Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Чарнобыльскай вёсцы за вядро вады патрабуюць вядро гарэлкі


Вульлі бяз пчолаў

Вульлі бяз пчолаў

У выселенай пасьля Чарнобылю і збольшага закапанай вёсцы Халочча Чачэрскага раёну засталося пяць хат. Адна зь іх – Васіля й Марыі Ганжыных. Васіль - інвалід вайны, яму 86. Марыя на шэсьць гадоў маладзейшая за мужа. Старыя кажуць, што жыць ім надалей у Халоччы няма як – ня могуць ужо дастаць з калодзежа вядро вады.

У 90-м годзе, калі Халочча высялялі, Ганжыны мусілі пераяжджаць у Менск да дачкі, але не паехалі. Васіль да гэтага быў будаўнічым майстрам, ладны дом паставіў у Халоччы ля невялічкай рэчкі Прудоўкі. Балюча было пакідаць яго:

“А нам шкада было пакідаць “дом гарадзкога тыпу”. Гэта першы такі дом у нашай вёсцы. Мы тут як на лецішчы знаходзімся”.

Доўгі час Васіль і Марыя трымалі звычайную сялянскую гаспадарку. Нават пчольнік мелі. Але пчолы сталі выміраць. Трымаць карову й сьвіней зараз няма сіл.

Сям'я Ганжыных
“З сельскагаспадарчай жывёлы маем сабаку й два каты”, – жартуе вэтэран з доляй безвыходнасьці.

Спадарыня Марыя асабліва жаліцца, што вады з калодзежа ім набраць ужо досыць складана – нядужыя сталі:

“Вядро вады ня можам прынесьці ўдваіх – трэба кагосьці прасіць. А прасіць – цяпер жа ведаеце гэтых “алькаголікаў” – трэба бутэлька. Ды аднае ім мала – давай вядро”.

Апрача таго, ад старасьці разваліўся калодзежны вочап. Мясцовыя ўлады абяцалі дапамагчы з рамонтам, але нічога не зрабілі:

“Абяцаюць багата, але месяцы ідуць, гады ідуць – і нічога. Хоць бы калодзеж зрабілі. Ён жа ў нас быў абгароджаны, вочап быў, было добра цягаць ваду. Усё разламалася. Сталі абяцаць. Быў адзін такі старшыня сельсавету з Роўкавічаў. Старшыня гэты прыехаў, паглядзеў : “Ну, дапаможам”. Месяц мінуў, дасылае ён ліст. Ведаеце што: у нас няма грошай. Хочаце зрабіць калодзеж – рабіце за свае сродкі”.

Старыя хочуць дацягнуць да восені, а на зіму зьбіраюцца ехаць да дачкі ў сталіцу. Мусяць гэта рабіць, бо няма здароўя.

Пра новую атамную станцыю, якую маюць будаваць беларускія ўлады ў Астравецкім раёне, спадарыня Марыя кажа так:

“Ня трэба – мы ўжо й так патруціліся. Тут і без таго ўсюды кажуць: радыяцыя, радыяцыя. Дык навошта яшчэ другую станцыю рабіць?”

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG