Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэвальвацыя ў крамах і на рынках ужо адбылася


Цэны на алей на «Цэнтральным» рынку ў Горадні.

Цэны на алей на «Цэнтральным» рынку ў Горадні.

У крамах і на рынках пачаліся перабоі з пастаўкамі шэрагу імпартных тавараў. Некаторыя ўвогуле зьнікаюць з продажу, а тыя, што зьяўляюцца, каштуюць значна больш, чым раней. Імкліва даражэюць будматэрыялы, адзеньне, сродкі асабістай гігіены, пральны парашок ды шмат што іншае. Пра канкрэтныя асаблівасьці татальнага падаражэньня спажывецкіх тавараў інфармуюць рэгіянальныя карэспандэнты.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


На рынку «Цэнтральны» кволы гандаль

На гарадзенскім рынку «Цэнтральны» няма ўжо ранейшага бойкага гандлю: гандляры панура стаяць побач з палаткамі, а пакупнікі толькі падыходзяць, цікавяцца цэнамі і ідуць далей.

Некалькі прадпрымальнікаў, якія гандлююць розным таварам, паведамілі, што за апошнія два тыдні паступова цэны на свае тавары паднялі на 30%, а хто і болей.

Вось што кажа спадар, які гандлюе адзеньнем:

«Джынсы, да прыкладу каштавалі 70 тысяч, а зараз — каля 100, кашулькі, якія каштавалі 30 тысяч — зараз 45–50, а тыя, што каштавалі 45, зараз — 65».

Побач гандлюе адзеньнем яшчэ адзін спадар. І вось што ён кажа наконт гэтага:

«Я, да прыкладу, падняў кошты на 20%, бо тавар мой даражэйшы. Але што будзе далей? Людзі ня здолеюць купляць тавар. А калі я буду адну рэч прадаваць на тыдзень — нічога не заробіш. Тады нават ня хопіць на тое, каб заплаціць падаткі і іншыя выплаты».

А вось спадарыня прадае пральныя парашкі і іншую бытавую хімію:

«Ну вось зубная паста каштавала 2900, зараз — 4500, пральны парашок прадавалі за 25 700, а зараз — 34 700, пампэрсы „двоечка“, 30 штук, каштавалі 68 тысяч, зараз — 85 тысяч».

Прадпрымальнікі кажуць, што іх моцна падкасіла нястача валюты ў абменьніках. Запасы тавару сканчаюцца, а ехаць і купляць новы — няма за што. Людзей вельмі турбуе, што ўлады нічога канкрэтнага ня кажуць наконт таго, што яны зьбіраюцца рабіць з гэтай праблемай далей.

«Мы зараз беларускія грошы называем „фанцікі“. Бо, палічыўшы тавар у „фанціках“ па 3300, купляем па 3500. Палічыўшы тавар па 3500, купляем па 3700. І так увесь твой заробак застаецца ў штодзённай інфляцыі».

На рынку «Цэнтральны», дзе прадаюць адзеньне, нешматлюдна.

Але асабліва людзей на рынку турбуе рост цэнаў на харчовыя тавары. Вось што кажуць пакупнікі:

Спадар: «Цэны ў нас самыя дарагія ў сьвеце на прадукты. Людзям жа паесьці трэба, пра адзеньне ніхто ня думае, а ўсё даражэе з кожным днём».

Спадарыня: «Алей быў наагул па 5 тысяч, а зараз… Дачка вунь з Польшчы цяпер прывозіць, дык там усё таньнейшае, мы тут стараемся нічога не купляць».

Спадар: «Шашлык каштаваў 20 тысяч, зараз — 28, і гэта за тыдзень такі рост».

Спадарыня: «Гарбата, кава — амаль у два разы падаражэлі…»

Іншы спадар: «У паўднёвых краінах быў бунт, і быў з-за таго, што не было за што купіць есьці — тое самае можа быць і ў нас. Пайшлі цэны ўгару, а нам кажуць, што гэта робіцца дзеля таго, каб не вывозілі харчы. Але чаму яны нічога ня кажуць пра заробкі, якія мы тут атрымліваем? Мы ж харчы купляем за свае беларускія грошы, а не за іншыя…».

Цэны на садавіну, пакупнікоў няшмат.


МАГІЛЁЎШЧЫНА


Новыя кошты адпуджваюць пакупнікоў

У Магілёве цэны вырасьлі на ўвесь імпартны тавар. Старыя запасы распрададзеныя. Цэны на новыя пакупнікі ўспрымаюць насьцярожана.

У крамах канцылярскіх тавараў цэньнікі ўжо перапісвалі па некалькі разоў. Спадзяваньняў на тое, што цэны стабілізуюцца, у гандляроў няма.

«Зразумела, гэта зьвязана з тым, што нестабільны курс. Самае вялікае падаражэньне — на паперу. Папера офісная падаражэла практычна ў два разы», — паведаміла загадчыца адной з крамаў.

Загадчык іншай крамы рост цэнаў на канцтавары аргумэнтаваў наступным чынам:

«Вось глядзіце, калі месяц таму курс даляра быў 3100, а цяпер мы набываем даляр за 4900. Ну, вось і прыкладна на 60–70 працэнтаў цэны ў пастаўшчыкоў-імпартэраў вырасьлі».

Вырасьлі цэны й на бытавую хімію. Некаторыя прадпрымальнікі з прычыны валютнага крызісу адмаўляюцца завозіць у Беларусь асобныя віды такой прадукцыі.

«Мы парашкі цяпер пакуль ня возім. Перасталі ў сувязі з такой сытуацыяй. Калі раней парашок каштаваў тысяч дваццаць, то цяпер 27 будзе. Працэнтаў на трыццаць падаражэў».
Мы парашкі цяпер пакуль ня возім. Перасталі ў сувязі з такой сытуацыяй.


Карэспандэнт: «Такі рост — ён істотны для пакупнікоў?».

Прадпрымальнік: «Яны яшчэ не прывыклі. Цяпер хапаюць тое, што таньней, а тое, што даражэй, не бяруць пакуль».

Ад валютнага крызісу цярпяць ня толькі людзі, але й свойскія жывёлы. У аб’яднаньні аматараў котак паведамілі, што цэны на корм для іхніх улюбёнцаў таксама вырасьлі:

«Калі „мы ямо“ „Раяль Канін“, які прывозіцца з Францыі, то ваша пытаньне дзіўнае. У нашых катоў зусім няма выбару. Яны будуць есьці тое, што мы ім пакладзем. Многія нашы, хто плянаваў памёты, іх проста ня будзе. Котак ня будуць вязаць, каб не было кацянят. Як выйсьце са становішча. Тыя ж, хто павязаў, — ім горш».

У зоакрамах паведамілі, што кошты на корм для жывёлаў вырасьлі ад 10 да 40 працэнтаў. Вэтэрынарныя паслугі вырасьлі на пяць працэнтаў, так сьцьвярджаюць у вэтлячэбніцах. Падымаць цэны — значыць губляць кліентаў.

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


Заканчваюцца старыя запасы па ранейшых цэнах

Новы тавар, які завозіцца ў гандлёвыя пункты індывідуальных прадпрымальнікаў, каштуе ў сярэднім на 30% болей. Гандляры лічаць, што рост цэнаў на імпартныя тавары можа дайсьці і да 50–70%.

У прыватных крамах каля рынку «Юбілейны» ў Берасьці індывідуальныя прадпрымальнікі прадаюць пакуль старыя запасы па ранейшых цэнах. Пастаўшчыкі на працягу мінулага тыдня не працавалі, кажа прадпрымальніца Ірына Міхайлаўна, а вось новы тавар, які быў завезены напярэдадні, даражэйшы на 30%:
Пакуль у нас старыя запасы на паліцах, але і на гэты тавар таксама павышаюцца цэны...

«Вось мы атрымалі зубную пасту. Раней яна каштавала 3600, а цяпер — 4650 рублёў. На гэтым тыдні цэны яшчэ больш павялічацца. Вось у нас стаіць пральны парашок за 6400, а прадстаўнік фірмы паведаміў, што ён будзе каштаваць па 10 000 рублёў. Падаражэла ўсё без выключэньня. Нават жуйкі, якія каштавалі па 1650, пачалі каштаваць 1900 рублёў».

Прадпрымальнікі адзначаюць, што пастаўшчыкі прывозяць новы тавар, аптовы кошт якога вызначае розьнічную цану. У выніку варта чакаць падвышэньня цэнаў да 60%, мяркуюць прадпрымальнікі:

«Пакуль у нас старыя запасы на паліцах, але і на гэты тавар таксама павышаюцца цэны. Напрыклад, самы танны пральны парашок, які сёньня каштуе 5500, будзе пастаўляцца па такім кошце, таму цана на яго ўжо сёньня вырасла да 7000 рублёў, каб не працаваць сабе на страту. Таму варта чакаць падвышэньня коштаў на ўсё».

Спажыўцы заўважаюць, што з паліцаў крамаў прападаюць некаторыя імпартныя тавары. Праўда, празь некаторы час яны зьяўляюцца ізноў у продажы, але цэны на іх ужо істотна вышэйшыя, кажа жыхарка Берасьця Людміла:

«Кошты растуць проста неймаверна. Прычым я нават не магу патлумачыць, чаму. Тое, што сёньня каштуе 25 тысячаў, раптам зьнікае з продажу, а ўжо праз тры дні зьяўляецца, але каштуе ўжо 35 тысяч рублёў».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG