Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Неўязная судзьдзя Комар засудзіла праваабаронцу Левінава


20 кастрычніка позна ўвечары у судзе Фрунзэнскага раёна Менска завяршыліся судовыя працэсы супраць актывістаў грамадзкай арганізацыі “Наш дом” Вольгі Карач, Паўла Станеўскага, Алега Баршэўскага і праваабаронцы БХК Паўла Левінава. Усе яны абвінавачваліся ў нецэнзурнай лаянцы, але выракі атрымалі розныя.

Два міліцыянты – маёр Шакавец і старшы лейтэнант Кавалеўскі – хадзілі з працэса ў працэс і завучанымі фразамі сьведчылі на грамадзкіх актывістаў, як тыя нібыта брыдкасловілі. Іх чуйнае вуха фіксавала лаянку апазыцыянэраў і на вуліцы Данілы Сердзіча ў Менску, і ў будынку Фрунзэнскага РУУС. Нягледзячы на тое, што ў паказаньнях яны блыталіся, што ў складзеных пры іхным удзеле пратаколах былі нестыкоўкі, судзьдзі ўпарта аддавалі перавагу ім, а не апазыцыянэрам.

За выключэньнем аднаго выпадку, калі судзьдзя Вольга Комар накіравала на дапрацоўку матэрыялы супраць гарадзенскага актывіста Паўла Станеўскага.

Апошні, які быў цалкам перакананы ў фальсыфікацыі сваёй справы, такому рашэньню нават зьдзівіўся. Яго ў ліку 18 актывістаў “Нашага дому” адвезьлі ў аўторак у Фрунзэнскі РУУС Менска нібыта для высьвятленьня асобы, але адрозна ад большасьці ў той жа дзень яго не адпусьцілі:

“Справа ў тым, што я адрозна ад іншых адмовіўся даваць паказаньні, і яны пачалі мяне прэсаваць гэтым артыкулам 17/1 “Хуліганства”.

Абсалютна такая ж сытуацыя, як у Станеўскага, складвалася і на працэсе віцебскага праваабаронцы Паўла Левінава – тая ж пара сьведкаў-міліцыянтаў гэтак жа блыталася ў паказаньнях, пратаколы не сыходзіліся па часе, і тая ж судьдзя Комар дапытліва вяла працэс. Але вынік быў зусім іншы. Комар засудзіла праваабаронцу да 10 сутак арышту і не дазволіла адтэрмінаваць пакараньне, каб той мог знайсьці сабе замену для догляду за ягонай састарэлай маці, якая адна засталася ў Віцебску.

Судзьдзя Комар вядомая тым, што яна вынесла першы жорсткі прысуд за Плошчу Васілю Парфянкову, за што стала неўязной у Эўразьвяз і ЗША.

Комар не зьвярнула ўвагі на заявы пра парушэньне правоў Левінава, працэсуальных і чалавечых, аб якіх той голасна казаў:

“Хіба гэта не катаваньне? Я апошні раз еў у 8 гадзін раніцы ўчора, я апошні раз спаў таксама ўчора раніцай. Паўтары суткі ў мяне макавай расінкі не было ў роце. Яны кажуць: законам не прадугледжана”.

Раніцай 19 красавіка ў тым жа Фрунзэнскім РУУС быў складзены пратакол на Левінава паводле падазрэньня аб учыненьні ім менскага тэракту. Нейкага руху гэты дакумэнт не атрымаў. Але і ануляваны ён ня быў, -- сказаў сам правабаронца перад вынясеньнем адміністратыўнага прысуду:

“Мяне ад таго пратаколу не вызвалялі. Таму я не выключаю такой магчымасьці, што мяне зараз апраўдаюць па адміністратыўнай справе, а пайду я далей адбываць тэрмін па крымінальнай”.

Калега спадара Левінава старшыня БХК Алег Гулак пасьля вынясеньня прысуду спадарыняй Комар з сумам канстатаваў:

“Я шмат бачыў незаконных прысудаў, але настолькі непрыгожа незаконных я бачыў мала. Гэта, на маю думку, зьдзек над правасудзьдзем і непрыхаваны ціск на праваабаронцу”.

Пра жорсткія ўмовы абыходжаньня ў Фрунзэнскім РУУС учора заявіла і Вольга Карач, засуджаная за тую ж лаянку да штрафу памерам у 700 тысяч рублёў. Адзін з міліцыянтаў у пастарунку абражаў і біў яе, сказала спадарыня Карач:

“Да мяне ён зьвяртаўся двума словамі: “сука” і “чмо”. Потым пачаў мяне біць па правай шчацэ з усёй сілы і крычаў: “Што ты, сука, на мяне глядзіш?” Перад гэтым ён матам крычаў што згвалтуе мяне і будзе на мяне мачыцца…”

Заявы затрыманых аб катаваньнях і парушэньні іх правоў у пастарунку судзьдзямі былі праігнараваныя. Як і шматлікія іх сьведчаньні, што менавіта міліцыянты груба брыдкасловілі, у чым яны цынічна абвінавацілі грамадзкіх актывістаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG