Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарвыканкам праігнараваў заявы наконт акцый салідарнасьці


Віктар Калесьнік і Яўген Парчынскі

Віктар Калесьнік і Яўген Парчынскі

Мясцовыя актывісты ў належны тэрмін падалі ў Полацкі і Наваполацкі гарвыканкамы заяўкі наконт правядзеньня акцый салідарнасьці з палітвязьнямі 19 красавіка. Аднак адказу так і не дачакаліся.

Лістоў з дазволам або адмовай не атрымалі ні палачанін Віктар Калесьнік, ні жыхар Наваполацку Яўген Парчынскі. Хоць, паводле заканадаўства, мясцовыя ўлады мусяць даць адказ не пазьней як за 5 дзён да заплянаванай імпрэзы.

«Раней мы таксама зьвярталіся ў гарвыканкамы, каб правесьці акцыі салідарнасьці з пакаранымі ды зьняволенымі пасьля падзей у дзень прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня. Тады нам адмаўлялі з розных прычынаў, а цяпер увогуле ігнаруюць нашы заяўкі. Мы будзем разьбірацца, чаму нам не далі адказаў, і, верагодна, пісаць скаргі», — кажа адзін з актывістаў аб’яднаньня «Свабодны рэгіён» Віктар Калесьнік.

І ў Полацку, і ў Наваполацку былі таксама пададзеныя заяўкі на правядзеньне акцый да ўгодкаў Чарнобылю 26 красавіка. Пакуль адказаў няма і на іх, хоць прадугледжаныя заканадаўствам тэрміны ўжо сканчаюцца.
XS
SM
MD
LG