Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крычаўскага журналіста пракурор папярэдзіў за артыкул пра тэракт


Сяргей Няроўны

Сяргей Няроўны

Рэдактару незалежнай газэты "Вольны горад" Сяргею Няроўнаму пракурор Крычаўскага раёну вынес афіцыйнае папярэджаньне аб недапушчальнасьці парушэньня заканадаўства, якое рэгулюе адносіны ў сфэры парадку кіраваньня. Нагодай для папярэджаньня стаў артыкул журналіста "Чорныя дні". Ён прысьвечаны тэракту ў Менску 11 красавіка.

У віну Сяргею Няроўнаму пракурор Уладзімер Трывайла выставіў распаўсюд у газэце непраўдзівых зьвестак пра ход расьсьледаваньня тэракту, а таксама інфармацыі, якая ўтрымлівае паклёп і зьняважлівыя выказваньні на адрас кіраўнікоў дзяржаўнай улады. Публікацыя, як сьцьвярджаецца ў папярэджаньні, скіраваная на "дыскрэдытацыю праваахоўных органаў, беларускай дзяржавы й грамадзтва".

Сяргей Няроўны заяўляе, што з папярэджаньнем не згаджаецца і будзе яго абскарджваць у пракурора вобласьці.

"Відавочна, што пракурор выконвае агульны загад супраць журналістаў, якія спрабуюць асьвятляць ход расьсьледаваньня тэракту з усіх бакоў. Мы не рабілі нумар газэты "крывавым", з фатаздымкамі ахвяраў, мы проста выказалі меркаваньне адносна затрыманых, якіх абвінавачваюць ва ўчыненьні тэракту, каб яны былі сапраўды тымі, хто зьдзейсьніў злачынства, а не чарговымі "стрэлачнікамі". Мы таксама выказаліся адносна заяў кіраўніка дзяржавы пра "пятую калёну". Лічым, што такія заявы недапушчальныя. Я пракурору й сказаў, што ўлада выкарыстоўвае тэракт, каб прыціснуць журналістаў. Павыносіць ім цяпер папярэджаньняў, а потым ужо выкарыстоўваць гэта, каб караць за крытыку мясцовага чынавенства, ніяк не зьвязаную з тэрактам. То бок выкарыстоўваюць тэракт у сваіх палітычных мэтах", зазначае Сяргей Няроўны.

У лісьце з папярэджаньнем гаворыцца, што ў выпадку паўторнага парушэньня заканадаўства Сяргей Няроўны будзе прыцягнуты да адказнасьці.
XS
SM
MD
LG