Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Някляева будуць судзіць у Фрунзенскім судзе, Саньнікава — у Партызанскім


Вызначаны раённыя суды, якія будуць разглядаць справы кандыдатаў у прэзыдэнты Ўладзімера Някляева, Віталя Рымашэўскага, Андрэя Саньнікава. Для актывіста Мікіты Ліхавіда падабрана калёнія.

Андрэй Саньнікаў
Справу Андрэя Саньнікава будуць разглядаць у Партызанскім судзе Менску. Пра гэта «Свабодзе» паведамілі адвакаты экс-кандыдата на прэзыдэнта:

«Партызанскі суд. А хто судзьдзя і калі пачнецца працэс, яшчэ невядома. Але, мяркую, да канца тыдня мусім ведаць. Паводле правілаў, цягам двух тыдняў паведамляюць. Мяркую, два тыдні ў нас яшчэ ёсьць, каб рыхтавацца да працэсу. Я арыентуюся на справу Статкевіча і Вуса, якіх раней за нашу справу азнаёмілі з матэрыяламі, перадалі ў суд, але таксама яшчэ дзень невядомы».

Адвакаты Саньнікава дадалі, што заявілі шэраг хадайніцтваў, у тым ліку аб далучэньні пэўных матэрыялаў да справы, але пакуль адказаў ня маюць.

Ала Ўладзімераўна Саньнікава атрымала ад сына ліст, у якім Андрэй адгукнуўся на тэракт у мэтро 11 красавіка:

«Напісаў, што калі даведаўся пра выбух, вельмі непакоіўся за нас усіх, пакуль ня ўбачыў сьпісы. А пра тое, ці адбіўся выбух на іх становішчы ў вязьніцы, нічога не напісаў. Ды, мяркую, і не дайшло б — усё роўна выкрасьлілі б такія рэчы».

19 красавіка экс-кандыдат на прэзыдэнта Віталь Рымашэўскі атрымаў з Фрунзенскага суду Менску паведамленьне, што менавіта там будзе разглядацца ягоная справа. У тым жа Фрунзенскім судзе пройдзе працэс і над Уладзімерам Някляевым, Андрэем Дзьмітрыевым, Аляксандрам Фядутам ды іншымі. Ці адаб’ецца неяк на працэсе тэракт у мэтро? Віталь Рымашэўскі гэтага не выключае:

Віталь Рымашэўскі
«Папярэдне, мяркую па выказваньнях прадстаўнікоў улады, адаб’юцца нэгатыўна. А чаго я чакаю ад працэсу? Улічваючы тыя падзеі, якія адбываліся ў краіне за мінулыя паўгода, чакаць можна чаго заўгодна, і таму асабіста я прагнозаў не раблю. Проста я выказваю падзяку ўсім людзям, якія падтрымлівалі і выказвалі салідарнасьць. Унутры Беларусі і за яе межамі. І вельмі ўсьцешаны, што, нягледзячы на здрадлівыя паводзіны некаторых палітыкаў, большасьць паводзілі сябе прыстойна і баранілі адзін аднаго. Насамрэч, мяркую, у гэтым шанец усіх абвінавачаных».

Віталь Рымашэўскі не выключае, што працэсы па справах 19 сьнежня будуць прызначаныя ў адзін дзень, каб не расьцягваць надоўга суды над кандыдатамі ў прэзыдэнты ды іншымі актывістамі.

Мікіта Ліхавід
10 чалавек у справе 19 сьнежня ўжо асуджаныя. Сярод іх — актывіст руху «За свабоду» Мікіта Ліхавід, якому прысудзілі 3,5 года зьняволеньня. 19 красавіка маці вязьня даведалася, у якой калёніі будзе адбываць пакараньне яе сын:

«Яму прызначылі ўжо калёнію — гэта выпраўленчая калёнія № 10 у Наваполацку. Я навяла даведкі, сказалі, што начальнікам там збольшага нармальны, адэкватны чалавек, але сама турма старэнькая, будынак старэнькі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG