Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чарнобыльскі шлях» будзе «чарнобыльскім стаяньнем»


Пляцоўка на плошчы Бангалор, дзе дазволены сёлетні «Чарнобыльскі шлях».

Пляцоўка на плошчы Бангалор, дзе дазволены сёлетні «Чарнобыльскі шлях».

26 красавіка адбудзецца мітынг ля канцэртнай пляцоўкі ў парку Дружбы народаў. Напярэдадні менскія ўлады забаранілі шэсьце, якое заяўнікі плянавалі пачаць ад пляцоўкі ля Акадэміі навук, таксама яны не дазволілі правесьці мітынг ля Чарнобыльскай капліцы.

На пасяджэньні 20 красавіка аргкамітэт ухваліў кампраміс: мітынг у парку Дружбы народаў пачнецца а 18-й гадзіне. Жадаючыя змогуць таксама пайсьці да Чарнобыльскай капліцы, каб ускласьці кветкі. Аднак агульнага шэсьця да капліцы не плянуецца. Пра гэта распавёў старшыня аргкамітэту «Чарнобыльскага шляху» Юры Хадыка:

«Фактам зьяўляецца тое, што Менгарвыканкам парушыў нашы канстытуцыйныя правы, зьмяніў форму правядзеньня гэтай імпрэзы, забараніў нам фактычна шлях. Але, дзякуй богу, дазволіў мітынг. Толькі масавы мітынг будзе адпаведным той падзеі, якую мы адзначаем — 25-м угодкам чарнобыльскай трагедыі. Мы прымем усе захады, каб міліцыя вяла сябе прыстойна, ня ўмешвалася, не забірала ні сьцягоў, ні транспарантаў. Мінімум, які нам дазволілі — гэта мітынг на канцэртнай пляцоўцы парку Дружбы народаў».

Спадар Хадыка сёньня меў сустрэчу з прадстаўнікамі праваахоўных органаў. Ён кажа, што ўдалося дамовіцца, каб міліцыя падчас акцыі была выключна ў форме. Аднак удзельнікаў мітынгу прапусьцяць праз мэталяшукальнік, з чым арганізатарам давялося пагадзіцца. Адносна таго, чым будзе адметны «Чарнобыльскага шлях» 2011 году, Юры Хадыка сказаў:
Першая чарнобыльская акцыя — гэта было менавіта стаяньне тады яшчэ на плошчы Леніна вясной, у красавіку 1989 году.

«Ён адметны ўжо тым, што ўпершыню з 1989 году гэта ня шлях, а стаяньне. Першая чарнобыльская акцыя — гэта было менавіта стаяньне тады яшчэ на плошчы Леніна вясной, у красавіку 1989 году. І толькі праз паўгоду мы арганізавалі шлях. Зразумела, што будзем прыкладаць намаганьні, каб у далейшым вярнуцца да традыцыйнай формы адзначэньня гэтай падзеі, нагадваць грамадзтву пра тую небясьпеку, якая ўвесь час вісіць над нашым народам. Але цяпер галоўнае сабраць як мага больш людзей, пераадолець страх, які быў народжаны гэтай брутальнай расправай 19 сьнежня. І паказаць, што мы выжылі, выстаялі і працягваем супрацьстаяньне рэжыму».

Былы кандыдат у прэзыдэнты, прадстаўнік Партыі БХД Віталь Рымашэўскі, які браў удзел ў пасяджэньні аргкамітэту, адзначыў, што плошча Бангалор «нельга сказаць што прымальны варыянт, але гэта дапушчальны кампраміс у сёньняшняй сытуацыі».

Рымашэўскі: «У сёньняшніх варунках, асабліва пасьля трагічных падзей у мэтро, ня варта правакаваць. Зразумела, што беларуская ўлада і сілавыя структуры выкарыстоўваюць гэты выпадак, каб націснуць і зьменшыць да мінімуму ўсе магчымыя праявы свабодаў і правоў чалавека ў Беларусі. У тым ліку права на правядзеньне свабодных шэсьцяў. Сёньня яны настойвалі, каб гэта была пляцоўка ля сцэны і сама гэта плошча Бангалор. Прынятае рашэньне, што там будзе праходзіць мітынг, і гэта правільна».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG