Лінкі ўнівэрсальнага доступу

7 лютага да юбілею ў Нацыянальным мастацкім музэі будзе наладжаная рэтраспэкцыя лепшых працаў мастака.


Аднак, і дзень нараджэньня, і юбілейную выставу Леанід Шчамялёў правядзе не сярод блізкіх яму людзей – за тыдзень да гэтага ён быў шпіталізаваны з дыягназам “мікраінсульт”.

Жонка мастака Сьвятлана Мікалаеўна паведаміла, што муж з падазрэньнем на мікраінсульт шпіталізаваны. Але ўжо днямі яго перавядуць на рэабілітацыю ў Аксакаўшчыну – паводле спадарыні Сьвятланы, стан Леаніда Дзьмітрыевіча нармалізуецца. Літаральна за дзень да шпіталізацыі мастак кантактаваў з карэспандэнтамі Свабоды, і журналісты чарговым разам былі ўсьцешаныя фізычным станам аднаго з найбольш паважаных беларускіх мастакоў.

“Ну, гэта ж справа такая: было ўвесь час нармалёва, а раніцай раптам забалела галава, а гэта наступствы ўсялякія пацягнула. І мы адвезьлі яго ў шпіталь. Але нібыта ўжо лепей, лягчэй, стан стабілізуецца. Але ў цэлым гэта ўсё роўна сур’ёзная справа. Вось зараз еду да яго, пераводзяць у Аксакаўшчыну дзеля рэабілітацыі”, – расказвае Сьвятлана Шчамялёва.

Карэспандэнт: “Што да Аксакаўшчыны, то навіна нібыта нядрэнная?

“Ну, скажам так, адносна...”.

Нельга з адкрытым ротам успрымаць толькі радасьць

Кожны раз, калі пашчасьціць трапіць у майстэрню Леаніда Шчамялёва, ствараецца ўражаньне: ён працуе літаральна так, як быццам гэты дзень апошні. Калегі па мастацкаму цэху ягонай “пладавітасьці” могуць толькі пазайздросьціць. І гэта якраз той выпадак, калі колькасьць ніяк не адбіваецца на якасьці адмоўна. Сам майстра кажа, што некалькі дзясяткаў гадоў імкнецца трымацца звыклага распарадку, які дапамагае яму даводзіць карціну да дасканаласьці:

“У мяне расклад такі: у майстэрні зьяўляюся аб 11-й раніцы. У гэты час добрае сьвятло – не трапляе сонейка, аўра ў майстэрні нейкая срэбраная, я магу тады добра пісаць. І так, без усялякага адпачынку, працую да трэцяй дня. І далей не працую – потым дома кампаную, для гэтага ёсьць стол, флямастэры. А сюды не вяртаюся. Чаму? Каб прыйсьці раніцай і сьвежым позіркам усё дапоўніць. Таму што калі “заб’еш” за дзень вока, губляесься, нешта робіш ня так ці паўтараесься. А тут прыйшоў чалавек сьвежы: ага, убачыў – з чымсьці нязгодны, штосьці ня так. Тады дадаю. Хоць, канечне, ёсьць і парушэньні распарадку. Такога закону, так, а не інакш, натуральна, няма. Я ў гэтым сэнсе абсалютна свабодны чалавек, Бог даў мне магчымасьць рабіць тое, што я сам хачу. Ніхто мяне не прымушае”.

Леанід Шчамялёў перажыў насычанае і складанае жыцьцё. Нарадзіўшыся ў Віцебску, увабраў дух Пэна і Шагала. Прайшоў усю вайну, але, адрозна ад іншых сваіх калегаў, ня стаў баталістам. Таму што хацеў бачыць зоркі ня толькі на салдацкіх касках, але і ў адлюстраваньнях:

“Ёсьць жа прымаўка: можна і ў лужах убачыць зоркі. Вось як толькі глядзець на гэта, як ты сам хочаш гэта бачыць. Зоркі заўсёды ёсьць, і яны могуць адлюстроўвацца, дзе заўгодна. А можна ўвесь час бачыць бруд. Дык вось, я не хацеў бы гэтага. Натуральна, што я не хачу бясконца з адкрытым ротам успрымаць толькі радасьць. Павінна быць думка пра тое, што адбываецца, і як ты да гэтага ставісься. Таму ў нас ёсьць і гісторыя, і стаўленьне да мінулых войнаў, палітычных сэнтэнцыяў, і ўсемагчымыя адносіны да разладу, супрацьстаяньня. Усё гэта павінна быць у мастака. Таму я ў сваёй творчасьці іду ажно да грамадзянскай вайны. Ідуць якіясьці асацыяцыі. Гады 3-4 таму пісаў карціну “На пясчанай касе”, якая зьвязаная зь мінулым. І шмат іншых карцінаў ёсьць, у якіх я вяртаюся да мінуўшчыны. Бо Беларусь – гэта непачаты край гістарызму: ваеннага, патрыятычнага, якога заўгодна”.

Мастацтва, як ні круці, ідэалістычнае

Мастак заўсёды шмат падарожнічаў, аб’ехаў былыя савецкія тэрыторыі і многія краіны сьвету, але апошнім часам з задавальненьнем едзе ў беларускую глыбінку. Там – жыцьцё больш натуральнае, чым у сталіцы:

“Апошнія гады, нягледзячы на ўсе складанасьці матэрыяльныя, дзесьці ў жыцьці (не ў мяне, а ўвогуле ў асяродку: у сям’і, у жыцьці, у дзяржаве, у грамадзтве), усё роўна хочацца бачыць якісьці цікавы настрой, узьнёслы. Адкрыць лепшае, што ты бачыш навокал. Таму што столькі я бачыў дрэннага за сваё жыцьцё! Ня дай Божа любому... І ў той жа час ёсьць на сёньняшні дзень шмат цікавага. Я езьдзіў, прыкладам, па маленькіх гарадох у сувязі са сьвятамі, дык гарады крыху ачысьціліся, сталі сьвяжэйшымі. І людзі больш цікавыя. Быў на Вілейскім вадасховішчы: стаяць, нават крыху “навесяле”, але жывыя, цікава зь імі пагутарыць, цікава ўвайсьці ў іх дух плястыкі, звычайнага побытавага жыцьця. І, канечне, калі мастак гэта адлюстроўвае, мне падаецца, гэта цікава”.

Леанід Шчамялёў не адмаўляецца, што палітычныя працэсы пакідаюць свой сьлед у творчасьці любога мастака. Аднак сапраўднага творцу, згодна з тэорыяй Шчамялёва, рэаліі толькі загартоўваюць, але не “прыгінаюць”. Зрэшты, адваротных прыкладаў пры гэтым таксама нямала:

“Увогуле, калі ўзяць цікавых мастакоў, якіх я ведаю зь мінулага, дык любыя складанасьці жыцьцёвых працэсаў уплываюць, канечне, і на танальнасьць, на ход, на настрой. Але ў аснове – чалавек заўсёды мае на ўвазе захапленьне. Гэта і “Мадонна зь дзіцём”, і Эль-Грэка, які перажыў калясальныя пакуты на сваёй радзіме, і раптам у Італіі яго прызнаюць як выбітнага чалавека! І маса рэчаў! Рублёў робіць “Троіцу” па-за законамі Візантыі. Адкрыў і белы, і жоўты, і блакітны. Для іконы, дзе быў андэграўндны, падвальны, пячорны колеры (яны чорныя самі па сабе былі палотны). А тут – такая радасьць, наблізіўся да боскага адчуваньня ў адносінах, да ідэалістычнасьці. І ўвогуле мастацтва ідэалістычнае. Мы ня робім праўду тую, якая сёньня ёсьць”.

7 лютага ў Нацыянальным мастацкім музэі адбудзецца адкрыцьцё пэрсанальнай выставы Леаніда Шчамялёва, прымеркаванай да 85-гадовага юбілею беларускага мастака.
XS
SM
MD
LG