Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“Прэзыдэнт у Расеі будзе той самы, толькі зь іншым прозьвішчам”


Як могуць зьмяніцца дачыненьні паміж Расеяй і Беларусьсю пасьля расейскіх прэзыдэнцкіх выбараў? Ці можна чакаць зьменаў? На гэтыя пытаньні нашага карэспандэнта адказвалі гарадзенцы.


Спадарыня: “Мы хацелі б, каб нічога не зьмянялася ў дачыненьнях паміж Беларусьсю і Расеяй, каб усё засталося па-ранейшаму. Нам вельмі падабаюцца гэтыя адносіны і цалкам нас задавальняюць”.

Яе муж: “Так, я падтрымліваю жонку, я думаю, што будзе тое ж самае. Прэзыдэнтам стане Мядзьведзеў, ён будзе працягваць палітыку Пуціна”.

Спадар: “Карэнным чынам наўрад ці што-небудзь зьменіцца. Тым болей што ўплыў папярэдняга прэзыдэнта — Пуціна — застанецца моцным. Таму чакаць зьменаў курсу не даводзіцца”.

Малады спадар: “Я думаю, што зьменаў ня будзе. Усё роўна ж, здаецца, Пуцін застанецца там на пасадзе кіраўніка ўраду, і я думаю, што палітыка адносна нас будзе тая ж самая. Іншымі словамі, дачыненьні будуць такімі ж самымі, як былі”.

Малады спадар: “Нас цягнуць, даюць крэдыты, мы знаходзімся ў хвасьце, мы патрэбныя Расеі як буфэр. А самі мы бязь іх ня можам, так атрымліваецца. Я хацеў бы, каб мы жылі сваім розумам. Хай бы мы былі маленькія, бедныя, але спрабавалі б сваімі сіламі ўзьняць сваю эканоміку, сваю краіну, жылі, кахалі, як умеем, без падказкі нашых суседзяў”.

Спадар: “Дачыненьні ніяк ня зьменяцца. Прэзыдэнтаў расейскіх я ні аднаго, ні другога не па-ва-жаю”.

Карэспандэнт: “Вы маеце на ўвазе якога другога?”

Спадар: “Таго, які, можна лічыць, ужо абраны. Разумееце? Мядзьведзева. Я іх абодвух не люблю. Яны — марыянэткі, у адносінах да нас дзейнічаюць несправядліва, таму я іх не люблю, вось і ўсё”.

Спадар: “Я думаю, што дачыненьні могуць памяняцца ў горшы бок, у лепшы — не. Мядзьведзеў, калі будзе прэзыдэнтам, будзе больш жорстка сябе паводзіць у адносінах да нашай краіны і яе прэзыдэнта — мая такая думка”.

Малады спадар: “Ня будзе чаго мяняцца гэтым дачыненьням, прэзыдэнт у Расеі будзе той жа самы, толькі зь іншым прозьвішчам”.

Малады спадар: “Я думаю, што дачыненьні могуць памяняцца, бо ў Расеі, як і ў Беларусі, усё залежыць ад асобы кіраўніка. У эканамічнай сфэры зьмены будуць абавязкова. Мядзьведзеў прагматык, таму дачыненьні Расеі і Беларусі будуць будавацца на рынкавых прынцыпах. Таму й падвышэньне цаны на газ для Беларусі непазьбежнае”.
XS
SM
MD
LG