Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ляўчук: “Знамя Юности” патрабуе грошай за дарагія цягнікі і гатэлі


Абласны суд у Берасьці часткова задаволіў скаргу былога журналіста газэты “Знамя юности” Алеся Леўчука, але адначасова абавязаў яго сплаціць судовыя выдаткі свайго былога працадаўцы. Пасьля Плошчы Алесь у інтэрвію нашаму Радыё заявіў, што кіраўніцтва загадала яму ў нэгатыўным сьвятле пісаць пра падзеі 19 сьнежня. У выніку яго звольнілі з працы і падалі ў суд за нанясеньне шкоды дзелавой рэпутацыі.

Абламейка: Алесь, як вы ацэньваеце сёньняшняе рашэньне абласнога суду? Суд пастанавіў, што звольнілі вас законна, але адначасова вырашыў, што вы не павінны прабачацца і пісаць абвяржэньне. Мушу сказаць, што рашэньне гэтае, на першы погляд, заводзіць у тупік. Калі вам ня трэба прабачацца і пісаць абвяржэньня, дык за што тады вас звольнілі?

Ляўчук: Было б дзіўна, калі б суд прызнаў, што я звольнены паводле палітычных матываў. Калі б суд гэта прызнаў, аўтаматычна быў бы створаны прэцэдэнт, што ў нас людзей звальняюць паводле палітычных матываў. А тут я ніякіх іншых матываў ня бачу. Іх проста няма. Я цалкам незадаволены рашэньнем, але нейкія зрухі наперад пайшлі, стала меней маразму, які быў у Маскоўскім судзе Берасьця, калі прымушалі выбачацца перад газэтай “Знамя юности” на іх старонках, хоць я там ніякай інфармацыі не разьмяшчаў. Мяне вымушалі зьмяніць мае перакананьні, але права мець свае перакананьні мне дае закон, Канстытуцыя.

Абламейка: Што будзеце рабіць далей? Працягваць змаганьне? Або прызнаеце рашэньне абласнога суду?

Ляўчук: Працягну змаганьне. Проста ня ведаю, у якой форме я гэта буду рабіць. Трэба час, каб усё разважыць, падумаць. Ну і скажу, што гэта вельмі дорага зь фінансавага пункту гледжаньня – змагацца за свае правы. Я ўжо павінен амаль мільён выплаціць рэдакцыі “Знамя юности”, яны проста страсаюць зь мяне грошы. Бо, скажам, сёньня ў абласным судзе неабавязковым быў прыезд іхнага прадстаўніка, але ён прыехаў. І вось за гэты прыезд ён хоча, каб я яму заплаціў 230 тысяч рублёў. Яны езьдзяць на нейкіх вельмі дарагіх цягніках, жывуць у нейкіх дарагіх гатэлях. Вось і атрымліваецца, што толькі за іх камандзіровачныя выдаткі я павінен заплаціць 900 тысяч рублёў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG