Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Іван Шыла: «У нашай частцы падазроны ня мог навучыцца выбуховай справе»


Іван Шыла

Іван Шыла

Маладафронтавец Іван Шыла, які служыў у войску з асноўным падазроным у справе тэракту ў мэтро, на 99% перакананы, што гэта ён фігуруе на відэа, якое дэманструе сьледзтва.

«У нас не было курсаў па вывучэньні выбуховых прыстасаваньняў», — паведаміў «Свабодзе» актывіст «Маладога фронту» з Салігорску Іван Шыла, які, як выявілася, служыў з асноўным падазроным у справе тэракту ў адным дывізіёне ў вайсковай частцы пад Лепелем. 20 красавіка пра такія курсы паведаміў адзін з інтэрнэт-рэсурсаў:

«Гэта лухта. Магчыма, гэта ўласьціва нейкім сапёрным часткам, але ў нас такога не было і не было такіх пасадаў, каб дзеля іх рыхтаваць адмыслоўцаў у выбуховай справе. Таксама не было такога, што ён нібыта ўдзельнічаў у нейкай масавай бойцы. І яшчэ пішуць, што яго панізілі ў званьні — таксама няпраўда. Даволі хутка ён атрымаў званьне малодшага сяржанта, а вышэй яго проста не падымалі. Не ўяўляю, адкуль узялася такая інфармацыя».

Паводле Івана Шылы, які служыў у 2009 годзе, у іхнім дывізіёне было больш за 40 чалавек. «Шмат каго зь іх зараз выклікаюць на допыты, у тым ліку па некалькі разоў», — кажа Іван Шыла, які праз інтэрнэт рэгулярна зьвязваецца з былымі таварышамі па службе і ад іх даведаўся, што малодшага сяржанта К. арыштавалі як падазраванага ў тэракце. Сам Іван Шыла зараз вучыцца ў Польшчы, і таму на допытах у справе тэракту ён ня быў.

Пытаюся ў Івана Шылы, ці пазнаў ён свайго таварыша па службе К. на відэа, якое ў інтэрнэце фігуруе як прадстаўленае сьледзтвам:

«Так, 99%, што гэта ён. На першым кавалку дрэнна бачна, але на апошнім, калі ён выходзіць з мэтро пасьля выбуху, там дакладна ён. Малаверагодна, што нехта гэтак да яго можа быць падобны».

Карэспандэнт: «Зараз шмат хто зьдзіўляецца, чаму тэрарыст, які сплянаваў і ажыцьцявіў такое злачынства, гэтак неразумна сябе паводзіў пасьля. „Засьвяціўся“ на відэа, не зьмяніў вопратку, увогуле ня зьехаў недзе далёка, а пайшоў піць гарэлку. Калі тэрарыст — сапраўды твой таварыш па службе К., ці гэта можна патлумачыць нейкімі ўласьцівымі яму асаблівасьцямі?».
Я б не сказаў, што ён меў нейкія асаблівыя лідэрскія якасьці, каб пераканаць людзей зрабіць злачынства.

«Не, я не магу. Я не экспэрт. Для мяне галоўнае пытаньне, калі гэта сапраўды ён, — якой была ягоная матывацыя. Прыкладам, ведаючы яго, мне ня вельмі верыцца ў агучаны матыў, што ён хацеў забіць як мага больш людзей. Бо быў ён такі ўсё ж трохі баязьлівы, безыніцыятыўны. Плюс, калі ідзе гаворка пра нейкую групу людзей, якая ўсьведамляла, што яны робяць, калі гэта была плянаваная акцыя, то я б не сказаў, што ён меў нейкія асаблівыя лідэрскія якасьці, каб пераканаць людзей зрабіць злачынства, якое прадугледжвае сьмяротнае пакараньне. Але, з другога боку, калі я даведаўся, што яго арыштавалі, то нешта падказала, што сам ён мог гэта зрабіць. Хаця нават цяжка сказаць, што дакладна».

Іван Шыла згадаў пра свайго таварыша па службе, што той выяўляў нядрэнныя веды ў хіміі, асабліва ў тым, з чаго складаюцца тыя ці іншыя рэчы. Таксама К., паводле Івана Шылы, сам заводзіў размовы пра выбух у Менску ў 2008 годзе на Дзень незалежнасьці. «Пытаўся, што я пра гэта думаю, хто б гэта мог быць і ці зловяць злачынцаў». Калі б ня арышт, пра тыя размовы ён бы, магчыма, і не згадаў, мяркуе Іван Шыла.

Іван Шыла ведае з інтэрнэту, што днямі быў арыштаваны і бацька К., які быў гадзіньнікавым майстрам. Нагадаю, паводле афіцыйных крыніц выбуховае прыстасаваньне, якое грымнула ў Віцебску ў 2005 годзе, было начыненае часткамі ад гадзіньнікаў. Зараз у інтэрнэце зьявіліся зьвесткі пра тое, што ў доме К. у 2005 годзе праводзіўся ператрус — тады абшуквалі кватэры ўсіх гадзіньнікавых майстроў гораду. Ці чуў што пра гэта Іван Шыла ад свайго таварыша па службе? Паводле Івана Шылы, К. альбо ўвогуле не распавядаў пра сваіх родных, альбо казаў такое, што ніяк не запомнілася.

Празь дзень, 21 красавіка, будзе 10 дзён ад тэракту. Ці магчыма, што затрыманым выставяць абвінавачаньне, і колькі ўсяго затрыманых у гэтай справе? У прэсавай службе пракуратуры Беларусі на гэтыя пытаньні не адказваюць. Кіраўнік прэсавай службы Пётар Кісялеў:

«Нічога не магу казаць. Дадуць мне зьвесткі, тады…Дакладней, вы ж заўважылі, што ня мы даем камэнтары, а сябры сьледчай групы».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG