Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзёньнік пісьменьніка: савецкія людзі


“Новае пакаленьне савецкіх людзей будзе жыць пры камунізме” — напісаў я ў сваім апавяданьні, але рэдактар выкрэсьліў слова “савецкіх”. Пазбавіўшы страву солі. Разумею: ён западозрыў адценьне іроніі, бо з камунізмам нічога не атрымалася. Але я проста перапісаў папулярны лёзунг хрушчоўскіх часоў. Камунізм жа чакаў савецкіх людзей, не амэрыканскіх. Ён не наступіў, але савецкія людзі засталіся…

Нібы-бронзавая фарба


Некаторыя сёньня любяць беларусаў за тое, што яны савецкія людзі. Зразумела: запалоханыя, затуруканыя, рахманыя, зь якімі можна рабіць што хочаш і колькі хочаш, як заманецца — кіраваць імі. Так, авечкі, статак, якому без пастуха з пугай аніяк. Гэтую савецкасьць у іх штучна замацоўваюць, пакрываюць бронзавай фарбай, проста паверх іржы, закарэласьці. Усё лепшае ў нас — савецкае! Дзякуй партыі і ўраду! Калі б беларус ня трапіў у савецкія жорны, жалезныя абдоймы, у яжовыя рукавіцы, ён быў бы значна горшым, дрэнным, сапсаваным, нікуды ня вартым!!!

Жуйка з абцаса: беларусы нарадзіліся як годныя людзі, як новы тып чалавека ў слаўным 1917-м!.. Але яны якімі былі, такімі засталіся. Працавітасьць, трывушчасьць, памяркоўнасьць ім заўсёды былі ўласьцівыя. Рабская пакора — таксама, толькі што бальшавікі яе вельмі ўмацавалі, “заплечных справаў” майстры былі знакамітыя.

Як жыць не высоўваючыся, ня маючы свайго голасу, нямым, каб не сказаць нечага лішняга? Як ня жыць нармальна, а ўвесь час выжываць? Існаваць у прыніжаным стане, калі з табой ня лічацца, калі ты нічога ня значыш?
Мімікрыя: гаварыць адно, думаць другое, а рабіць трэцяе. Прыстасоўвацца выжываць у неспрыяльных умовах, у варожых, у нялюдзкіх. Калі вечна ўсяго не хапае, шэрай туалетнай паперы… Вось гэта наш савецкі чалавек. Малаток, выжыў, захаваўся! Але ўстаўляць у залатую рамку, брава крычаць, салюты яму?!

Антысавецкі


Савецкі — значыцца не беларус, бо стаўшы савецкім як мае быць, адчувалі неадольную прагу звацца рускімі, душылі ў сабе беларускія праявы, вядома ж са сваім языком мулкім, з акцэнтам змагаліся! Гэта была грамадзянская вайна з самім сабой! Быць савецкім — не хацець быць беларусам, цурацца спачатку, саромецца, затым грэбаваць, ненавідзець! Бо страціць нацыянальнасьць, адметнасьць сваю — галоўным было ў плянах партыі, якой заманулася зрабіць усіх русакамі, хаця б самых падатных, нас.

Існуюць антонімы — несавецкі, антысавецкі. Савецкі — пакора, чэргі. Несавецкі — свабодалюбны, нескароны. Таксама жуйка, але як не паўтарыць: каб беларусы адчувалі сябе народам, яны б не праглынулі моўчкі чарнобыльскі жах і зьдзек у той час, калі зь імі абышліся як з каляніяльным насельніцтвам. І не назваў бы Беларусь наш пісьменьнік Алесь Адамовіч “Вандэяй перабудовы”.

Каб беларусы мелі гонар, яны б не спалохаліся незалежнасьці і ня румзалі па страце крамлёўскага кіраўніцтва і ленінскай муміі, якая з роднай маці зрабілася замежнай цёткай. Яны б не стагналі па СССР, выклікаючы яго з магілы. Атрымалася! У якасьці фарсу, само сабой. І вось працягваюць існаваць з прыгнутай галавой, што праўда туалетная папера зьявілася на прылаўках. Дзякуй Госпаду! — як часта чуем з тэлевізара.

Бязмоўныя, баязьлівыя


Узяць “усенародны сход упаўнаважаных”. Вось гэта трыумф савецкасьці: некалькі тысяч шчасьлівыя любой недарэчнасьці з трыбуны, пляскаюць радасна кожной абразе, якая гучыць на адрас тых, хто не жадае быць савецкім, хто змагаецца за сваю беларускасьць. Вось дзе пануе аднадушша па-савецку, атмасфэра нават не апошніх з’ездаў КПСС, яшчэ ранейшых — хрушчоўскіх, сталінскіх.

Ведаю чалавека, які быў прызначаны дэлегатам першага такога “ўсенароднага сходу”. Пятнаццаць гадоў таму было гэта. Сярод плоймы некалькі чалавек адмовіліся галасаваць за пачутае з трыбуны. Ім было загадана ўстаць! І яны ўсталі і стаялі годна “пад агнём” тысяч вачэй. Не, яны не наважыліся галасаваць тады супраць, яны толькі ўстрымаліся, але выразна засьведчылі сваю пазыцыю. Вось гэта — сапраўдныя беларусы, астатнія —савецкія людзі. Мой знаёмы быў сярод тых сьмелых, прычым працаваў ён на ня менш афіцыйнай службе, чымсьці большасьць “дэлегатаў”. Але не збаяўся.

Днямі прачытаў у камэнтарах: “Саўдэпія — царства хама, яна так была задумана. Трэба хама гэтага зь сябе выцкоўваць. Але мяркуючы па ўсім, хутка гэта не адбудзецца”. Не паспрачаешся, на жаль.

Мяне самога заўжды прыгнятаў савецкі камень у душы беларусаў, у сваіх творах я рытарычна выгукаў: колькі можна быць шэрымі, савецкімі, банальнымі, ні рыба ні мяса?! Мне ніякавата, што сёньня нехта можа з замілаваньнем казаць: люблю нашых людзей за тое толькі, што яны савецкія…
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG