Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валютны рынак "стабільны": валюты як не было, так і няма


Штурм пункту абмену валюты ў Менску

Штурм пункту абмену валюты ў Менску

Беларускае кіраўніцтва абяцае "стабілізаваць сытуацыю" на валютным рынку краіны цягам бліжэйшых дзён. Між тым экспэрты перакананыя: ва ўмовах глыбокага фінансавага крызісу, у якім апынулася Беларусь, ніякая стабілізацыя ня будзе магчымая без абясцэньваньня нацыянальнай валюты. Ці пойдзе на такі крок вышэйшае кіраўніцтва?

16 красавіка Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ў крызыснай сытуацыі, якая склалася ў фінансавай сфэры, а потым адрэзанавала і на спажывецкім рынку, вінаваты найперш самі беларускія грамадзяне:

"Людзі самі стварылі сабе сытуацыю. Чаго было кідацца ў абменьнікі? Вы ж выцягнулі вялізную колькасьць валюты і ўвогуле фінансаў з банкаў, калі пачалі забіраць уклады і г.д. Я ж не магу не аддаць вам гэтыя ўклады? Не хапіла валюты ў банках, пачалі выкарыстоўваць золатавалютныя рэзэрвы. Потым бачым, што гэта ўвогуле можа прывесьці да сур'ёзных, прыкрых наступстваў. Я забараніў выдаваць золатавалютныя рэзэрвы. На каго зараз крыўдзіцца?

Далей. Ну, навошта кінуліся скупляць гэты цукар, слухайце? Ладна, дома вы стварылі склад на кухні кіляграмаў пад сто гэтага цукру. Але ў гаражах! Ён жа адсырэе, што вы будзеце рабіць з гэтым цукрам? Зараз вы скупілі вялізную колькасьць і амярцьвілі валюту. Вы мяне не паслухалі, Гасподзь з вамі, гэта ваш выбар. Дэстабілізавалі валютны рынак, дэстабілізавалі харчовы…".

Беларускае кіраўніцтва спадзяецца стабілізаваць сытуацыю, дзякуючы, сярод іншага, расейскаму крэдыту ў памеры 1 мільярд даляраў. Міністар фінансаў Расеі Аляксей Кудрын выказаў спадзяваньне, што перамовы могуць завершыцца цягам месяца, аднак усё будзе залежаць ад характару супрацы і магчымых непаразуменьняў падчас кансультацыяў. Разам з тым Герман Грэф, старшыня праўленьня "Сбербанка России", якому належыць адзін з найбуйнейшых у Беларусі "Белпрамбудбанк", лічыць, што Менску ня варта разьлічваць толькі на зьнешнія запазычаньні. Ён выказаў меркаваньне, што для Беларусі разумна было б правесьці дэвальвацыю — з улікам росту дэфіцыту зьнешняга гандлю і істотнага зьніжэньня золатавалютных рэзэрваў.

Сытуацыю камэнтуе эканаміст Сяргей Балыкін:

Сяргей Балыкін
"Лукашэнка звальвае на народ — самі вінаватыя, самі стварылі краіне галаўны боль. Але хто насамрэч зрабіў усе гэтыя праблемы? Сам спадар Лукашэнка са сваёй камандай. Бо, каб зрабіць паказьнікі па зарплаце, па іншых парамэтрах, ён кінуў у беларускую эканоміку шмат беларускіх рублёў. А калі зашмат нацыянальных грошай, зразумела, яны ціснуць на цэны, ціснуць на курсы валют. Людзі атрымалі прыбыткі — і, цалкам натуральна, кінуліся іх укладаць: хто ў новыя аўтамабілі, хто ў цукар, хто ў даляры і эўра, у штосьці іншае.

Таму вінаватыя цалкам Лукашэнка і ягоны ўрад — сваёй непрадуманай фінансавай палітыкай, выключна папулісцкай. Цяпер гэтую лішнюю масу беларускіх грошай трэба збалянсаваць з замежнымі грашыма. Таму, калі Грэф кажа, што дэвальвацыя непазьбежная, а Лукашэнка — што ён празь некалькі дзён навядзе парадак на валютным рынку, то гэта не выключае адно другое. Дэвальвацыя непазьбежная, пытаньне толькі ў тым, як яна будзе зробленая — аднамомантава ці плаўна. Альбо, магчыма, будзе нават горшы сцэнар, чым дэвальвацыя".

Адмыслоўцы зазначаюць, што ў Беларусі ўжо сфармаваўся шэры рынак наяўнай і безнаяўнай валюты, абменны курс перавышае афіцыйны на 30—50%. Але і па такіх коштах набыць даляры ці эўра праблематычна. Адзін зь лідэраў прадпрымальніцкага руху Аляксандар Таўстыка кажа, што гэта найлепшае адлюстраваньне агульнай сытуацыі ў фінансавай сфэры: пакуль улады думаюць, рынак на ўсе працэсы рэагуе самастойна:

Алесь Таўстыка
"Вядома, каб у абменьніках быў усталяваны курс дэвальваваны, то, адпаведна, людзі б разумелі сытуацыю, што гэта не ад нас, не ад прадпрымальнікаў паходзіць, што гэта нібыта мы завышаем лічбавы курс. Яны бачылі б, што ёсьць у абменьніках валюта па 3600, і, разумеючы сытуацыю, што ўсім жыць трэба, хутчэй за ўсё, тавар у нас набывалі б. Праўда, з улікам іхных заробкаў людзі таксама абмяжоўвалі б сябе ў нечым. Але ў гэтым сэнсе сытуацыя, вядома, паспакайнела б".

Карэспандэнт: "Былі зьвесткі, што на аўтарынку пералічвалі ўвогуле па 6 тысяч рублёў за даляр. Або гэта перабольшаньне?".

"Хутчэй за ўсё, гэта перабольшаньне, бо ў той час, як мы пачыналі пералічваць па 3500, яны супакойвалі сябе тым, што нічога такога не адбываецца: дзень-два, і ўсё будзе нармалізавана. А зараз яны ўжо нас апярэджваюць, зразумелі, што трэба па 4000 пералічваць, бо пачынаецца аўтамабільны сэзон. Шмат хто хоча выехаць на лецішча, каб пакінуць Менск і пажыць у спакойнай атмасфэры. Такім людзям трэба адрамантаваць машыну, прайсьці тэхагляд. Адпаведна, запатрабаваныя запчасткі на аўто, бо без тэхагляду далёка не заедзеш".

З крыніцаў ва ўрадавых структурах даходзяць зьвесткі, што ўрад і Нацбанк могуць легалізаваць "ценявы" курс беларускага рубля, які склаўся ва ўмовах дэфіцыту замежнай валюты. Маўляў, рынкавы курс будзе фармавацца на альтэрнатыўнай гандлёвай сэсіі Беларускай валютна-фондавай біржы.

Аднак экспэрты гавораць пра абсурднасьць падобных крокаў, бо абменны курс павінен быць адзін і вызначацца суадносінамі попыту і прапановы.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG