Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ажубаліс: Астравецкая АЭС — пагроза для НАТО

  • Тацяна Поклад

Аўдронюс Ажубаліс

Аўдронюс Ажубаліс

Міністар замежных спраў Літвы, які нядаўна назваў рашэньне будаваць Астравецкую АЭС “правакацыяй”, у часе сустрэчы ў Вільні з кіраўніцтвам Парлямэнцкай Асамблеі НАТО ўзьняў пытаньне аб плянаваных АЭС каля межаў Літвы.

Як паведаміла сёньня МЗС Літвы, міністр Аўдронюс Ажубаліс зьвярнуў увагу на небясьпеку плянаваных аб'ектаў атамнай энэргетыкі каля літоўскіх межаў, якія ужо пачалі рэалізоўвацца і якія не адпавядаюць нормам міжнароднай бясьпекі.

У размове з прэзыдэнтам і генэральным сакратаром Парлямэнцкай Асамблеі НАТО Карлам Ламэрсам (Karl Lamers) і Дэвідам Гобсам (David Hobbs) кіраўнік літоўскага зьнешнепалітычнага ведамства Аўдронюс Ажубаліс сказаў:

“Праекты небясьпечнай атамнай энэргетыкі, якія ажыцьцяўляюцца паблізу ад вонкавай мяжы НАТО, уяўляюць непасрэдную пагрозу бясьпецы краін Альянсу, таму гэтае жыцьцёва важнае для ўсёй сусьветнай супольнасьці пытаньне павінна выклікаць заклапочанасьць ва ўсім Альянсе”.

Кіраўніцтва ПА НАТО наведвае гэтымі днямі Літву з трохдзённым візітам на запрашэньне сьпікера Ірэны Дзягуцене і кіраўніка літоўскай дэлегацыі ПА НАТО Пятраса Аўштравічуса, які прапанаваў уключыць у парадак дня наступнага паседжаньня Асамблеі пытанье аб Астравецкай АЭС, заплянаванай каля межаў Літвы.
XS
SM
MD
LG