя асобы. Таму нам важна, каб і на валютнай біржы можна было валюту набыць, і каб людзі маглі нармальна пайсьці ў абменны пункт ці ў банк і таксама набыць
Продажы ня вельмі добрыя. Дрэнныя продажы
валюту. Не дзеля таго, каб з намі расплаціцца, бо мы, паводле заканадаўства, прымаем плацяжы ў беларускіх рублях. А найперш дзеля таго, каб нармалізавалася агульная абстаноўка".

Пры канцы сакавіка беларускія аўтадылеры былі вымушаныя прыпыніць продажы новых машынаў, і бальшыня фірмаў так іх і не аднавіла. Уведзенае Нацбанкам патрабаваньне пра 30-дзённае рэзэрваваньне сродкаў для набыцьця валюты (дагэтуль аналягічная працэдура займала дзень) прывяло да таго, што за месяц чаканьня ў чарзе бізнэс папросту спыняўся. Ад 1 красавіка гэта патрабаваньне было скасаванае, але пачаўся валютны крызыс.

Экспэрт у аўтамабільнай галіне Анатоль Шаўчэнка перакананы, што пры такім раскладзе аўтадылераў не чакае нічога добрага: "Зьмены будуць толькі тады, калі дылеры змогуць набываць валюту. Пакуль агульнага назоўніка няма і захоўваецца рознасьць курсаў, толку ня будзе. Мне расказалі ўвогуле дзіўны выпадак, калі бабка зь дзедам прывезьлі ў аўтасалён натуральна мех беларускіх грошай і спрабавалі прымусіць прадаць ім аўтамабіль па курсе Нацбанка. Маўляў, калі ў вас кошт стаіць у далярах, абавязаныя прадаваць па афіцыйным курсе, а ня тое паклічам падатковую. То бок знайшліся самыя разумныя.Зразумела, што
рознасьць курсаў не дае магчымасьці прадаваць і купляць па нармальных правілах
. Таму што ўрэшце ўтвараецца балота, а ў балоце вядома, хто водзіцца. І тут хтосьці сабе абавязкова зловіць добры прыбытак, таму што пры рознасьці курсаў за наяўны разьлік адна арытмэтыка, за безнаяўны – іншая. То бок, гэта дае магчымасьць камусьці мець вельмі вялікія даходы, а камусьці, каб зрабіць пакупку, давядзецца дастаць з кішэні апошні рубель".

Экспэрты аўтамабільнага рынку перакананыя, што нават пры лепшым раскладзе аўтадылеры будуць вымушаныя фармаваць сваю цэнавую палітыку, сыходзячы з курсу пакупкі валюты на па-за біржавым рынку. З улікам, што біржавы курс даляра экспэрты прагназуюць на 20-30% вышэй за вызначаны Нацыянальным банкам, можна меркаваць, што як мінімум на 20% падскочаць і кошты на новыя аўтамабілі.
XS
SM
MD
LG