Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Індывідуальныя прадпрымальнікі супраць ініцыятывы Нацбанку


Нацыянальны банк Беларусі зьняў абмежаваньні на курс даляра для прадпрыемстваў. Дагэтуль на пазабіржавым рынку курс мог адхіляцца ад афіцыйнага толькі на 10%. Першыя альтэрнатыўныя таргі для вызначэньня рынкавага курсу рубля адбудуцца на наступным тыдні. Мяркуецца, што ён можа скласьці каля 3900 рублёў за даляр. Як гэта паўплывае на дзейнасьць індывідуальных прадпрымальнікаў, а таксама на пакупніцкай здольнасьці спажыўцоў?

Аляксандар Таўстыка
Менскі прадпрымальнік Аляксандар Таўстыка мяркуе, што ініцыятыва Нацыянальнага банку не скіраваная на падтрымку дробнага бізнэсу. Таксама яна ня будзе мець станоўчага уплыву на эканамічнае становішча ў краіне, мяркуе ён:

«Калі казаць пра індывідуальных прадпрымальнікаў, то мы не прадпрыемствы і калі нас гэтая сытуацыя і закране, то невядома якім бокам. Бо гэта ў нашай дзяржаве і з нашым бізнэсам упершыню. Але я лічу, што такое рашэньне ня можа быць станоўчым рэгулятарам на фінансавым рынку Беларусі. Бо папярэдне мы ведаем, што прымаліся розныя дырэктывы, дэкрэты, указы і гэта не ўплывала добра на эканамічны стан у краіне. Рынак павінны быць свабодным».

Віктар Крываль
Ініцыятыву Нацбанку прадпрымальнік Віктар Крываль называе падставай для стварэньня дадатковай неўпарадкаванасьці на валютным рынку:

«Ёсьць такое слова „раздрай“: зараз ёсьць прыклады, калі хтосьці лічыць курс даляра на 3500, хтосьці на 3800, а хтосьці і на 6400 — асабліва што тычыцца запчастак на іншамаркі. Таму гэта вельмі добрая магчымасьць „лавіць рыбку ў мутнай вадзе“. А таксама гэта яскрава ілюструе, у якім становішчы насамрэч апынулася нашая дзяржава».

Аляксанадр Макаеў
Адзін зь лідэраў прадпрымальніцкага руху Аляксандар Макаеў перакананы, што свабодны валютны рынак для юрыдычных асобаў абернецца ростам цэнаў на тавары для спажыўцоў:

«Шмат дробных прадпрымальнікаў зараз залежаць ад паставак тавараў буйных гандлёвых прадпрыемстваў. Адпаведна зьявіцца некалькі курсаў — як і хто зможа здаць і набыць. Гэтак становішча можна назваць пераходным пэрыядам для афіцыйнай дэвальвацыі. Калі ж курс даляра стане вышэй, то і рынкавы кошт даляра стане вышэй. І для насельніцтва кошты на тавары вырастуць. Адпаведна — узровень жыцьця беларусаў зьменіцца ў горшы бок».

Анатоль Шумчанка
Лідэр грамадзкай арганізацыі прадпрымальнікаў «Пэрспэктыва» Анатоль Шумчанка мяркуе, што дзяржаўныя ініцыятывы ў эканоміцы не скіраваныя на падтрымку дробнага бізнэсу.

«Я ўвогуле не разумею, як наш бізнэс бліжэйшым часам будзе працаваць, бо гэтае рашэньне ніякім чынам станоўча на нас не паўплывае. Больш за тое — там яшчэ вядзецца гаворка пра тое, што найперш будуць задавальняцца патрэбы імпарцёраў, якія будуць завозіць тавары першай неабходнасьці. Паводле нашых апытаньняў, 83% дробных бізнэсоўцаў — гэта прадпрымальнікі-імпартэры, якія пастаўляюць тавар з краінаў СНД, Турцыі, Кітаю. Можаце ўявіць сабе, якая нагрузка кладзецца на прадпрымальнікаў у частцы валютнай рызыкі і ў зьвязку з гэтым набыцьці валюты. І гэтае рашэньне паказвае, што дзяржаве прыватны бізьнэс „да ліхтара“».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG