Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кастра загаварыў пра абмежаваньне тэрмінаў кіраваньня


Рауль Кастра

Рауль Кастра

Лідэр Кубы Рауль Кастра запрапанаваў абмежаваць тэрмін знаходжаньня найвышэйшых службовых асобаў ва ўладзе, паведамляе Agence France-Presse. Пра гэта ён заявіў на першым за 14 гадоў зьезьдзе Камуністычнай партыі Кубы ў суботу, 16 красавіка.

"Мы прыйшлі да высновы, што ў нашых інтарэсах абмежаваць знаходжаньне найвышэйшых службовых асобаў ва ўладзе да двух пасьлядоўных тэрмінаў працягласьцю пяць гадоў", - заявіў 79-гадовы Кастра дэлегатам VI зьезду кампартыі.

Кастра падкрэсьліў, што гэты крок "магчымы і неабходны ў цяперашняй сытуацыі". Пакуль не зразумела, ці меў Кастра на ўвазе абмежаваньне ўласнага знаходжаньня пры ўладзе. Кубінскі лідэр, аднак, паскардзіўся на тое, што ў дадзены час ня бачыць нікога, хто мог бы ўзначаліць партыю і, такім чынам, краіну.

Між тым, удзельнікам зьезду на працягу чатырох дзён трэба зацьвердзіць новы сацыяльна-эканамічны курс краіны. Акрамя таго, на зьезьдзе будзе абраны новы склад цэнтральнага камітэту партыі, палітбюро партыі і сакратарыяту.

Брат Рауля Кастра Фідэль знаходзіўся на чале Кубы амаль пяцьдзясят гадоў. Лідэр кубінскай рэвалюцыі адышоў ад спраў у 2006 годзе з-за хваробы і прызначыў часовым выканаўцам абавязкаў старшыні Дзяржаўнага савету свайго брата. У 2008 годзе Фідэль Кастра канчаткова адмовіўся ад гэтай пасады.
XS
SM
MD
LG