Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міліцыянты пачалі апытваць суседзяў меркаваных тэрарыстаў


Дом, дзе жыў адзін зь меркаваных тэрарыстаў
Дом, дзе жыў адзін зь меркаваных тэрарыстаў
Ураджэнцаў Віцебску, якіх вінавацяць у тэракце 11 красавіка ў менскім мэтро, затрымалі амаль тыдзень таму. Але толькі цяпер міліцыянты пачалі апытваць суседзяў пра "выбухі і смурод у сутарэньнях", дзе нібыта знайшлі лябараторыю па вырабе выбухоўкі.

Па беларускім тэлебачаньні ўжо даўно абвясьцілі пра выкрыцьцё "лябараторый" па месцы жыхарства меркаваных тэрарыстаў. Праўда , масавыя апытаньні віцебскіх суседзяў двух затрыманых віцебскіх хлопцаў пачаліся толькі мінулым вечарам, кажуць мясцовыя жыхары:

"18 красавіка, ужо тыдзень прайшоў… І вось званок у дзьверы, стаіць супрацоўнік міліцыі. Кажа: "Я па заданьні Генэральнай пракуратуры. Вы ж чулі, што тут адбылося?". Ён не сказаў мне, што менавіта адбылося, і прозьвішчаў не называў. Дый я сам не ўдакладняў. Ён толькі спытаўся: "Вы ж тут жывяце, ня чулі шуму ў сутарэньні, ці было ляскатаньне нейкае там і ці не сьмярдзела хімікатамі ды рэактывамі?".

Міліцыянт запісаў адмоўны адказ суседа аднаго з затрыманых хлопцаў:

"Я нават спусьціўся потым у сутарэньне, свой сарайчык паглядзеў… Я забыўся, трэба было міліцыянту сказаць, што там сапраўды сьмярдзіць, але памыямі, адкідамі, там трубы цякуць! Сьвятла няма! Можна, мабыць, лямпачку ўкруціць у патрон, але ён там… дзевятнаццатага стагодзьдзя (сьмяецца), стары зусім. Туды паткнесься, дык цябе токам заб’е! Госпадзі, і гэта — лябараторыя?".

Пра падазроныя гукі і пахі міліцыянты распытвалі нават жыхароў суседніх дамоў, распавяла спадарыня з дома побач:

"Прыходзілі, пыталіся, ці ня чулі мы якіх-небудзь выбухаў. Маўляў, вы тут даўно жывяце, можа, чулі нешта, а можа, нехта тут экспэрымэнтаваў, нешта ўзрываў… У нас калі бойкі нейкія бываюць ці такое нешта падобнае, тады міліцыянты таксама ходзяць і людзей распытваюць — а раёнчык у нас тут такі, што не засумуеш!".

Паводле зьвестак, якія распаўсюдзілі некаторыя СМІ, затрыманыя ў сувязі з выбухам у менскім мэтро хлопцы сябравалі зь дзяцінства, вучыліся ў адной віцебскай школе № 35 і жылі на прамысловай ускраіне Віцебску, у так званым "раёне ДСК".

Таксама ў інтэрнэце ўжо пачалі распаўсюджвацца зьвесткі, што ў кватэрах затрыманых пабілі вокны. Гэта ня так, кажуць суседзі: яны ня чулі, каб нехта выказваў пагрозы на адрас сваякоў затрыманых ці пагражаў самасудам.

Тым ня менш вокны ў кватэрах, дзе жылі падазраваныя ў тэракце, мінулым вечарам не сьвяціліся. Суседзі не выключаюць, што іх насельнікі кудысьці зьехалі — зь перасьцярогі або на распараджэньне міліцыі. Міліцыянты сапраўды пэўны час дзяжурылі каля пад’ездаў — нібыта ахоўвалі бясьпеку сваякоў, кажа жыхарка суседняга дома:

"Пакуль ціха-спакойна. Мы ж тыя вокны бачым! Але распавядаюць, што яго маці павезьлі ў Менск. Ну, але ж ці мала! Маглі, можа, і ў твар ёй плюнуць… Як людзі сябе будуць паводзіць, прадказаць цяжка — людзі ж розныя. І цяпер во ўжо пачнуцца плёткі — "адна баба сказала" — і плёткі будуць нарастаць валам, гэта ж зразумела…".

КДБ і пракуратура зьвесткі пра затрыманых не камэнтуюць і канкрэтных прозьвішчаў не называюць. Свае меркаваньні і высновы жыхары Віцебску грунтуюць на тым, што ведаюць і чулі асабіста.

Тым часам публікацыі ў інтэрнэце далі нагоду для спрэчак, колькі жыхароў Віцебску падазраюць у датычнасьці да тэракту: або іх чацьвёра, або трое, прычым адзін з затрыманых фігуруе ў інтэрнэце пад двума прозьвішчамі – сваім уласным і прыдуманым для рэгістрацыі ў сацыяльных сетках.

У КДБ абяцаюць назваць усе прозьвішчы бліжэйшым часам, да моманту прад’яўленьня абвінавачваньня. У адпаведнасьці з заканадаўствам абвінавачваньне павінна быць прад’яўлена ў 10-дзённы тэрмін.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG