Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Замест Лукашэнкі беларускую дэлегацыю ў Кіеве ачоліў Вашчанка


Аляксандар Лукашэнка не паехаў на міжнародную канфэрэнцыю краін-донараў, якая прайшла сёньня ў Кіеве з удзелам старшыні Эўракамісіі Жазэ Мануэла Барозу. Свой прыезд у Кіеў Барозу абумовіў адсутнасьцю там Аляксандра Лукашэнкі. Беларускую дэлегацыю на імпрэзе ў Кіеве з нагоды 25-годзьдзя аварыі на ЧАЭС узначаліў міністар надзвычайных сытуацый Уладзімер Вашчанка.

На міжнародную канфэрэнцыю донараў для збору сродкаў на новае ўкрыцьцё над чацьвёртым блёкам ЧАЭС з удзелам Жазэ Мануэла Барозу Аляксандар Лукашэнка не паехаў. Афіцыйнай інфармацыі пра тое, што беларускі кіраўнік паедзе на наступную міжнародную канфэрэнцыю "25 гадоў чарнобыльскай катастрофы. Бясьпека будучыні", якая пройдзе 20—22 красавіка ў Кіеве, пакуль няма. Раней афіцыйны Менск настойваў на тым, што Лукашэнка атрымаў афіцыйнае запрашэньне на гэтую канфэрэнцыю яшчэ ў сьнежні мінулага году і абавязкова на яе прыедзе. Цяпер такой пэўнасьці няма.

Між тым вядома, што ў Кіеў зьбіраюцца лідэры 5 краін: Вугоршчыны, Казахстану, Польшчы, Харватыі, Швайцарыі, кіраўнікі ААН, МАГАТЭ, ЭБРР. Беларускую дэлегацыю ў Кіеве ўзначаліў міністар надзвычайных сытуацый Уладзімер Вашчанка. Пра гэта паведаміў прэсавы сакратар МНС Віталь Навіцкі:

"Міністар ужо там знаходзіцца. Апрача таго, там прадстаўнікі іншых ведамстваў: Дэпартамэнту гідрамэтэаралёгіі, начальнік нашага дэпартамэнту ліквідацыі наступстваў катастрофы на ЧАЭС, Інстытуту радыялёгіі…"

Старшыня Эўракамісіі, якая выступіла фундатарам гэтых канфэрэнцый і выдаткоўвае на пабудову новага саркафага над чацьвёртым блёкам ЧАЭС 110 мільёнаў эўра, Жазэ Мануэл Барозу не хацеў сутыкнуцца на мерапрыемствах у Кіеве зь беларускім кіраўніком. І Ўкраіна зрабіла дыпляматычныя крокі, каб разьвесьці Барозу і Лукашэнку, кажа кіеўскі журналіст Міхаіл Бялецкі:

"Ну, і няшчасьце тут дапамагло. Мяркую, што фармальнай нагодай для непрыезду Лукашэнкі стаў тэракт у Менску".
калі трэба выбіраць паміж Лукашэнкам і Барозу, то трэба аддаваць перавагу Барозу ...

Паводле спадара Бялецкага, візыт Барозу вельмі важны для Ўкраіны, якая дамагаецца асацыяванага сяброўства ў Эўразьвязе і разьлічвае на дапамогу Эўракамісіі ў пабудове новага "саркафага" на ЧАЭС.

"Гаворачы чыста ўтылітарна, хоць гэта і некарэктна гучыць, калі трэба выбіраць паміж Лукашэнкам і Барозу, то трэба аддаваць перавагу Барозу. Што да запрашэньня ці незапрашэньня Лукашэнкі, то гэта хутчэй маральнае пытаньне".

Менскі аналітык Андрэй Фёдараў мяркуе, што праблема "як разьвесьці Барозу і Лукашэнку" была вырашаная дыпляматычным шляхам:

Андрэй Фёдараў
"І, на мой погляд, тое, што здарыўся тэракт, таксама паўплывала. Тым болей што 21-га, пасьлязаўтра, ён выступае з пасланьнем, і паміж гэтымі падзеямі ўціскваць гэтую паездку ў Кіеў было б нязручна".

Андрэй Фёдараў мяркуе, што ў Барозу няма нічога асабістага ў дачыненьні да Лукашэнкі. Ягоная негатоўнасьць сустракацца зь беларускім кіраўніком абумоўленая нэгатыўным стаўленьнем Эўразьвязу да сьнежаньскіх выбараў, якія дазволілі Лукашэнку захаваць уладу, і да жорсткай хвалі рэпрэсіяў, якая пачалася ў Беларусі пасьля іх.

Разам з тым застаецца верагоднасьць удзелу А. Лукашэнкі ў саміце 26 красавіка ў Чарнобылі з удзелам лідэраў Украіны, Расеі і Беларусі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG