Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ударная хваля выбуху дайшла да незалежных мэдыяў


Незалежная газэта «Наша ніва» і рэдактар інтэрнэт-сайту «Салідарнасьць» Аляксандар Старыкевіч атрымалі папярэджаньні ад дзяржаўных органаў за публікацыі матэрыялаў, прысьвечаных тэрарыстычнаму акту ў менскім мэтро. Новае папярэджаньне Міністэрства інфармацыі вынесенае таксама недзяржаўным выданьням «Народная воля» і «Ўзгорак» з гораду Горкі Магілёўскай вобласьці. Незалежныя журналісты лічаць, што выбух у менскім мэтрапалітэне ўлады выкарыстоўваюць для дадатковага ціску на недзяржаўныя мэдыі.

Тыднёвік «Наша Ніва» атрымаў папярэджаньне ад Міністэрства інфармацыі за нібыта непраўдзівыя зьвесткі пра падзеі ў менскім мэтро. У рэдакцыю ніякіх афіцыйных папераў яшчэ не паступала, але гэтую інфармацыю ўжо пасьпелі распаўсюдзіць дзяржаўныя СМІ. Рэдактар Андрэй Скурко ўстрымліваецца ад ацэнкі факту, але мяркуе, што пасьля тэракту ўлада распачала новы ціск на незалежныя мэдыі:

Андрэй Скурко
«Мы даведаліся пра гэта на сайце інфармагенцыі „БелТА“. Папярэджаньне гэтае мы разглядаем як яшчэ адзін факт націску на незалежныя СМІ і звужэньне прасторы свабоды ў сэктары інфармаваньня грамадзтва».

На той жа падставе — за публікацыі на тэму тэракту ў менскім мэтро — кіраўнік інтэрнэт-сайту «Салідарнасьць» Аляксандар Старыкевіч атрымаў пэрсанальнае папярэджаньне ад Генэральнай пракуратуры. Ён кажа, што за ўсе гады, як прафэсійна займаецца журналістыкай, ня памятае падобнага выпадку:

Аляксандар Старыкевіч
«Ня думаю, што гэта была ініцыятыва пракуратуры, бо я не магу прыгадаць, каб пракуратура калісьці выносіла мне папярэджаньне. Хутчэй за ўсё сама вэрсія пра датычнасьць да выбуху адной з груповак ва ўладзе кагосьці ў гэтай самай уладзе вельмі моцна раззлавала. І таму быў дадзены загад разабрацца. Гэта будзе абцяжарваць маё становішча ў выпадку, калі я парушу заканадаўства ў гэтай галіне».

Таксама ад Міністэрства інфармацыі папярэджаньне атрымала недзяржаўная газэта «Ўзгорак» з гораду Горкі Магілёўскай вобласьці — за нібыта несвоечасовае паведамленьне пра зьмену рэдактара. А «Народная воля» — за публікацыю, прысьвечаную падзеям 19 сьнежня на плошчы Незалежнасьці. Абодва папярэджаньні вынесеныя толькі пасьля падзеяў у менскім мэтро.

Сьвятлана Калінкіна
Намесьніца рэдактара «Народнай волі» Сьвятлана Калінкіна:

«Я думаю, што ў гэтай сытуацыі кожны чыноўнік думаў, як яму адзначыцца на гэтай тэме. І міністар інфармацыі Праляскоўскі адзначыўся такім чынам — вынес папярэджаньне газэтам. Гэта азначае, што ў нашай дзяржаўнай машыне шмат што робіцца на ўсялякі выпадак: а раптам сытуацыя будзе пагаршацца і трэба закрываць незалежныя газэты — няхай ва ўсіх гэтых газэт будзе як найболей папярэджаньняў».

Тым часам найвышэйшыя чыноўнікі заяўляюць, што адпаведныя дзяржаўныя службы асаблівым чынам адсочваюць усе публікацыі на тэму тэрарыстычнага акту ў менскім мэтро, каб прыцягнуць да адказнасьці тых, хто распаўсюджвае непраўдзівыя зьвесткі. Вось як гэта камэнтуе намесьнік кіраўніка грамадзкай арганізацыі «Беларуская асацыяцыя журналістаў» Андрэй Аляксандраў:

Андрэй Аляксандраў
«Папярэджаньні — гэта, безумоўна, часткі таго ж ланцуга ціску, які адчуваюць на сабе незалежныя журналісты апошнім часам. Улада даўно дэманструе жаданьне татальна кантраляваць інфармацыйную сфэру. Таму відавочна, што непадкантрольная журналістыка для ўладаў — раздражняльнік. Таму прыклады якаснай і адказнай журналістыкі, якая галоўнай мэтай абірае інфармаваньне аўдыторыі, а не абслугоўваньне ўлады, яны і вінавацяць у распаўсюджваньні панікі і іншых рэчаў».

Варта нагадаць, што пад вартай працягвае заставацца незалежны журналіст з Горадні Андрэй Пачобут. Яго вінавацяць паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэксу — аб зьнявазе прэзыдэнта Беларусі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG