Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У нашым сутарэньні нават лямпачкі няма! Якая там магла быць лябараторыя?»

абноўлена

Дзьверы ў падвал не апячатаныя
Дзьверы ў падвал не апячатаныя
У інтэрнэце зьявіліся імёны падазраваных у тэракце 11 красавіка «ўраджэнцаў Віцебску». У паведамленьнях шмат блытаніны, але афіцыйных зьвестак пра тое, хто ўчыніў тэракт, па-ранейшаму няма.

Пакуль беларускія СМІ не называюць імёнаў затрыманых у Менску «ўраджэнцаў Віцебску», адна з расейскіх інтэрнэт-крыніцаў іх ужо агучыла, назваўшы ня двух, а трох віцебскіх хлопцаў.

Блытаніна зь месцам жыхарства: паводле зьвестак з інтэрнэту, адзін з затрыманых жыве нібыта ў пяціпавярховіку ў Першым завулку Рэпіна. Але гэта прыватны сэктар, і вялікіх дамоў там проста няма.

Іншыя зьвесткі наўпрост ці ўскосна пацьвярджаюцца наведнікамі беларускіх інтэрнэт-форумаў: прынамсі два затрыманыя сябравалі зь дзяцінства, вучыліся ў адной віцебскай школе № 35 і жылі на прамысловай ускраіне Віцебску, у так званым «раёне ДСК».

Маці аднаго зь іх катэгарычна адмовілася камэнтаваць затрыманьне сына: яна перакананая, што па беларускім тэлебачаньні ды ў іншых СМІ «праўды не напішуць усё адно»:

«У мяне няма ні думак, ні меркаваньняў — нічога. Мне ж ніхто нічога ня кажа, я ведаю тое, што і вы — абсалютна тое самае... Але ж вам гэта ўсё ня трэба! Вы толькі псуяце, толькі ламаеце далей жыцьцё! Добрага вы нічога ня зробіце — толькі бруд перамешваеце. А праўды — таго, што ёсьць — вы ня пішаце ўсё адно!» (Спадарыня кінула слухаўку.)

Па Віцебску пачалі распаўсюджвацца чуткі, што ў кватэрах, дзе жылі затрыманыя хлопцы, суседзі павыбівалі вокны, а саміх сваякоў некуды вывезьлі невядомыя асобы ў цывільным. Але на месцы пацьвердзілася толькі адно: там, дзе жывуць сем’і затрыманых, каля пад’ездаў дзяжураць супрацоўнікі міліцыі, і сапраўды ў цывільным. Як яны тлумачаць, гэта — дзеля бясьпекі сваякоў, каб людзі не ўчынілі самасуду.

У пад’езд могуць трапіць толькі тыя, хто там жыве. Адзін з суседзяў распавёў, што агрэсіўнага стаўленьня да сем’яў затрыманых няма: ім хутчэй спачуваюць, бо звышхуткае раскрыцьцё справы і затрыманьне злачынцаў за адны суткі шмат каму падаецца падазроным:

«Вось якраз дзе мы стаім — іхны балькон наверсе, двухпакаёвая кватэра ў іх. Я даўно жыву ў гэтым доме, і яны доўга ўжо жывуць. Ніколі я ня бачыў, каб міліцыя да іх прыяжджала і каб скандалы нейкія былі. Ну не была гэтая сям’я праблемнай!»

Па беларускім тэлебачаньні казалі, што ў сутарэньні жылога дому, дзе жыў затрыманы, была майстэрня па вырабе выбухоўкі. Але дзьверы туды не апячатаныя. А мой суразмоўца ня толькі ня бачыў, каб там рабілі ператрус — ён увогуле адмаўляе саму магчымасьць таго, каб у такіх умовах магла існаваць цэлая лябараторыя:
Без процівагаза там больш за гадзіну ня ўседзець ...

«Гэта такое сутарэньне, што ня дай Бог! Там усё цячэ, вільгаць, там такі смурод! Без процівагаза там больш за гадзіну ня ўседзець! Там нават лямпачкі няма, і выключальніка няма агульнага. Трэба лямпачку з сабой несьці, каб не разьбіць там галавы. Там жа ўсё перагароджана, шпулі два на два мэтры... Якую лябараторыю там можна разгарнуць?»

Пасьля выбухаў 2005 году, у якіх, дарэчы, нібыта прызналіся затрыманыя за менскі тэракт, абвінавачаньні былі прад’яўленыя дзясятку чалавек. Некаторыя зь іх правялі ў турме па паўгоду, але потым іх адпусьцілі, а сапраўдных вінаватых так і не знайшлі. У Віцебску добра памятаюць тыя падзеі, таму шмат хто недаверліва ставіцца да афіцыйных паведамленьняў, што цяпер злавілі сапраўдных тэрарыстаў, — тым больш, што інфармацыя пра іх прыхоўваецца і абрастае чуткамі.

Дом і склеп меркаванага падазраванага ў справе выбуху ў мэтро




Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG