Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Так вядомы амэрыканскі крытык Бэн Брантлі піша пра спэктаклі “Свабоднага тэатру” ў Нью Ёрку.

“Свабодны тэатар” зьявіўся ў Нью Ёрку напачатку студзеня, некаторым зь яго ўдзельнікаў прыйшлося літаральна ратавацца ўцёкамі зь Беларусі пасьля ўдзелу ў падзеях 19 сьнежня. Тэатральнай трупе, акторы і рэжысэр якой у Беларусі страцілі працу, свае пляцоўкі далі некалькі амэрыканскіх тэатраў у Нью Ёрку і Чыкага. Вось што кажа, у прыватнасьці, Мія Ё, мастацкі дырэктар тэатру La MaMa: “Для нас прывілей быць часткай сусьветнай тэатральнай супольнасьці, якая дапамагае гэтай адважнай трупе расказваць іх гісторыю”.

Гледача з вольнага сьвету перадусім уражваюць чалавечыя гісторыі з тэрыторыі дыктатуры (“Спасьцігаючы каханьне”, п’еса Мікалая Халезіна паводле рэаліяў лёсу Анатоля і Ірыны Красоўскіх, або спэктакаль Уладзімера Шчэрбаня “Быць Гаральдам Пінтэрам”, дзе лісты беларускіх палітзьняволеных чаргуюцца з урыўкамі Нобэлеўскай прамовы славутага брытанскага драматурга Пінтэра). У спэктаклі “Зона маўчаньня” акторы ўвасабляюць лічбы статыстыкі сучаснай Беларусі сваімі аголенымі целамі.

Выступ "Свабоднага тэатру". Здымак з газэты The New York Times

“Зьмест іх твораў – разбуральны, надзея прыходзіць з глыбокай, вынаходлівай і нязгаснай творчасьці, -- піша ў New York Times Бэн Брантлі і рэкамэндуе, -- Іх мусіць паглядзець кожны, хто хоча пацьвярджэньня актуальнасьці і жыцьцяздольнасьці тэатру як віду мастацтва”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG