Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У інтэрнэце і некаторых мэдыях названыя прозьвішчы трох чалавек, нібыта падазроных у справе тэракту 11 красавіка ў менскім мэтро. У КДБ і пракуратуры, аднак, гэтыя зьвесткі не камэнтуюць і паўтараюць папярэджаньні аб прыцягненьні да адказнасьці за распаўсюд недакладных зьвестак.

18 красавіка прозьвішчы затрыманых паводле падазрэньняў у тэрарызьме назваў расейскі рэсурс «Life News» са спасылкай на дасьведчаныя крыніцы. Паводле рэсурсу, гэта жыхары Віцебску 25-гадовыя былыя аднаклясьнікі Дзьмітрый К. і Улад К., а таксама 28-гадовы Максім М., які нібыта дапамагаў зьбіраць выбуховае прыстасаваньне. Прозьвішчы падазроных былі імгненна растыражаваныя ў інтэрнэце, на што КДБ і пракуратура Беларусі зноў нагадалі пра адказнасьць за распаўсюд недакладных зьвестак. Але ці гэтыя прозьвішчы недакладныя? Кіраўнік цэнтру інфармацыі і грамадзкіх сувязяў КДБ Аляксандар Антановіч адказаў «Свабодзе»:

«Мы гэта не пацьвярджаем і не абвяргаем. Проста не камэнтуем зьвесткі, якія зьявіліся ў сеціве».

З дня трагедыі мінуў тыдзень, ужо пяць дзён як падазроных затрымалі. Чаму сьледзтва само не паведаміла публіцы іхныя прозьвішчы? Аляксандар Антановіч патлумачыў гэта дзьвюма асноўнымі прычынамі:

«Па-першае, у інтарэсах сьледзтва, па-другое, каб гарантаваць бясьпеку іх сваякоў і блізкіх людзей, каб яны не пацярпелі. І каб увогуле на іх ніяк гэта не адбілася».

Паводле Аляксандра Антановіча з КДБ, настроі ў грамадзтве зараз такія, што гэтага нельга выключыць. На пытаньне, ці праўда, што 18 красавіка сваякоў падазроных, якія жывуць у Віцебску, невядомыя людзі некуды вывезьлі, супрацоўнік КДБ адказаў гэтак:

«Ня ведаю. Пакуль такой інфармацыі ў мяне няма».

Аляксандар Антановіч не сказаў, ці выставілі ўжо абвінавачаньне затрыманым у справе тэракту. Паводле прадстаўніка КДБ, працэсуальныя нормы ў гэтай справе не адрозьніваюцца ад усіх астатніх спраў. Кіраўнік службы інфармацыі і грамадзкіх сувязяў КДБ паўтарыў заяву прадстаўнікоў пракуратуры, што за распаўсюд недакладных зьвестак адносна справы аб тэракце можа наступіць адказнасьць паводле закону.

Між тым ужо зьявіліся сьведчаньні пэўных людзей, якія асабіста ведалі падазроных у справе тэракту. Адзін з такіх людзей — вядомы актывіст з Салігорску Іван Шыла. Хлопец распавёў газэце «Наша ніва», што служыў разам зь Дзьмітрыем К. у адным дывізіёне.
Запомнілася, што сам К. часамі заводзіў размовы пра выбухі ў Віцебску і Менску на Дзень рэспублікі.

«Запомнілася, што сам К. часамі заводзіў размовы пра выбухі ў Віцебску і Менску на Дзень рэспублікі. Пытаўся: а хто б гэта мог быць, ці зловяць вінаватых, навошта яны гэта зрабілі? Калі б мне хто сказаў пра іншага саслужыўца, што ён датычны да тэракту, то не паверыў бы. А тут нешта ёсьць. Дзіўны хлопец. Але ў чым ягоная дзіўнасьць, адразу і ня вызначыш».

Іван Шыла згадаў, што ягоны саслужывец К. выяўляў веды ў хіміі.

Зьвязацца з Іванам Шылам праз тэлефон не ўдалося — мабільны салігорскага актывіста адключаны.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG