Лінкі ўнівэрсальнага доступу

В.Аўраменка: Прызначэньне танных беларускіх лекаў – эканомія сродкаў


Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня – магілёўскі лекар Васіль Аўраменка. Цягам тыдня ў ранішнім эфіры мы гаворым зь ім пра розныя бакі стасункаў хворых зь дзяржаўнай сыстэмай аховы здароўя.


Уліцёнак: “Спадар Васіль, ці ёмісты рынак лекаў Беларусі?”

Аўраменка: “Каля трох тысяч прэпаратаў. Але далёка ня ўсё зь іх могуць выкарыстоўваць нашыя дактары”.

Уліцёнак: “У чым праблема?”

Аўраменка: “У тым, што апошнія прыкладна пяць гадоў беларуская мэдыцына працуе па стандартах. Для пэўных хваробаў прапануюцца толькі пэўныя прэпараты. Ну і, вядома, гэта пераважна айчынныя, беларускія лекі. Найперш тое тычыцца стацыянараў і льготных рэцэптаў для інвалідаў, старых людзей і гэтак далей”.

Уліцёнак: “Для чаго ўводзіліся гэтыя стандарты?”

Аўраменка: “У пэрспэктыве будзе такі лекар-кампутар: ставіцца палец, забіраецца кроў па 50 паказчыках. Выдаецца дыягназ і рэцэпт: што прымаць, у якіх дазіроўках… Ну а сёньня стандарты як бы палягчаюць працу доктара, яна становіцца больш мэханічнай”.

Уліцёнак: “Галоўнае, пэўна, усё ж у іншым?”

Аўраменка: “Прызначэньне танных беларускіх прэпаратаў – проста эканомія сродкаў”.

Уліцёнак: “Ці ёсьць прафэсійныя падставы сумнявацца ў эфэктыўнасьці айчынных лекаў?”

Аўраменка: “Нашая фармацэўтычная прамысловасьць ня самая перадавая ў сьвеце. А хворым хочацца лячыцца як мага лепш! Аднак у стацыянарах існуе такая негалосная, а часам нават і адкрытая забарона на прызначэньне лекаў, якія не ўваходзяць у стандарты”.

Улітцёнак: “Мо такая сытуацыя стымулюе беларускую фармацэўтыку?”

Аўраменка: “Пэўныя высілкі дагнаць лідэраў робяцца… Але ўсё ж новыя, найбольш эфэктыўныя прэпараты ў многіх сфэрах – кардыялёгія, нэўралёгія, герыятрыя, анкалёгія й іншыя – занадта па-ранейшаму імпартныя: дарагія, маладаступныя для большасьці”.

Уліцёнак: “Дайце параду шарагоўцу: што рабіць?”

Аўраменка: “Ёсьць і айчынныя прэпараты, якія не намнога саступаюць там самым лепшым – файзераўскім ці лекам нейкіх іншых славутых брэндаў”.

Уліцёнак: “І ўсё ж: лепшы танныя айчынныя ці дарагія замежныя лекі?”

Аўраменка: “Напрыклад, калі імпартныя каштуюць у 8-10 разоў больш, то эфэктыўнасьць адпаведна разы ў 3-4 лепшая за нашу. Аднак тут трэба арыентавацца на іншае: на кансультацыі са сваім доктарам”.
XS
SM
MD
LG