Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як улады зьбіраюцца разьвязаць валютны крызіс?


Урад і Нацбанк плянуюць перайсьці да двух абменных курсаў беларускага рубля. У чым лёгіка гэтага пляну? Чаму ўлады ня важацца пайсьці на афіцыйную дэвальвацыю? Якія пэрспэктывы пераадоленьня валютнага крызісу?

Удзельнікі: эканаміст Леанід Злотнікаў і аглядальнік газэты «Белорусы и рынок» Уладзімер Тарасаў.

Будзе два абменныя курсы


Валер Карбалевіч: «Аляксандар Лукашэнка паабяцаў цягам некалькіх дзён ці тыдня „стабілізаваць сытуацыю“ на валютным рынку краіны. З ананімных крыніц зьявілася інфармацыя, што на паседжаньні ў прэзыдэнта на мінулым тыдні прынятае рашэньне перайсьці да двух валютных курсаў. Адзін — афіцыйны, якія вызначаецца адміністратыўна, і другі — рынкавы, які будзе фармавацца на альтэрнатыўнай гандлёвай сэсіі Беларускай валютна-фондавай біржы. У чым сэнс гэтага рашэньня? Якую праблему яно разьвязвае?».

Леанід Злотнікаў: «На таргах будзе больш „справядлівы“ курс для гэтага сэгмэнту рынку. Бо калі кожны банк асобна ажыцьцяўляе зьдзелку з пакупніком, то атрымліваецца вялікі дыяпазон курсаў. А тут будзе ўжо нейкі парадак».

Уладзімер Тарасаў: «Два курсы павінны дапамагчы ўладам утрымаць цэны. Частка валюты будзе набывацца па нізкім курсе Нацбанку. Таму ня будуць так хутка павышацца цэны на газ, лекі.

Акрамя таго, Нацбанк імкнецца такім шляхам выратаваць камэрцыйныя банкі ад стратаў. Таму што шмат прадпрыемстваў бралі валютныя крэдыты ў банкаў, а тавары прадавалі на ўнутраным рынку за рублі. І ў выпадку дэвальвацыі яны страцяць магчымасьць купляць рублі па старым курсе. І таму ня змогуць вярнуць валютныя крэдыты банкам. У выніку пагоршацца паказчыкі работы банкаў, зьявяцца банкруцтвы.

На пазабіржавым рынку не было дакладных правілаў. Кожны банк дамаўляўся з асобным кліентам. Гэта было нязручна для абодвух удзельнікаў зьдзелкі, хоць банкі і маглі атрымоўваць дадатковы прыбытак. А адзіныя біржавыя таргі дазваляюць зразумець, выявіць адзіную цану. Прычым гэтая цана будзе ніжэйшая за тую, па якой цяпер прадаюць валюту банкі. Цяпер яна даходзіць да 5–6 тыс. рублёў за даляр. А на біржы чакаецца, што курс будзе на ўзроўні 3700–3800 рублёў за даляр.

Чаму ўлада ня важыцца пайсьці на афіцыйную дэвальвацыю?


Карбалевіч: «Тое, што адбываецца на валютным рынку, эканамісты ацэньваюць як фактычную дэвальвацыю. Чаму гэтую дэвальвацыю не зрабіць афіцыйнай, легальнай, паўнавартаснай? Здаецца, што тыя негатыўныя наступствы, якіх баяліся ўлады ад дэвальвацыі, ужо наступілі. Народ напужаны. Чаго ўжо баяцца?».

Злотнікаў: «Улады імкнуцца падтрымаць нізкі валютны курс дзеля стратэгічнага імпарту і для таго, каб дзяржпрадпрыемствы і банкі маглі вярнуць замежныя крэдыты. На 1 студзеня 2011 году кароткатэрміновая запазычанасьць складала 12 млрд. даляраў. Гэта тая, якую трэба вяртаць у асноўным сёлета. Акрамя таго, Лукашэнка абяцаў, што дэвальвацыі ня будзе. І таму ён імкнецца захаваць твар».

Тарасаў: «Дэвальвацыя — гэта сродак, які дзейнічае на ўсю эканоміку. А наяўнасьць двух курсаў дазваляе аддзяліць добры бізнэс ад дрэннага. Падаецца, што ў прэзыдэнта ёсьць такое ўяўленьне, што існуе нармальны бізнэс, які займаецца вытворчасьцю, экспартам. І акрамя гэтага яшчэ ёсьць амаль што нахлебнікі, імпартэры, якія выкарыстоўваюць валюту. Таму трэба стварыць розныя ўмовы для гэтых суб’ектаў. А абмежаваць імпарт з дапамогай імпартных тарыфаў нельга, бо гэта супярэчыць дамоўленасьцям з гандлёвымі партнэрамі».

Якія пэрспэктывы пераадоленьня валютнага крызісу?


Карбалевіч: «І якія пэрспэктывы пераадоленьня валютнага крызісу? Як доўга праіснуе цяперашняя сытуацыя? Ці хутка ўлады вернуцца да адзінага курсу? Ці можна меркаваць, што калі зьявіцца расейскі крэдыт, усё зноў прыйдзе ў норму, сытуацыя вернецца да таго стану, які існаваў да пачатку крызісу?».
Тыя захады, якія зрабілі ўлады адносна валютнага рынку, будуць пагаршаць эканамічную сытуацыю.

Злотнікаў: «Тыя захады, якія зрабілі ўлады адносна валютнага рынку, будуць пагаршаць эканамічную сытуацыю. Бо яны стрымліваюць прыток валюты ў краіну ў выглядзе і інвэстыцый, і крэдытаў. Ні Расея, ні МВФ ня маюць вялікага жаданьня падтрымліваць краіну, якая ня хоча пераходзіць на рынкавыя адносіны. Трэба шмат валюты (больш за 1 млрд. даляраў у месяц), каб вяртаць крэдыты, кампэнсаваць адмоўнае сальда плацёжнага балянсу і адначасова выконваць грандыёзныя пляны на гэтую пяцігодку. У такім прамежкавым стане пратрымацца доўга ня ўдасца».

Карбалевіч: «Сапраўды, гэтая схема, якую цяпер прыдумалі ўрад і Нацбанк, разглядаецца як часовая. Але яна не разьвязвае ні праблему дэфіцыту валюты ў абменьніках, ні праблему прыцягненьня замежных інвэстыцый, ні задачу эканамічнай лібэралізацыі, пра якую апошнім часам шмат гаварылася».

Тарасаў: «Пэрспэктывы не найлепшыя. Бо нашы ўлады хібна ацэньваюць прычыны крызісу. Яны бачаць прычыны ў нейкіх часовых чыньніках: росьце цэн на энэргарэсурсы, росьце попыту на аўтамабілі.

А насамрэч фундамэнтальная прычына крызісу палягае ў тым, што дзеля вытворчасьці канчатковага прадукту даводзіцца ўвозіць шмат прамежкавых тавараў. За кошт гэтага адбываецца рост адмоўнага сальда вонкавага гандлю».

Карбалевіч: «Вы кажаце, што яны не разумеюць. Але папулісцкія заявы для насельніцтва выконваюць прапагандысцкую функцыю. Можа, гэта не азначае, што яны насамрэч не разумеюць?».

Тарасаў: «Апошні выступ Лукашэнкі на нарадзе 15 красавіка такіх надзей не пакідае. Ён дзівіўся парадаксальнай сытуацыі. Маўляў, валавы ўнутраны прадукт (ВУП) вырас на 11%, а валюты не хапае. Але пры цяперашніх цэнах на імпартныя і экспартныя тавары чым большы будзе рост ВУП, тым менш у краіне будзе валюты».

Злотнікаў: «Галоўная прычына крызісу — гэта нізкая эфэктыўнасьць эканомікі і жаданьне жыць не па сродках. Спажываньне на 13–15% вышэйшае, чым магчымасьці эканомікі. І гэтае жыцьцё не па сродках забясьпечвалася замежнымі крэдытамі. Цяпер вонкавая падтрымка зьменшылася. Паступленьняў валюты паменела, а попыт на валюту вырас. Такія „нажніцы“ і выклікалі валютны крызіс. І каб яго разьвязаць, трэба спажываньне прывесьці ў адпаведнасьць з магчымасьцямі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG