Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Барозу – у Кіеве. Лукашэнка пакуль у Менску


Жазэ Мануэл Барозу і Віктар Януковіч
Жазэ Мануэл Барозу і Віктар Януковіч
19 красавіка ў Кіеве распачаліся міжнародныя мерапрыемствы, прымеркаваныя да 25-й гадавіны аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі.

20-22 красавіка ў Кіеве заплянавана правядзеньне Міжнароднай канфэрэнцыі "25 гадоў Чарнобыльскай катастрофы. Бясьпека будучыні".
На мерапрыемствах плянуецца прысутнасьць каля 50 замежных дэлегацый розных узроўняў. У Кіеў 18 красавіка ўжо прыехаў старшыня Эўракамісіі Жазэ Мануэл Барозу.

Як паведаміў Радыё Свабода кіраўнік прэзыдэнцкай прэс-службы Павал Лёгкі, кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка 19 красавіка будзе працаваць у Менску. адносна 20 красавіка дакладна будзе вядома пазьней.

Прэсавы сакратар прэм'ер-міністра Беларусі Аляксандар Цімашэнка сказаў, што ня мае інфармацыі пра ўдзел у мерапрыемствах прэм'ер-міністра Беларусі Міхаіла Мясьніковіча.

Раней украінскае інфармацыйнае агенцтва УНІАН са спасылкай на крыніцу ў Эўракамісіі ў Брусэлі паведаміла, што адзіная ўмова ўдзелу ў кіеўскай канфэрэнцыі, якую вылучае Барозу, — адсутнасьць на мерапрыемстве прэзыдэнта Беларусі. "Гэта галоўная ўмова", — сказаў прадстаўнік Эўракамісіі, адзначыўшы, што афіцыйны Кіеў пакуль не паведамляў, ці плянуецца ўдзел Лукашэнкі ў канфэрэнцыі.

У той жа час на афіцыйным сайце Міністэрства надзвычайных сытуацый Украіны, якое выступае адным з арганізатараў мерапрыемства, разьмешчаны праект праграмы правядзеньня канфэрэнцыі. Згодна зь ім, з прывітальным словам на форуме павінны выступіць прэзыдэнты Ўкраіны, Беларусі і Расеі Віктар Януковіч, Аляксандар Лукашэнка і Дзьмітры Мядзьведзеў, а таксама генэральны сакратар ААН Пан Гі Мун, генэральны сакратар Рады Эўропы Турб'ёрн Ягланд, кіраўнік Эўракамісіі Жазэ Мануэл Барозу, генэральны дырэктар МАГАТЭ Юкія Амана.

Як паведаміў журналістам 17 сакавіка кіраўнік адміністрацыі прэзыдэнта Ўкраіны Сяргей Левачкін, Расея і Беларусь будуць прадстаўленыя прэм'ер-міністрамі.

26 красавіка чакаецца трохбаковая сустрэча лідэраў Украіны, Расеі і Беларусі, перадае Інтэрфакс.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG