Лінкі ўнівэрсальнага доступу

19 красавіка ў Гаспадарчым судзе Менску распачнецца разгляд пазову партыі БНФ да камунальных службаў Савецкага раёну Менску. Прадстаўнікі партыі намераныя аспрэчыць, што зь імі адмовіліся працягнуць дамову арэнды памяшканьня Ўправы. У сваю чаргу ЖРЭА не адмаўляецца ад намеру выселіць партыю з арэндаванага памяшканьня і зьвярнулася ў суд з сустрэчным пазовам.

Партыйныя актывісты заявілі, што патрабаваньні камунальных службаў вызваліць памяшканьне неабгрунтаваная, і адмовіліся яго вызваляць. У сядзібе арганізаванае кругласуткавае дзяжурства, якое доўжыцца дваццаць дзён, кажа адзін з удзельнікаў акцыі абароны Сяржук Семянюк:

"Фактычна, ад канца сакавіка сядзіба працуе ў кругласуткавым рэжыме: штодня і ноччу тут знаходзяцца людзі, якія дзяжураць пры тэлефоне. Тым людзям, якія прыходзяць, мы даем магчымасьць скласьці заяву ў Мегарвыканкам з патрабаваньнем не высяляць партыю БНФ з памяшканьня. І вельмі шмат людзей тэлефануюць і выказваюць маральную падтрымку".
Вельмі шмат людзей тэлефануюць і выказваюць маральную падтрымку ...

Дамова арэнды памяшканьня, якое партыя займала болей за 20 гадоў, скончылася 31 сакавіка. Памяшканьне Ўправы, неабходна было вызваліць з 1 красавіка. Пры гэтым камунальныя службы рашучыя дамагчыся выкананьня свайго патрабаваньня і зьвярнуліся ў суд з пазовам пра прымусовае высяленьне.

Пазыцыю ЖРЭА Савецкага раёну выказвае супрацоўніца службы Інэса Рузыева:

"Закончылася дамова – яны не выконвалі належным чынам умовы арэнды. У нас ёсьць указ прэзыдэнта, у дамове арэнды ёсьць такі пункт – на падставе гэтага мы не працягваем дамову арэнды, усё".

Аляксей Янукевіч
Кіраўніцтва партыі БНФ таксама зьвярнулася ў суд, каб абскардзіць рашэньне камунальных сужбаў пра высяленьне. Неабгрунтаванымі і надуманымі прэтэнзіі камунальнікаў называе кіраўнік партыі Аляксей Янукевіч:

"Абсалютна невялікая была затрымка ў аплаце арэнды, і яна ня можа трактавацца, як істотнае парушэньне дамовы арэнды. Акрамя таго, ёсьць рашэньне камітэту Дзяржмаёмасьці, што з намі можа бць заключаная дамова нават не на адзін год, а на тры. Таму мы лічым, што ЖРЭА мусіла заключыць з намі новую дамову арэнды".

У рамках кампаніі абароны Ўправы партыі БНФ ад 1 красавіка ў сядзібе адбываюцца культурніцкія імпрэзы: прагляды кінафільмаў, мастацкія выставы, літаратурныя вечарыны. Перапынак быў зроблены толькі ў дні трагедыі ў менскім мэтро.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG