Лінкі ўнівэрсальнага доступу

А.Фінькевіч: "Нас разьмянялі, як бараноў"


Артур Фінькевіч

Артур Фінькевіч

“Лічу, што Лукашэнка пайшоў на саступкі Захаду. Прабачце за такі выраз, але нас разьмянялі, як бараноў”, - заявіў А.Фінькевіч у інтэрвію “Свабодзе”.


14:20 “Рашэньне суду палітычна матываванае. Гэтае вызваленьне стаіць у адным шэрагу з вызваленьнем Зьмітра Дашкевіча, Мікалая Аўтуховіча і Юрыя Лявонава. Лукашэнка шантажуе Расею паляпшэньнем стасункаў з Эўразьвязам. Шантаж гэты адбываецца ня першы год”, – пракамэнтаваў вызваленьне А.Фінькевіча Павал Севярынец.

14:05 А.Фінькевіч выйшаў на волю.

12:25
Адвакатка Ганна Бахціна сустрэлася з А.Фінькевічам і паведаміла пра рашэньне вызваліць яго. Паплечнікам моладзевага актывіста спадарыня Бахціна заявіла, што афармленьне прадцэдуры вызваленьня пачнецца пасьля 14:00.

13:25 М.Статкевіч: Улады хочуць суцішыць расейскі ціск

13:16
В.Івашкевіч: Гэта ня ёсьць шчырай пазыцыяй уладаў

12:00 Каля сьледчай турмы № 4 два дзясяткі паплечнікаў А.Фінькевіча чакаюць, калі яго адпусьцяць на волю.

10:50 Калегія Магілёўскага абласнога суду скасавала пастанову Кастрычніцкага суду Магілёва аб пакараньні Артура Фінькевіча паўтара гадамі зьняволеньня.

11:00
Ганна Бахціна, адвакатка А.Фінькевіча, заявіла “Свабодзе”, што ўжо сёньня пачне займацца вызваленьнем Артура з-пад варты. Паводле закону, хлопца павінны былі вызваліць адразу пасьля рашэньня калегіі, але на разгляд скаргі яго не прывезьлі.

10:30
Пракурор Каранкоў запрасіў для А.Фінькевіча 6 месяцаў і 20 дзён пакараньня.

10:00 Пачалося паседжаньне калегіі. Першай разглядаюць скаргу Артура Фінькевіча.

9:40 Старшыняваць на калегіі Магілёўскага абласнога суду будзе Лілія Гурыновіч.

На разгляд скаргі прыехаў прадстаўнік Амбасады ЗША Луіс Крыжак, палітык Вячаслаў Сіўчык і 2 дзясяткі паплечнікаў А.Фінкевіча.

У залі суду прысутнічаюць 4 міліцыянты ў цывільным.

За паўтары гадзіны да пачатку калегіі пад будынак суду пад’ехаў аўтобус спэцназу міліцыі.

8:45
Калегія Магілёўскага абласнога суду ў крымінальных справах сёньня пасьля дзесяці гадзінаў раніцы разгледзіць касацыйную скаргу актывіста незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Артура Фінькевіча. Разгляд скаргі будзе адкрытым.

Акрамя скаргі зьняволенага актывіста, калегія сёньня мае разгледзець яшчэ сем скаргаў. Усе яны разглядаюцца па чарзе. Парадак разгляду вызначаюць судзьдзі. Пра яго будзе абвешчана ў судовай залі.

20 сьнежня Кастрычніцкі суд Магілёва асудзіў Артура Фінькевіча на паўтара года зьняволеньня з адбыцьцём пакараньня ў калёніях агульнага рэжыму. Судзьдзя Натальля Крашкіна прызнала Фінькевіча вінаватым у парушэньні артыкула Крымінальнага кодэксу “Ухіленьне ад адбываньня пакараньня”.

Ад 26 кастрычніка Артур Фінькевіч утрымліваецца ў Магілёўскай сьледчай турме № 4.

10 траўня 2006 году Першамайскі суд Менску прысудзіў Артуру Фінькевічу два гады зьняволеньня на так званай “хіміі” за графіці палітычнага зьместу. Ад 29 чэрвеня 2006 году да 26 кастрычніка 2007 году Артур Фінькевіч адбываў пакараньне ў Магілёўскай спэцкамэндатуры № 43.


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG