Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Камітэт абароны журналістаў” -- пра Беларусь


Міжнародная арганізацыя “Камітэт абароны журналістаў” апублікавала штогадовую справаздачу за 2007 год пад загалоўкам “Атакі супраць прэсы”. З дакумэнту вынікае, што за мінулы год, падчас выконваньня сваіх абавязкаў загінулі 65 журналістаў, найболей за апошнія 13 гадоў.


Самым небясьпечным месцам працы для журналістаў быў Ірак, дзе летась загінулі 32 журналісты, а таксама Самалі, Пакістан, Шры Ланка, Эрытрэя, Гаіці. Паводле справаздачы, у дзясятках іншых краін сьвету, акрамя забойстваў, журналісты былі аб’ектамі розных формаў перасьледу: зьбіваньня, нападаў, зьняволеньня, цэнзуры і прыцягненьня да судовай адказнасьці.

Паводле справаздачы “ Камітэту абароны журналістаў”, цягам 2007 году, беларускія ўлады ў прыватнасьці узмацнілі кантроль за інтэрнэтам. Савет Міністраў ухваліў закон, які пад выглядам барацьбы з парнаграфіяй ды інфармацыяй небясьпечнай для грамадзкага парадку, дазваляе супрацоўнікам КДБ кантраляваць сеціва, інтэрнэт-кафэ і блякаваць доступ да інтэрнэт-старонак. На беларускім дзяржаўным радыё і тэлебачаньні насамрэч няма незалежнай інфармацыі, а ўлады пільна кантралююць апошнія недзяржаўныя, друкаваныя выданьні, гаворыцца ў справаздачы.

У Беларусі абмежаваньне выхаду незалежных выданьняў вельмі часта адбываецца шляхам зрыву дамовы паміж друкарняй і газэтай, альбо паміж поштай і газэтай. У выніку адмовы друкаваньня пацярпела газэта “Віцебскі кур’ер”, а “ Белпошта” і “ Саюзпечаць” адмовіліся распаўсюджваць агулам 16 незалежных выданьняў такіх як “Народная воля”, “Наша Ніва”, Свободные новости плюс”. У жніўні летась міліцыя ўварвалася ў офісы “ Народнай волі”, канфіскавала кампутары ды іншае абсталяваньне. Падчас аналягічнага рэйду на рэдакцыю газэты Партыі камуністаў “Товарищ” былі канфіскаваныя 10 тысяч асобнікаў выданьня, у якім была зьмешчаная інфармацыя пра плянаваную акцыю апазыцыі.

“Камітэт абароны журналістаў” згадвае розныя формы перасьледу беларускіх журналістаў, арышты паводле самых дробных і неканкрэтных абвінавачаньняў кшталту “хуліганства і брыдкаслоў’е", альбо адсутнасьць акрэдытацыі. У прыватнасьці за спробу асьвятленьня мясцовых выбараў ў студзені, з выбарчых участкаў ў Менску і Віцебску былі выгнаныя журналіст “Народнай волі” Валер Шчукін і фатограф Юры Дзядзінкін. Ў чэрвені той жа Шчукін, нібыта за абразу сяброў выбарчага камітэту, быў пакараны штрафам амаль ў паўтары мільёна рублёў.

У дакумэнце адзначаецца, што на парушэньні свабоды прэсы ў Беларусі шэраг разоў зьвярталі ўвагу міжнародныя інстытуты, у прыватнасьці кіраўнік Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы Рэнэ ван дэр Ліндэн. З гэтай жа прычыны ў траўні летась, часткова дзякуючы крытыцы з боку Беларускай асацыяцыі журналістаў, Беларусь не атрымала месца ў Радзе правоў чалавека ААН.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG