Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусь не пусьцілі інфармацыйнага памочніка прадстаўніка Міжнароднай назіральнай місіі Камітэту па кантролі за сытуацыяй з правамі чалавека Марыну Цапок. Пра гэта паведамляе прэс-служба Міжнароднай назіральнай місіі.

20 красавіка каля чатырох гадзін раніцы Марына Цапок была затрымана пры перасячэньні ўкраінска-беларускай мяжы. Праваабаронцу зьнялі зь цягніка, які ішоў з Кіева, на беларускай пагранзаставе "Цяруха". Памочнік апэратыўнага дзяжурнага пагранічнай службы маёр Рабцаў паведаміў, што ёй забаронены ўезд на тэрыторыю Беларусі і яна будзе адпраўлена ва Ўкраіну ранішнім цягніком да бліжэйшай станцыі Чарнігаў. "Паколькі раней Марына Цапок працавала ў Беларусі ў складзе Міжнароднай назіральнай місіі і ніколі не ўчыняла ніякіх правапарушэньняў, яе "няпропуск" можа быць зьвязаны толькі зь яе праваабарончай дзейнасьцю і ўключэньнем у сувязі з гэтым у "сьпіс неўязных", — паведамляе прэс-служба місіі.

Марына Цапок узначальвае працу Кіеўскага інфармацыйнага цэнтру Камітэту міжнароднага кантролю за сытуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі — структуры, якая стварыла Міжнародную назіральную місію.

"Яна, як і іншыя міжнародныя праваабаронцы — Андрэй Юраў, Максым Кіцюк, трапіла ў "чорны сьпіс" замежных грамадзян, якім забаронены ўезд у Рэспубліку Беларусь", — паведамляе прэс-служба.

Варта зазначыць, што некалькі тыдняў таму ва Ўкраіне стартавала кампанія "За адкрыты ўезд у Беларусь", скіраваная супраць практыкі "сьпісаў неўязных". Пра тое, ці знаходзіцца чалавек у такім сьпісе, немагчыма даведацца загадзя з адкрытых крыніц і, значыць, абскардзіць такое рашэньне. Прычына занясеньня ў "сьпіс" таксама, як правіла, афіцыйна не паведамляецца. Падчас гэтай кампаніі ліст у пасольства Рэспублікі Беларусь ва Ўкраіне з патрабаваньнем растлумачыць сытуацыю адправіла ў ліку іншых грамадзян і Марына Цапок.

Нагадаем, што яшчэ аднаго інфармацыйнага памочніка прадстаўніка Міжнароднай назіральнай місіі з Украіны Максыма Кіцюка таксама затрымалі на ўкраінска-беларускай мяжы: у ноч на 9 сакавіка 2011 году супрацоўнікі пагранзаставы зьнялі яго зь цягніка і заявілі праваабаронцу, што з 4 сакавіка ён лічыцца ў "сьпісах неўязных".

Прадстаўнікі Камітэту міжнароднага кантролю за сытуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі расцэньваюць гэты факт як прамое чыненьне перашкод Міжнароднай назіральнай місіі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG