Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Акуляры для Андрэя Пачобута


Андрэй Пачобут
Андрэй Пачобут
Журналіст "Газэты выборчай" Андрэй Пачобут атрымаў магчымасьць чытаць. Аксана Пачобут паведаміла, што нарэшце ўдалося перадаць мужу ў сьледчы ізалятар гарадзенскай турмы акуляры. У яго блізарукасьць.

"Патрэбна была даведка, што ў яго дрэнны зрок, проста так акуляры не ўзялі. Сказалі зрабіць ксэракопію з мэдычнай карткі альбо пайсьці да акуліста", — удакладніла жонка журналіста. Ёй удалося знайсьці рэцэпт на акуляры, якія Андрэй выпісваў у доктара. "З гэтай даведкай іх узялі, бо патрэбна абавязкова пацьверджаньне, што яму сапраўды патрэбныя акуляры", падсумавала Аксана Пачобут.

Яна атрымала першы ліст ад мужа: "Звычайны ліст, нічога ён не пісаў —холадна там ці не. Сказаў, што ўсё нармальна ў яго, наколькі можа быць там нармальна. Ліст ён напісаў 13 красавіка, а прыйшоў ён толькі цяпер. Па-мойму, іх чатыры чалавекі ў камэры, але гэта адвакат казаў".

На імя сьледчага абласной пракуратуры Арсенія Нікольскага Аксана Пачобут даслала экспрэс-поштай хадайніцтва аб сустрэчы з мужам. Могуць дазволіць, а могуць не, лічыць Аксана Пачобут. Яна спадзяецца ў бліжэйшым часе атрымаць адказ з пракуратуры.

Аксана Пачобут кажа, што цяпер прыхварэла меншае дзіця — сын Яраслаў, якому год. Калі ёй трэба да адваката альбо па іншых справах, то прыяжджаюць родныя, каб пабыць з малым, кажа яна.

Андрэй Пачобут — кіраўнік Галоўнай рады Саюзу палякаў, не прызнаванага ўладамі. Яго пасадзілі ў сьледчы ізалятар Гарадзенскай турмы № 1 па абвінавачаньні ў абразе прэзыдэнта (артыкул 368 Крымінальнага кодэксу РБ), супраць яго распачата сьледзтва таксама па артыкуле 367 КК — "паклёп на прэзыдэнта". У аснове справы — публікацыі Андрэя Пачобута, большая частка якіх узятая з варшаўскай "Газэты выборчай", а таксама зь яго прыватнага блогу і з сайту "Белорусский партизан".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG