Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сочы: Тры волаты ці “гульня трох котак з адной мышкай”?


У чым быў сэнс учорашняй сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзімера Пуціна? Якія пытаньні на ёй абмяркоўваліся або маглі абмяркоўвацца, што засталося за кадрам? Якое значэньне мае тое, што ў Сочы адбылася сустрэча кіраўніка Беларусі з кандыдатам на прэзыдэнта Дзьмітрыем Мядзьведзевым? Гэтыя пытаньні ў “Праскім акцэнце” абмяркоўваюць рэдактар аналітычнага бюлетэню кампаніі БелаПАН Аляксандар Класкоўскі, рэдактар часопісу “Россия в глобальной политике” Фёдар Лук'янаў і аглядальнік нашага радыё Віталь Цыганкоў.


Дракахруст: "Што стала прычынай нечаканай сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзімера Пуціна ў Сочы ў мінулую нядзелю? Напярэдадні іх сьнежаньскай сустрэчы было шмат чутак, страхаў, надзеяў, але пасьля яе завяршэньня здавалася, што бакі вызначылі рамкі адносінаў на пэрыяд да і нават пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Расеі. Дык навошта спатрэбілася сочынская сустрэча, што на ёй вырашалі ці маглі вырашаць такога, што абавязкова трэба было вырашыць да выбараў? Аляксандар Класкоўскі, як Вы мяркуеце?

Класкоўскі: "Мне здаецца, што гэтым разам прэсавая служба Аляксандра Лукашэнкі шчыра і адэкватна паведаміла, што гэтая сустрэча ў Сочы ёсьць "лягічным працягам сьнежаньскіх дамоўленасьцяў паміж двума прэзыдэнтамі". Адзінае "маленькае" пытаньне – пра што ж тады дамовіліся два прэзыдэнты, бо аналітыкі дагэтуль ломяць дзіды і спрачаюцца, адны кажуць, што дамоўлена пра "зялёнае сьвятло" для эканамічнай расейскай экспансіі, іншыя мяркуюць, што сёлета нарэшце адбудзецца гэты страшэнны аб'яднаўчы рэфэрэндум і г.д. Дарэчы, калі паглядзець на справаздачы расейскіх мэдыяў пра гэтую сустрэчу 3 лютага, то даходзіць да анэкдотаў, мы ўжо ведаем, якія гатункі гарбаты пілі Лукашэнка і Мядзьведзеў ля гэтай гарналыжнай трасы. А пра што канкрэтна гаварылі – акрамя "асаблівасьцяў сочынскіх трасаў", што выклікае ўсьмешку – мы так і ня ведаем. Але, відаць, можна зрабіць выснову, што Масква ўсё ж вырашыла ўжываць тактыку "кароткага павадка". Бо раней бывала так, што зь беларускага боку гучалі нейкія абяцаньні, так было і перад выбарамі 2001 году, і пазьней, а потым гаварылася, што "вы, хлопцы, нешта ня так зразумелі, мы не дамаўляліся так далёка ісьці і так шмат ахвяраваць". Цяпер Масква вырашыла вызначаць кантрольныя пункты і з пэўнай пэрыядычнасьцю рабіць праверку папярэдніх дамоўленасьцяў, ці належным чынам яны выконваюцца".

Дракахруст: “Фёдар Лук'янаў, а якое Ваша меркаваньне? У чым была прычына, у чым і ў каго была патрэба ў гэтай сустрэчы?”

Лукьянаў: “Мы мала ведаем пра рэальны парадак дня паміж Пуціным і Лукашэнкам, але я ня думаю, што там было нешта асаблівае. Напярэдадні сьнежаньскай сустрэчы, якая супала з гарачай фазай вызначэньня будучай мадэлі ўлады ў Расеі, шлі інтэнсіўныя размовы, чуткі пра зьмены ў дзяржаўнай пабудове абедзьвюх краін. Але высьветлілася, што ўсё гэта не адпавядае рэчаіснасьці, цяпер, зразумела, патрэба ў гэтым ў Расеі, калі і была, то зьнікла. Так што цяпер прэзыдэнты могуць абмяркоўваць зусім дзелавыя пытаньні, а дзелавое пытаньне, ўласна, толькі адно. Расея ў пэрспэктыве робіцца галоўным крэдыторам Беларусі, і калі гэтая тэндэнцыя ўмацуецца, то залежнасьць Беларусі ад Расеі будзе ўзрастаць. Я мяркую, што ідзе размова пра ўмовы гэтай залежнасьці. Ведаючы прэзыдэнта Лукашэнку, можна ўпэўнена сказаць, што ён будзе імкнуцца зьменшыць той самы эканамічны "павадок" за кошт палітычных, а дакладней, геапалітычных прапановаў.

Апошняе, што цяпер аб'ядноўвае ў ідэалёгіі Расею і Беларусь – гэта актыўнае непрыняцьце пашырэньня НАТА, і наагул актывізацыі заходніх структураў бясьпекі на захадзе ад Расеі і Беларусі. Але ў астатнім я ня бачу прынцыповых магчымых пунктаў парадку дня.
Здаецца, што прэзыдэнт Лукашэнка перажыве на сваёй пасадзе ўжо другога прэзыдэнта Расеі і наступная сустрэча будзе з прэзыдэнтам Мядзьведзевым".

Дракахруст: “Спадар Лук'янаў, ну ўсё ж, здавалася б, цяпер ідзе выбарчая кампанія, пры ўсёй умоўнасьці гэтага паняцьця ў сёньняшняй Расеі, і чаму, дзеля якіх мэтаў Пуцін выдзяляе час у сваім шчыльным графіку, каб сустрэцца зь беларускім калегам?”

Лукьянаў: “А чым уласна Пуцін заняты ў сувязі з выбарамі? Асаблівасьць выбарчай кампаніі ў Расеі ў тым, што, па-першае, яе па сутнасьці няма, а па-другое, нават калі яна і будзе ў нейкіх формах, то яна ня мае ніякага значэньня, бо вынік выбараў стаў вядомы ў той дзень, калі быў вызначаны пераемнік Пуціна.
Асаблівасьць выбарчай кампаніі ў Расеі ў тым, што яе па сутнасьці няма.
Ф. Лукьянаў
Так што пытаньне, ці зьвязаная сустрэча ў Сочы з выбарчай кампаніяй, проста недарэчнае, зразумела, што не зьвязаная. Кампанія, можна сказаць, скончылася, і засталося элемэнтарнае юрыдычнае афармленьне.

Адзінае, што Пуцін падводзіць вынікі свайго васьмігадовага тэрміну. І адносіны зь Беларусьсю былі з самага пачатку адной з самых раздражняльных тэмаў. Амаль адразу пасьля прыходу Пуціна да ўлады пачаліся ўсялякія зыгзагі.

Праект саюзнай дзяржавы, які фармальна існуе дагэтуль, па сутнасьці скончыўся з завяршэньнем эры Ельцына. Я мяркую, што бліжэйшым часам Пуцін будзе вельмі сур'ёзна займацца пытаньнямі сваёй гістарычнай спадчыны, бо яны для яго важныя. Я бы ўпісваў учорашнія перамовы ў такі кантэкст, а ня ў нейкія бягучыя палітычныя інтрыгі".

Дракахруст: "Віталь Цыганкоў, паводле афіцыйнага камюніке два лідэры сустрэліся, каб абмеркаваць, як Беларусь будзе дапамагаць Расеі рыхтаваць Сочы да Алімпіяды. Як заўважыў Аляксандар, гэта гучыць як зьдзек над шаноўнай публікай.

Напярэдадні сьнежаньскай сустрэчы шмат гаварылася пра тое, што на ёй будзе агучаны пафасны інтэграцыйны праект. Нічога такога не адбылося ані ў сьнежні, ані цяпер. Кажуць, што гэта было прадметам сакрэтных пагадненьняў. Але ўзьдзеяньне інтэграцыйных праектаў – як раз у іх гучным абнародваньні. Дык у чым жа сэнс таго, каб за месяц да выбараў яшчэ раз сустракацца?"

Цыганкоў: "Вы прыгадалі афіцыйныя паведамленьні пра тэмы сустрэчы. Я б дадаў яшчэ некаторыя зь іх, такія інтрыгоўныя, як пастаўкі беларускай сельгастэхнікі ў Расею, а таксама "ўзаемадзеяньне ў сфэры спорту і турызму". Можна ўявіць сабе, што лідэры дзьвюх краін сустракаюцца і абмяркоўваюць узаемадзеяньне ў гэтых надзвычай важных сфэрах.

Зразумела, што ня гэтыя тэмы былі асноўнымі. Цяпер аналітыкі сьмяюцца, што ўся паліталёгія беларуска-расейскіх адносінаў усё больш нагадвае заходнюю крэмліналёгію часоў "халоднай вайны", калі высновы пра савецкую палітыку рабіліся праз аналіз выразу твараў членаў палітбюро на трыбуне Маўзалея.

Цалкам верагодна, што Масква на гэтым этапе паабяцала ставіцца больш лагодна да Беларусі, ня ведаю, колькі ён працягнецца – год, паўгода, тры месяцы. І Лукашэнка, адчуваючы гэты спрыяльны для яго момант, хоча выцягнуць зь яго як мага больш. Вось ён выцягнуў крэдыт, хоча выцягнуць яшчэ адзін, хоча выцягнуць абяцаньне наконт магчымасьці паставак беларускай прадукцыі на расейскі рынак.
А Масква, што зразумела, ня хоча на гэтым зашмат згубіць. Для яе гэтая тэма – ня самая галоўная, але для яе важна, каб цяпер не ўзьнімаліся рэзкія палітычныя пытаньні, каб не было рэзкіх палітычных заяваў, каб Аляксандар Лукашэнка паводзіў сябе ціха і спакойна хаця б бліжэйшыя 3-5 месяцаў, калі палітычнай Маскве будзе не да беларускага пытаньня".

Дракахруст: "Віталь, а можа ўсё прасьцей? Я хачу прыгадаць, што сьнежаньская сустрэча адбывалася паміж абвяшчэньнем Мядзьведзева "кронпрынцам" самім Пуціным і зьездам "Едіной Россіі", дзе адбылося афіцыйнае вылучэньне яго кандыдатам. І ў сьнежаньскай сустрэчы ён наагул ня ўдзельнічаў.

Зараз адбылося знаёмства Лукашэнкі зь Мядзьведзевым у новай якасьці – у якасьці кандыдата на прэзыдэнта. Вы маеце рацыю. Публіцы была паказаная карцінка – Лукашэнка, Мядзьведзеў, Пуцін. Можа ў гэтай карцінцы і быў увесь сэнс: паказаць пераемнасьць палітыкі, паказаць, якія добрыя адносіны з Беларусьсю і ў новага кіраўніка Расеі. Каб Лукашэнка крышачку паўдзельнічаў у расейскай выбарчай кампаніі (вось Фёдар лічыць, што Крамлю гэта ня трэба, але сытуацыя зь нерэгістрацыяй Касьянава паказвае, што там страхуюцца на 150%). Лукашэнка ж не сустракаецца ні зь Зюганавым, ні з Жырыноўскім, ні з Багданавым"

Крамлю трэба, каб на беларускім "фронце" цяпер было ўсё спакойна.
В. Цыганкоў
Цыганкоў: "Гэты аспэкт, безумоўна, прысутнічаў. Але, як той казаў, і дзеля гэтага трэба было ехаць? Гэта трэба расейскаму кіраўніцтву, але яны разумеюць, што цяпер не 1996 год і Аляксандар Лукашэнка зараз ня будзе выступаць на баку апазыцыйных кандыдатаў. Гэта зараз было б для яго калі ня чыстым самагубствам, то нечым блізкім да гэтага.
Такая дэманстрацыя адзінства для Крамля важная, але не крытычна важная. Ня тое, што гэта прынясе нейкі вялікі "ўлоў" галасоў на выбарах, тут хутчэй тое, пра што я казаў: Крамлю трэба, каб на беларускім "фронце" цяпер было ўсё спакойна, мір, сяброўства, пастаўкі сельгаспрадукцыі, пабудова беларускіх аб'ектаў у Краснай паляне, і безумоўна "ўзаемадзеяньне ў галіне спорту і турызму".

Дракахруст: "Аляксандар, пэўныя рамкі далейшых адносінаў былі вызначаныя падчас сьнежаньскай сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна. Нехта можа лічыць, што Пуцін і пасьля 2 сакавіка будзе ўсім кіраваць у Расеі, што насамрэч невідавочна. Магчыма, Лукашэнка пайшоў на гэтую сустрэчу і нават ініцыяваў яе, каб пачуць пацьвярджэньне сьнежаньскіх пагадненьняў з вуснаў чалавека, які пасьля 2 сакавіка будзе гаспадаром Крамля".

Класкоўскі: "Згодны цалкам. У мяне на языку круціцца юрыдычная формула "вочная стаўка". З аднаго боку натуральна, што беларускі кіраўнік быў зацікаўлены ў тым, каб пераемнік асабіста заявіў, што, маўляў, будзем падтрымліваць Беларусь, ня будзем надта задзіраць кошты на энэрганосьбіты і г.д. А зь іншага боку і Пуцін быў зацікаўлены ў такой "вочнай стаўцы", бо сам Пуцін неаднойчы апынаўся ў цяжкой сытуацыі, калі ён пасьля Ельцына пачаў кіраваць Расеяй і займацца інтэграцыйнымі справамі. Бо зь беларускага боку ўжывалася піяраўская антытэза, што, маўляў, быў шчыры прыхільнік братняй, раўнапраўнай інтэграцыі Ельцын, а потым, перафразуючы вядомы анэкдот, "пришел подполковник Путин и все опошлил", пачаў казаць пра "мух і катлеты" і таму падобнае.

Каб не было падставы для такой антытэзы, і было зроблена такое спатканьне вочы ў вочы, усё прагаварылі, і каб потым спэкуляцыяў на тэму, што хтосьці штосьці не зразумеў, не было".
  • 16x9 Image

    Юры Дракахруст

    Журналіст. Нарадзіўся ў 1960 г. Зь 2000 г. — супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Радыё Свабода ў Празе. Ляўрэат прэміі Беларускай асацыяцыі журналістаў (1996).
     

XS
SM
MD
LG