Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За меркаваньні і вэрсіі – папярэджаньні пракуратуры


Рэдактары незалежных рэгіянальных выданьняў "Бабруйскі кур'ер" і "Вольны горад" атрымалі пракурорскія папярэджаньні за публікацыі, прысьвечаныя тэрарыстычнаму акту ў менскім мэтро 11 красавіка. Напярэдадні Генэральная пракуратура, Міністэрства інфармацыі і КДБ вынесьлі папярэджаньні таксама газэтам "Наша ніва", "Народная воля" і рэдактару інтэрнэт-сайту "Салідарнасьць" Аляксандру Старыкевічу.

Папярэджаньне рэдактару "Бабруйскага кур'ера" Анатолю Санаценку намесьнік пракурора Ленінскага раёну Анатоль Кабернік падпісаў 12 красавіка і спрабаваў уручыць яго пэрсанальна цягам двух наступных дзён. Калі журналіст адмовіўся яго прыняць, то ліст прыйшоў па пошце. Гэтае папярэджаньне — адзін са складнікаў ціску на незалежных калегаў-журналістаў зь Менску, які распачаўся пасьля тэракту ў мэтро, кажа спадар Санаценка:

"Гэта ўсё адна і тая ж гісторыя, проста Старыкевіча знайшлі, а мяне — не, і даставілі папярэджаньне толькі зараз. Магу сказаць, што я яго буду абскарджваць".

Анатоля Санаценку папярэдзілі за выказваньні ў блогу на сайце "Беларускі партызан", дзе журналіст падтрымаў заявы кіраўніка краіны, што ў трагічных падзеях 11 красавіка ў Менску вінаватая дзейная ўлада.

Рэдактару незалежнай газэты "Вольны горад" Сяргею Няроўнаму пракурор Крычаўскага раёну вынес афіцыйнае папярэджаньне за артыкул "Чорныя дні", дзе аўтар крытыкуе дзеяньні ўладаў, зьвязаныя з выбухам у мэтро. Гаворыць Сяргей Няроўны:

"Я пытаюся ў пракурора: дык што — цяпер крытыка ўвогуле забароненая? У якіх нарматыўных актах яна забароненая? Дзе паклёп, дзе абразы? Ён кажа — паглядзіце там у першым абзацы. Кажу — і што там? А, не, кажа, — у другім. Гэткім чынам сам блытаўся, адносна чаго вынес папярэджаньне. Я лічу — і пракурору пра гэта казаў — што тут спэцслужбы больш кіруюць. Пракурор, натуральна, гэта адмаўляў, казаў, што з уласнай ініцыятывы вынес папярэджаньне, калі прачытаў сьвежы артыкул, але я яму ня веру".

Чарговае папярэджаньне намесьнік генэральнага пракурора Беларусі Мікалай Кукліс вынес тыднёвіку "Наша ніва" за публікацыю артыкула "Палкоўнік Барадач: выбухоўку падклалі супрацоўнікі адной са спэцслужб". Прадстаўнік пракуратуры перадаў папярэджаньне рэдактару "Нашай нівы" Андрэю Скурко ў рэдакцыі газэты, узяўшы тлумачэньне па факце публікацыі, паведаміў "Свабодзе" Андрэй Скурко:

"У тлумачэньні мы напісалі нашае бачаньне гэтых падзей, што газэтная паласа "Камэнтары і меркаваньні" для таго і прызначаная, каб на іх зьмяшчаліся розныя меркаваньні адносна важных для грамадзтва падзей. Што гэтым матэрыялам мы ніякім чынам не спрабавалі сеяць страх і паніку ў грамадзтве і тым больш дыскрэдытаваць нейкія грамадзкія органы і органы ўлады. На маю думку, гэты матэрыял нічым не парушаў існыя законы. Аспрэчыць гэтае папярэджаньне можна ў генэральнага пракурора, паколькі папярэджаньне вынес намесьнік. Адпаведна, мы будзем яго аспрэчваць".

Напярэдадні галоўнага рэдактара "Нашай нівы" выклікалі ў КДБ і папярэдзілі аб адказнасьці за разгалошваньне матэрыялаў сьледзтва па справе аб тэракце 11 красавіка. Паводле публікацыяў на гэтую ж тэму папярэджаньне "Нашай Ніве" вынесла таксама і Міністэрства інфармацыі. Сытуацыю камэнтуе юрыст грамадзкай арганізацыі БАЖ Андрэй Бастунец:

"Самая колькасьць папярэджаньняў, вынесеных незалежным выданьням апошнім часам, выклікае шэраг пытаньняў. На мой погляд, дзяржава звузіла прастору свабоды выказваньня. І вось гэтыя парушэньні — яны не адпавядаюць ні міжнародна-прававым абавязаньням Рэспублікі Беларусь у галіне свабоды выказваньня, ні нават Канстытуцыі краіны. Гэта празьмернае ўмяшаньне дзяржавы ў свабоду выказваньняў і меркаваньняў. Шэраг гэтых папярэджаньняў вынесеныя за выказваньні і меркаваньні, права на якія гарантаванае артыкулам 33 Канстытуцыі краіны".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG