Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як ідзе падрыхтоўка да сьвяткаваньня гадавіны БНР? Як улада можа ставіцца да масавых акцыяў у гонар гадавіны БНР?


Днямі камісія палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічнаму прагрэсу адмовіла Аргкамітэту па сьвяткаваньні 90-х угодкаў БНР у прапанове абвясьціць 2008 году Годам беларускай дзяржаўнасьці. Аргкамітэт тым часам працягвае распрацоўваць розныя мерапрыемствы да сьвята. Як ідзе падрыхтоўка да сьвяткаваньня гадавіны БНР? Як улада можа ставіцца да масавых акцыяў у гонар гадавіны БНР? На гэтыя пытаньні адказвае адзін з сустаршыняў аргкамітэту Генадзь Бураўкін

Цыганкоў: “Як ідзе падрыхтоўка да сьвяткаваньня 90-х угодкаў БНР? Якія асноўныя этапы можна адзначыць?”

Бураўкін: “Першае, што сёньня турбуе аргкамітэт—гэта тое, каб пра гэтую гадавіну як мага больш людзей даведалася. Бо ня будзем хаваць, што пра такую важную падзеі ў гісторыі нашай краіны і народа ня так ужо многія дакладна ведаюць. Мы спадзяемся, што ў гэтым нам дапамогуць палітычныя партыі. БНФ, напрыклад, вельмі добра заявіла, бо яны ўжо разглядаюць канкрэтныя пляны, самыя розныя падзеі.

Мы разьлічваем,што грамадзкасьць надасьць гэтаму юбілеі вельмі сур’ёзнае значэньне. Я маю на ўвазе перш за ўсё навукова-практычную канфэрэнцыю пра незалежнасьць і дзяржаўнасьць, якую мы хочам правесьці напярэдадні 25 сакавіка, і масавыя мерапрыемствы, вялікі мітынг, якія пройдуць і напярэдадні, і ў дзень 25 сакавіка, і пасьля. Наагул, і аб гэтым заяўлена ў звароце аргкамітэту да беларускага народу, -- мы хочам, каб увесь 2008 год быў годам беларускай дзяржаўнасьці”.

Цыганкоў: “Як можа ўлада паставіцца да сьвяткаваньня? Летась улада наладзілі на 25 сакавіка канцэрт “За незалежную Беларусь” каля будынку Нацыянальнай бібліятэкі. Тады многія аналітыкі казалі, што ўлада пераймае некаторыя лёзунгі апазыцыі. Ці можна разьлічваць хаця б на неадназначнасьць стаўленьня ўлады?”

Бураўкін: “Я хацеў бы верыць, што чыноўнікі, калі самі ня хочуць прымаць удзел ва ўрачыстасьцях, то хаця б не перашкаджалі таму, што будзе рыхтаваць грамадзкасьць. Але, вядома ж, у мяне ёсьць трывога, што ў час нашых урачыстасьцяў некаторыя антыдэмакратычныя сілы, якія дастаткова ўплывовыя, могуць паспрабаваць сапсаваць нам гэтае сьвята.

Цыганкоў: “У аргкамітэт уваходзіць і шмат маладых людзей. У гэтай сувязі ці прапануюць яны нейкія новыя падыходы, формы сьвяткаваньня?”

Бураўкін: “Зразумела, ёсьць, але не пра ўсе я магу распавесьці. Напрыклад, у Гародні праведзеныя выступы бардаў. Напрыклад, ходзіць такая ідэя -- правесьці напярэдадні 90-х угодкаў агульны беларускі дыктант, прапанаваць людзям тэкст, зьвязаны з нашай незалежнасьцю”.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG