Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галоўнага рэдактара «Бобруйского курьера» папярэдзілі за камэнтар у блогу


Анатоль Санаценка
Анатоль Санаценка
Галоўны рэдактар «Бобруйского курьера» Анатоль Санаценка атрымаў афіцыйнае папярэджаньне «аб недапушчальнасьці парушэньня заканадаўства, якое рэгулюе стасункі ў сфэры парадку кіраваньня».

Папярэджаньне, якое прыйшло поштай, падпісана намесьнікам пракурора Ленінскага раёна Бабруйску, паведамляецца на сайце «Бобруйского курьера».

Падставай для папярэджаньня стаў адзін з допісаў у блогу Анатоля Санаценкі, які ён вядзе на сайце «Беларускі партызан». У ім журналіст разьвівае думку пра тое, што ў трагічных падзеях 11 красавіка ў Менску вінаватая дзейная ўлада.

«Гэта, вядома, прэцэдэнт, як кажуць, з хворай галавы — на здаровую. Каб прадухіліць магчымыя прэтэнзіі, у сваім запісу ў блогу я і даў спасылку на афіцыйны сайт А. Р. Лукашэнкі, дзе разьмешчана яго прамова, якая прагучала на экстранай нарадзе ў сувязі з выбухам на станцыі мэтро «Кастрычніцкая». Там, у тым ліку, гаворыцца наступнае: «Крыць няма чым. У гэтай падзеі вінаватыя толькі мы… Віна ляжыць на нас». Далей я зьмясьціў свой кароткі камэнтар, права на які мне дае 33 артыкул Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, а таксама пяты артыкул «Свабода меркаваньняў, перакананьняў і іх свабоднае выказваньне» законe Рэспублікі Беларусь «Аб сродках масавай інфармацыі».

Галоўны рэдактар таксама адзначае, што ў беларускім заканадаўстве няма такога панятку — «спадабалася — не спадабалася». Затое ёсьць крымінальны артыкул за «перашкоду законнай прафэсійнай дзейнасьці журналіста».

Анатоль Санаценка мае намер абскардзіць атрыманае ім папярэджаньне.

14 красавіка намесьнік пракурора раёна Анатоль Кабернік спрабаваў уручыць папярэджаньне Анатолю Санаценку ў двары яго дому. Аднак Санаценка адмовіўся што-небудзь падпісваць, бо ня лічыць сябе парушальнікам заканадаўства. Ён прапанаваў работніку пракуратуры сустрэцца ў больш афіцыйнай абстаноўцы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG