Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Чарнобыль-Фукусіма-Астравец: ці нам гэта трэба?”


Пашпарт аб’екта на пляцоўцы будаўніцтва Астравецкай АЭС.

Пашпарт аб’екта на пляцоўцы будаўніцтва Астравецкай АЭС.

Астравецкі райвыканкам забараніў пікет, прысьвечаны 25-м угодкам аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Імпрэза пад лёзунгам “Чарнобыль-Фукусіма-Астравец: ці нам гэта трэба?” мусіў адбыцца ў адным з цэнтральных вуліц Астраўца. Пікет супраць будаўніцтва АЭС у абласным цэнтры плянуюць правесьці гарадзенскія актывісты.

Заяўнікам пікету ў Астраўцы стаў сябра АГП зь мястэчка Варняны Мікалай Уласевіч. Плянавалі правесьці інфармацыйную кампанію ў Астраўцы, але ўлады забаранілі гэта зрабіць. Адмову ў правядзеньні акцыі райвыканкам патлумачыў парушэньнем парадку падачы заявы. Але гэта зусім ня так, -- сьцьвярджае Мікалай Уласевіч:

"Адмова абсалютна незаконная, бо паводле заканадаўства заяву я мусіў падаваць не пазьней, чым за 15 дзён, а я падаў за 19. З гэтай нагоды я зьвяртаюся ў суд, а перад гэтым зайду ў выканкам – чым яны патлумачаць гэтае свавольства?".

Мікалай Уласевіч таксама адзін з заснавальнікаў мясцовай ініцыятывы "Астравецкая атамная – гэта злачынства". Для варнянцаў тэма АЭС актуальная яшчэ і з тае прычыны, што будаўнічая пляцоўка электрастанцыі разьмешчаная на адлегласьці 3-4 кілямэтраў. Перашкоды ўладаў у антыядзерных ініцыятывах спадар Уласевіч камэнтуе гэтак:

"Я лічу, што ўлада ўжо усё даўно вырашыла за нас і ня лічыць патрэбным, каб тут хтосьці станавіўся на іх шляху. Яны ня хочуць, каб мы тут ім каламуцілі ваду, бо разумеюць, што яны ня маюць рацыі. А калі мы распачнём вэрхал, дык ён можа прынесьці ім вялікую шкоду. Вось чаму яны робяць гэта прэвэнтыўна".

Пікет супраць будаўніцтва атамнай АЭС у 25-ю гадавіну аварыі ў Чарнобылі плянуюць таксама правесьці гарадзенскія актывісты. З адпаведнай заяўкай у гарадзенскі выканкам зьвярнуліся сябры Партыі БНФ. Яны намерваюцца інфармаваць гарадзенцаў пра наступствы Чарнобылю, пра аварыю на АЭС у Японіі, а таксама пра магчымыя наступствы будаўніцтва ядзернай станцыі ў Астраўцы. Гаворыць адзін з заяўнікаў Вадзім Саранчукоў:

"Апошнімі гадамі ніякіх заявак на акцыі мы ўвогуле не падавалі, акрамя выбараў, бо заўсёды адмаўляюць. Паспрабуем сёлета, бо гэта тэма вельмі актуальная. Яна вельмі балючая для грамадзтва і мусіць быць асьветленая як дзяржаўнымі, так і грамадзкімі актывістамі. Калі ж у нас ня будзе на гэта дазволу, то ўсё роўна – матэрыялы у нас ужо вырабленыя, і мы абавязкова іх распаўсюдзім. Адзінае, што не хачу паведамляць, якім менавіта чынам, каб запабегчы магчымым супрацьдзеяньням".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG