Лінкі ўнівэрсальнага доступу

IHT: «Гэтая былая савецкая рэспубліка хвалюецца»


Прапануем вам пераклад фрагмэнтаў артыкулу Майкла Швірца ў сёньняшнім выданьні International Herald Tribune.

Чарга перад абменьнікам валюты каля супэрмаркету Карона вырасла да 52 чалавек, і шмат хто пачаў траціць надзею. Некаторыя чакалі па тры дні і начавалі ў аўтамабілях, усё больш адчайна спрабуючы набыць даляры і эўра.

Гэтая былая савецкая рэспубліка хвалюецца. Цэны павышаюцца, а беларускі рубель губляе вартасьць. Некаторыя імпартаваныя прадукты харчаваньня ўжо пасьпелі пазьнікаць з крамных паліцаў, кажуць людзі ў сталіцы.

Хоць памер цяперашняга крызысу застаецца няясны, прадчуваньне бяды пашыраецца, узмоцненае таямнічым выбухам бомбы на станцыі мэтро на мінулым тыдні, які забіў 13 чалавек і параніў блізка 200.

Як падаецца, бомбавая атака пахіснула давер да шматгадовага аўтарытарнага прэзыдэнта Беларусі, Аляксандра Лукашэнкі, які сьцьвярджае, што ён зьяўляецца адзіным гарантам бясьпекі і стабільнасьці краіны. Але апошнія эканамічныя цяжкасьці могуць аказацца значна большым выклікам, чым сам выбух.

У такіх постсавецкіх краінах як Беларусь цяжка знайсьці больш наглядныя прыкметы крызысу, чым людзі ў чэргах, таму зьяўленьне натоўпаў перад абменьнікамі валюты абудзіла ўспаміны гадоў сораму і нястачы перад распадам Савецкага Саюзу ў 1991 годзе і пасьля яго. (...)

Пагоня за цьвёрдай валютай часткова выкліканая страхам перад пагрозай дэвальвацыі беларускага рубля, абменны курс якога ўрад ўтрымлівае на фіксаваным узроўні. Але нават і ў нармальных умовах людзі аддаюць перавагу замежнай валюце пры большых зьдзелках. (...)

За амаль 17 гадоў на пасадзе прэзыдэнта спадар Лукашэнка збудаваў эканоміку, абапёртую на савецкай мадэлі цэнтральнага кіраваньня, адначасна здушыўшы незалежнае прадпрымальніцтва. Хоць ягоныя прыхільнікі хваляць яго за тое, што ён абараніў Беларусь ад рэзкіх ваганьняў, якія сталіся ўдзелам суседніх Расеі і Ўкраіны, то апанэнты кажуць, што сыстэма не спарадзіла нічога акрамя застою.

У гэтыя дні Беларусь, каб застацца на плыву, патрабуе замежнай міласьціны. Але цяпер выглядае, што два галоўныя донары спадара Лукашэнкі, Расея і Эўразьвяз, пакінулі яго. (...)

Пачынаючы з кастрычніка, замежныя рэзэрвы Беларусі ўпалі на больш чым 2 мільярды даляраў да ўзроўню 3,7 мільярда даляраў, паводле ацэнак Міжнароднага валютнага фонду. (...)

Паводле эканамістаў, праблемы бяруцца перш за ўсё з намаганьня спадара Лукашэнкі мабілізаваць падтрымку перад прэзыдэнцкімі выбарамі ў сьнежні. Ён засунуў руку ў дзяржаўную казну, каб падняць зарплаты і пэнсіі ды павысіць субсыдыі для жыльлёва-камунальнай сфэры і галоўных галінаў прамысловасьці. (...)

Эканамісты, уключна з дасьледнікамі МВФ, заклікаюць да неадкладнага абмежаваньня выдаткаў. Але значныя рэформы, накшталт паніжэньня зарплатаў, былі б «палітычна непрымальнымі для цяперашняй улады», кажа незалежны эканаміст зь Менску Сяргей Чалы. «Гэта пярэчыла б усёй перадвыбарчай рыторыцы».

Замест гэтага, спадар Лукашэнка дае зразумець, што пратэсты ў сьнежні, цяперашнія эканамічныя праблемы краіны і выбух бомбы на мінулым тыдні былі часткамі змовы, каб падарваць ягоную ўладу. (...)

Недахоп афіцыйнай інфармацыі пра стан эканомікі падагравае здагадкі пра тое, што яшчэ ўлады могуць хаваць ад грамадзкасьці, асабліва пасьля выбуху ў мэтро.

Чуткі, што спадар Лукашэнка і ягоныя спэцслужбы могуць стаяць за выбухам у мэтро, шырацца далей, нягледзячы на адсутнасьць нейкіх доказаў.

«Эканамічная сытуацыя ў краіне вельмі цяжкая, цэны на ўсё пайшлі ўгору, а зарплаты засталіся на тым самым узроўні», — сказала 19-гадовая студэнтка Ганна Асяненка. «Гэта было зроблена таму, каб адцягнуць увагу» — дадала яна ў сувязі з выбухам. (...)
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG