Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзень у дзень, роўна месяц таму на Талачыншчыне, у вёсцы Воўкавічы, жыўцом згарэлі проста ў ложку паўтарагадовая Волечка і 4-гадовы Мікітка Макаравы. На дзьвярах вісеў сьвірнавы замок, таму дзеткі не змаглі выбрацца на волю.

У Воўкавічы мы рушылі з праваабаронцам, сябрам ЦК партыі «Справядлівы сьвет» Мікалаем Петрушэнкам. Аб прычынах пажару тут здагадак шмат, але як пра вынік сацыяльных праблем пра яго не азваўся ніводзін з тутэйшых дэпутатаў розных узроўняў.

…А 7-й раніцы было больш-менш людна хіба на пляцоўцы падсобнай гаспадаркі «Райаграсэрвісу». Падыходзім да рабочых.



Спадарства: «А што ў нас добра? У нас усё тут х…вае…». (Сьмяюцца.)

Саўчанка: «А за якія сродкі ты купіў ровар новы?»

Гэта ўступіў спадар Саўчанка, інжынэр па сельгасмашынах.

Карэспандэнт: «У Воўкавічах гэта адзінае „грашовае“ месца працы для мясцовых?».

Саўчанка: «Так, фэрма яшчэ ёсьць на 200 галоў. На мэхдвары працуе 12 чалавек…».

Карэспандэнт: «Ну і які заробак — пасьля выбараў, як Лукашэнка абяцаў, мільён атрымліваеце?».

Спадарства (агульны сьмех): «Вунь спытайце — эканаміст…».

Адводжу ўбок фінансістку, спадарыню Іну Гамельку.

Гамелька: «Заробак нармальны — на пасяўной да 3 млн. могуць мець, у звычайны час 850…»

Побач, пыхаючы парай, спыніўся трактар з прабітымі шынамі. Гутару з кіроўцам Аляксандрам Анташкевічам, які, праўда, толькі часткова пацьвярджае словы эканаміста.



Анташкевіч: «Трэба было ехаць у Талочын на пілараму лес цягаць — цяпер во не даеду. Хвілін 30 працы, але запчастак няма, старыя ходзіш-зьбіраеш. Тры гады як пераехаў з Рыбінску — выходзіць улетку мільён 200, а там 300 тысяч атрымліваў. А тут узімку 700–800 выходзіць, як ёсьць праца…».

Тым часам непадалёк спыніўся школьны аўтобус, у які шпарка ўскочылі сямёра вучняў рознага веку, што на сёньня засталіся ў Воўкавічах. Былая вахцёрка Сьвятлана Дзегцярова цяпер іх проста суправаджае ў школу ў Варанцэвічы.

Дзегцярова: «Вядома, шкада, што школу закрылі — заняпад пачаўся, у вёсцы ціха стала, як у дрыгве…».

На фэрме — яна таксама побач — за ад’ездам дзяцей з сумам назірала цяпер падвозчыца кармоў, спадарыня Ганна Белановіч. Яна ўздыхае.

Белановіч: «Я працавала ў школе заўгасам, 67 вучняў было, 10 чалавек — самая вялікая кляса. Як ён выйшаў, набору ня стала, засталося 20 чалавек, прыйшлося закрыць. Безвыходнае становішча — пайшла сюды даглядчыкам. 6 рэйсаў раблю на дзень, 600 рублёў у сярэднім выходзіць. Во загадчыца ідзе наша…».

Балгунова: «Здрасьце…».

Карэспандэнт: «А я зь Менску журналіст, вывучаем, як у Воўкавічах людзі выжываюць…».

Балгунова: «Не выжываем — жывем!».

Ругаль: «Не — выжываем! А што гэтае месца ў заняпадзе, нам шкада…».

Заспрачаліся самыя мажныя і важныя на фэрме сяброўкі — загадчыца Валянціна Балгунова ды даярка Ларыса Ругаль. Зрэшты, як дайшло да жыцьцёвых нястачаў, загаварылі ў адну дуду.



Спадарыні: «Канечне, і ў сельсавет езьдзіць няўдобна. І да бальніцы няўдобна дабірацца. Во хворы чалавек зьяжджае ў Варанцэвічы ў 8 раніцы — там урач прымае. Пакуль скончыць, назад не пасьпяваеш дабрацца — аўтобус а палове дзясятай уходзіць. Едзем у Талочын — там талёнчыкаў няма. А калі ўрач у 2 зьмену прыме, трэба назад на таксі. А таксі ў Воўкавічы за 6 км 30 тысяч каштуе, таму што дарога такая дрэнная, ня хочуць ехаць… А ў дзіцячы садок ехаць — во гэта балючая праблема! У нас цялятніца Барташэвіч — сын загінуў, а нявестку пазбавілі мацярынства — узяла двох дзяцей. Няма каму завезьці ў сад — просіць настаўніцу, тая бярэць іх на аўтобус, зусім чужы чалавек іх там сустракае і вядзе ў сад!».

Суразмоўніцы загаварылі пра падзеі на станцыі мэтро «Кастрычніцкая» ў Менску. Спадарыня Ларыса адкрыта кажа, што не давярае ўладам.

Ругаль: «Каб рэйтынг свой падняць, Кольку зноў на золата пасадзіць — больш, карэспандэнты, не фатаграфуйце Кольку на нашым залатым запасе! (Агульны сьмех.) Што вы сьмеяцеся? А я б яму ў вочы сказала! Пасадзіў саплюка свайго на золата, што і я зарабіла, мае бацькі! Пасадзіце маіх, вашых дзяцей, яны не хужэй, дый пагоны хай павесяць!» (Сьмех.)

Нарэшце, дайшлі да пажару ў доме Макаравых. Маці, Вольга, працуе тут жа на фэрме даяркай.

Балгунова: «Напісалі ў „Нашай Талачыншчыне“, што яе выклікалі на працу з раніцы — яе ніхто не выклікаў, у яе быў працоўны дзень, у нас жа няма выхадных. Я працавала ў Віцебску на вытворчасьці — там у маці, у якой маленькія дзеткі, 7-гадзінны працоўны дзень, на выхадныя не працуе. Маці — безь пятнаццаці 12 яе не было, а трэба кароў заганяць — я па яе паслала даярку, а пажар быў а палове на трэцюю. Ішлі разам з працы зь ёй…».

Петрушэнка: «Яны маўчаць, што напярэдадні ў гэтым садку афіцэр МНС праводзіў заняткі, на якіх дзетак вучылі „правільна“ чыркаць запалкі. І навучылі на сваю галаву…».

* * *

Ідзем зь Мікалаем Петрушэнкам да папялішча. Моўчкі падыходзяць суседзі і бацька, Андрэй Макараў. Ён інвалід 2 групы, у часе пажару быў на працы ў лесе.



Макараў: «Я ня ведаю, у мазгах ня можа ўкласьціся. Брат у 2 гадзіны ехаў — ані дыму, нічога. А ў 3 гадзіны ва ўсю шыбала хата, бессэнсоўна было ратаваць…».

Карэспандэнт: «Вам зараз якую кватэру даюць?».

Макараў: «Далі — там падлогу масьціць, вокны шкліць…».

Знаёмлюся з 24-гадовым Уладзімірам Дзеркачовым — ён праз 3 месяцы заканчвае курсы трактарыстаў ад цэнтру занятасьці.


Карэспандэнт: «Думаеш сюды вяртацца?».

Дзеркачоў: «Так, заробкі неблагія. Моладзь павыехала адсюль. Клюб ёсьць, на выхадныя прыяжджаюць на дыскатэкі. Гаспадарку думаю займець…».

Карэспандэнт: «А зямлі б давалі 70 га — узяў бы?».

Дзеркачоў: «Натуральна, хацелася б мець…».

Карэспандэнт: «А ведаеш, чаму нявыгадна сёньня браць?».

Дзеркачоў: «Чэсна сказаць — ня ведаю…».

Карэспандэнт: «Крэдыт табе хто-небудзь дасьць?».

Дзеркачоў: «Як аднаму — мне ніхто ня дасьць…».

Карэспандэнт: «Тэхніку па лізінгу?».

Дзеркачоў: «Натуральна, ані крэдытаў, ані тэхнікі не дадуць. А хацелася б…».

Пачуўшы пра прыезд карэспандэнта «Свабоды», да мяне падбягае 35-гадовая бляндынка, што працуе апэратарам машыннага даеньня на фэрме «Райаграсэрвісу» — спадарыня Любоў Анташкевіч. Тры гады, як яе зь сям’ёй усялілі ў калгасную хату без вакон.



Люба: «Вокны, бачыце, цыратай абабітыя — рамаў няма, і шкло з-за гэтага нельга паставіць. Дзяцей ёй бараню, бо каб не было, трэба б усе суткі паліць у грубцы — вецер гуляе. Шпалеры клеіла за свае грошы. Камісія са школы, дзе сын вучыцца, сюды прыяжджала — пастаялі, сказалі, што ў хаце брудна…».

Карэспандэнт: «То бок рамы, значыць, рабіць ня трэба?».

Люба: «Так, праз 2 дні сказалі, што і пасьцельнага няма — абы-чаго нагаварылі!».

Карэспандэнт: «А зьвярталіся ў „Аграсэрвіс“ да дырэктара — як яго прозьвішча? Гэта калгасны дом, яны мусяць зрабіць…».

Люба: «Данчанка Алег Георгіевіч. Адразу, як засяліліся, ён мне сказаў: „Галоўнае — дом, усё астатняе — за свае грошы“. Я пасьля гэтага ні да кога не зьвяртаюся, бо шклопакеты паставіць — 7 млн. Заробак — мільён, быў бы мой дом, накапіла б і зрабіла. А як ня мой, сёньня купіш, а заўтра жыць ня будзеш…».

Усе, хто сабраўся, разам паказваюць мне на хату былой дырэктаркі школы, 75-гадовай спадарыні Фандо. Яна сярод вяскоўцаў чалавек аўтарытэтны, два гады выбіралася старэйшынай вёскі. Захінутая ў хустку, Ала Рыгораўна сустракае добразычліва. Але я ведаю, што гэтае пытаньне яе не пакіне абыякавай.



Карэспандэнт: «Чаму надалей адмовіліся ў старэйшыны ісьці?».

Фандо: «Калі я бяруся за справу, я павінна яе рабіць. Аграгарадку няма. Людзі выяжджаюць, таму што — школы ня стала, будоўля перапынілася, працаваць — толькі на фэрме, а ёсьць жа людзі іншых прафэсій…».

Петрушэнка: «Ала Рыгораўна, хто зараз у вас раённы і сельскі дэпутаты?».

Фандо: «Дзіма Выгоўскі — сельсавету, вэтурач, а раённага ня ведаю…».

Петрушэнка: «А за каго вы галасавалі — адзін голас супраць?».

Рэтраспэктыва. Гадзінай раней на фэрме з даяркай Ларысай Ругаль.

Карэспандэнт: «Ня ведаеце, хто ваш дэпутат райсавету?».

Ругаль: «А нам да яго дзела? Ну, хто, не цягні!».

Петрушэнка: «Вы яго добра ведаеце — Марэйка!».

Ругаль: «Мяне ж на выбары возяць з бутэлькай — дзе ведаць!». (Сьмех.)

Ізноў да размовы са спадарыняй Фандо.

Фандо: «Ну і што гэты дэпутат робіць? Нічога! Марэйка нічога добрага не зрабіў для сельсавету, мала сустракаўся зь людзьмі, не каціраваўся. У нас крама цячэць, сельсавет цёк — адрамантуйце дах! Званю Марэйку — прыедзьце, паглядзіце. Не, Паляніна, старшыня райспажыўсаюзу, прыехала. У дзяўчат адмовіла электрыка, усё псуецца ў краме. А яна — ну што, наскардзіліся?».

Петрушэнка: «Стоп! Дык Паляніна ж таксама дэпутат!».

Фандо: «Заходжу ў краму, я яе ня бачыла. Дзяўчаты стаяць навыцяжку, бабулькі ціснуцца. Кажу: я пакупнік — зьвярніце на мяне ўвагу! — А хто вы такая? — Звычайны чалавек. І счапіліся мы. Я ёй сказала — паважай людзей, што выпендрываесься перад намі?!».

Петрушэнка: «Марэйку і Паляніну адклікаць варта?».

Фандо: «Можна, а ці прагаласуюць людзі, ня ведаю…».

Вынікі вандроўкі аналізуем разам з праваабаронцам, спадаром Мікалаем Петрушэнкам.



Карэспандэнт: «Мікалай Сямёнавіч, сьледчыя з нас атрымаліся дрэнныя — мы не даведаліся, чаму згарэлі дзеці…».

Петрушэнка: «Але ж, Віталь, мы лепшыя, чым тыя, што рабілі сьледзтва з афіцыйнымі мандатамі. Таму што не зрабілі выснову — гэтыя дзеці не былі на ўліку, як сям’я, што ў сацыяльна небясьпечным становішчы. У дзіцячы садок трапляюць праз трэція рукі! У трагедыі высьветлілася асабістая віна чыноўнікаў. Што ж адбываецца — жанчына выходзіць у дэкрэтны, зноў робіць-робіць! І ўлада, замест таго каб сказаць „стой“, са старонак „Нашай Талачыншчыны“, „СБ“ разводзіць рукамі — „ня ведаем, чаму згарэлі“. А хто падумаў пра тое, што сям’ю зрабілі, як затычку ў бочцы? Вёска п’е, а іх штурхаюць працаваць-працаваць!»

Карэспандэнт: «Паказальна, што дэпутаты ніводнага ўзроўню не паспрабавалі ўмяшацца, дапамагчы…»

Петрушэнка: «На сэсіі дэпутат Марэйка ўзяў слова, каб заявіць пратэст, што яго „ня так“ сустрэў па дарозе ў Воўкавічы інспэктар ДАІ…».

Карэспандэнт: «З сытуацыі ў Воўкавічах пачынаецца старт грамадзянскай кампаніі, прынамсі на Талачыншчыне — па адкліканьні дэпутатаў, якія „не апраўдалі даверу народу“?».

Петрушэнка: «Кампанія называецца „Наш дом: дэпутатаў да адказнасьці!“. Адклікаць трэба самых „яркіх“ антыдэпутатаў. Сёньня 2 прозьвішчы прагучалі — былы кіраўнік вэртыкалі Марэйка і кіраўнік райспажыўсаюзу Палянская…»

Карэспандэнт: «Ці ня будзе гэта нейкім апазыцыйным „фантомам“?».

Петрушэнка: «Чорную метку» пасылаем — афіцыйныя паперы, робім ініцыятыўную групу, ловім на парушэньнях законаў, каб пачынаць працэдуру адкліканьня. Людзі маюць прэтэнзіі да дэпутатаў — гэта самае галоўнае. Сытуацыя ў Воўкавічах стане пробным каменем кампаніі, якую мы запачаткоўваем…».


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG