Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Эфір 1 лютага.


31 студзеня Аляксандар Лукашэнка прыняў амбасадара Нямеччыны Гебхарта Вайса. Што хацеў давесьці кіраўнік Беларусі Эўразьвязу, Нямеччыне? Ці ёсьць нейкая наўпроставая сувязь паміж нядаўнім візытам у Менск расейскага міністра замежных справаў Лаўрова і сустрэчай Лукашэнкі зь нямецкім амбасадарам? Як выбары ў Палату прадстаўнікоў Беларусі могуць паўплываць на дачыненьні афіцыйнага Менску з Захадам?

Удзельнікі: палітычны аглядальнік Аляксандар Фядута і палітоляг Віталь Сіліцкі.

“Гульня з Захадам не прыпынілася”

Валер Карбалевіч: “Увесь мінулы год афіцыйны Менск спрабаваў размарозіць палітычныя дачыненьні з Захадам, рабіў пэўныя прапановы ў эканамічнай сфэры, нават пачаў гульню ў лібэралізацыю. Але з гэтага, па вялікім рахунку, нічога не атрымалася. Эўразьвяз (ЭЗ) і ЗША цьвёрда прытрымліваліся пазыцыі, што спачатку беларускія ўлады павінны зрабіць рэальныя крокі да дэмакратызацыі, і толькі потым у адносінах зь Беларусьсю можа пачацца пацяпленьне.

Пасьля сьнежаньскага візыту ў Менск Пуціна пачалося пэўнае пацяпленьне ў адносінах паміж Беларусьсю і Расеяй. Адразу ўсьлед за гэтым прагучалі рэзкія заявы Лукашэнкі на адрас ЗША і амэрыканскай амбасады. Як адзначыў шмат хто з экспэртаў, гульня з Захадам на пэўны час прыпыняецца. Таму ўчорашняя сустрэча Лукашэнкі зь нямецкім амбасадарам Вайсам здалася нечаканай. У чым сэнс гэтай сустрэчы? Што хацеў давесьці Лукашэнка ЭЗ, Нямеччыне?

Аляксандар Фядута: “Гульня з Захадам не прыпынілася. Лукашэнка праводзіць тактыку расколу заходніх краінаў. Нібыта ЗША праводзіць дрэнную палітыку, а ЭЗ – не, таму мы будзем мець справу з Эўропай. Гэтая тактыка можа апраўдаць сябе, калі Беларусь будзе рабіць канкрэтныя крокі.

Сапраўды, ЭЗ — мякчэйшы апанэнт Менску, чым ЗША. Бо ў адносінах паміж Эўразьвязам і Беларусьсю ёсьць эканамічныя рэаліі, якіх амаль няма ў дачыненьнях паміж Беларусьсю і Злучанымі Штатамі. А ў ЭЗ для такой тактыкі выбраная краіна, зь якой у Беларусі найлепшыя стасункі, то бок Нямеччына”.

Карбалевіч: “Большая частка заявы Лукашэнкі на пачатку размовы, у прысутнасьці прадстаўнікоў мэдыяў, складалася з папрокаў на адрас Захаду, які нібыта праводзіць няправільную палітыку ў дачыненьні да Беларусі. Як можна працягваць руку да супрацоўніцтва і адначасова папракаць? Калі прапаноўваюць руку і сэрца, то звычайна хваляць таго, каму прапануюць”.

Фядута: “Усё можа быць. Мы проста ня ведаем, пра што ішла размова, калі журналісты сышлі”.

Віталь Сіліцкі: “Лукашэнка на хаваў свайго нэгатыўнага стаўленьня да палітыкі Эўропы. Але я ня згодзен са сп. Фядутам наконт тактыкі расколу паміж ЭЗ і ЗША. Лукашэнка праводзіць тактыку расколу паміж Нямеччынай і іншымі краінамі Эўразьвязу ў дачыненьні да Беларусі. Ці як мінімум – курс на раскол амбасадарскага корпусу ЭЗ у Менску. Не сакрэт, што сп. Вайса мае ў пытаньні дачыненьняў зь Менскам іншую пазыцыю, чым іншыя эўрапейскія дыпляматы.

Афіцыйны Менск працягвае гульню з ЭЗ. Але гэта не сур’ёзная гульня, а хутчэй гульня ў даміно. Бо гэта толькі сродак падвысіць стаўкі ў сапраўднай гульні, якую Лукашэнка вядзе з Расеяй. Ён імкнецца вытаргаваць лепшыя ўмовы геапалітычнага патранату Расеі над Беларусьсю”.

Карбалевіч
: “Сам факт прыёму кіраўніком дзяржавы замежнага амбасадара, калі толькі гэта не пачатак і не канец дыпляматычнай працы амбасадара, незвычайны. Ня царская гэта справа. Нават міністар замежных справаў сустракаецца з замежным амбасадарам рэдка, для гэтага павінна быць сур’ёзная нагода”.

Сіліцкі: “Думаю, Лукашэнка атрымаў задавальненьне ад публічнай лупцоўкі Захаду перад тэлевізіяй. Лупцаваць Эўропу – гэта якраз царская справа”.

Расейскі чыньнік у адносінах Беларусі з Захадам

Карбалевіч
: “Два дні таму Менск наведаў расейскі міністар замежных справаў Лаўроў. На выніковай прэсавай канфэрэнцыі міністры замежных справаў Беларусі і Расеі даволі акцэнтавана крытыкавалі палітыку заходніх краінаў адносна Беларусі. Ці ёсьць нейкая наўпроставая сувязь паміж візытам Лаўрова і сустрэчай Лукашэнкі зь нямецкім амбасадарам?”

Фядута
: “Няма сувязі. Сп. Лаўроў прыяжджаў нават не з працоўным візытам, а каб узяць удзел у сумеснай калегіі, якія праводзяцца рэгулярна. Бо гульня ў саюзную дзяржаву не спыняецца. І заўсёды падчас такіх мерапрыемстваў адбываецца крытыка Захаду, які супрацьстаіць працэсу інтэграцыі. Таму надаваць візыту сп. Лаўрова значны сэнс няправільна”.

Сіліцкі
: “Дачыненьні Беларусі і Расеі досыць рутынізаваныя. Пасьля канфліктаў усё вяртаецца на кругі свае. Гэта адбылося ў сьнежні, калі Пуцін наведаў Менск.

Таксама адбываецца пэўная рутынізацыя і ў дачыненьнях паміж Беларусьсю і ЭЗ. Эўропа – другі пасьля Расеі эканамічны партнэр Беларусі. Але нейкіх якасных зрухаў у гэтых дачыненьнях я не назіраю. Такімі зрухамі можна было б лічыць, напрыклад, інфармацыю, што эўрапейцы зоймуцца будоўляй беларускай АЭС”.

Парлямэнцкія выбары і дачыненьні з Захадам

Карбалевіч
: ““Амбасадар Нямеччыны сп. Вайс адзначыў, што дачыненьні ЭЗ зь Беларусьсю будуць залежаць ад таго, як пройдуць у Беларусі парлямэнцкія выбары. Як вы можаце пракамэнтаваць гэтую тэзу?

Фядута: “Папярэднім месцам службы сп. Вайса быў Казахстан. Яму ёсьць з чым параўноўваць. У адносінах да Беларусі і Казахстана ў ЭЗ існуюць розныя стандарты. Амбасадар выказаў шчырае пажаданьне. Яму здаецца, што шчырая размова з кіраўніком дзяржавы можа паўплываць на вынікі выбараў. Але ён памыляецца, бо ня ведае, што звычайна такія размовы ні да чога не прыводзяць.

Але беларускія ўлады сапраўды могуць прыняць рашэньне, каб сярод 110 дэпутатаў, сьпісы якіх, як я разумею, абмеркаваныя і зацьверджаныя, зьявіліся 3—4 знакавыя постаці. Пра іх скажуць, што гэта новая апазыцыя, цяпер давайце размаўляць наконт эканомікі. І тады сапраўды можа паскорыцца вырашэньне эканамічных пытаньняў з ЭЗ”.

Карбалевіч: “Калі ў Палаце прадстаўнікоў зьявяцца тры знакавыя постаці беларускай апазыцыі, то гэта для Беларусі будзе амаль што рэвалюцыя”.

Фядута: “Калі там зьявяцца спадары Лябедзька, Вячорка, Калякін, то гэта сапраўды будзе рэвалюцыя для Беларусі”.

Сіліцкі: “Цяжка казаць пра ўвесь ЭЗ, буду казаць пра Нямеччыну. Яна найбольш (за выключэньнем суседніх зь Беларусьсю краінаў) зацікаўлена ў добрых дачыненьнях зь Менскам. Гэта афіцыйная лінія Бэрліну.

Але каб гэтыя стасункі палепшыліся, патрэбны мінімум прыстойнасьці ў паводзінах беларускіх уладаў. Можа, пра гэта і ішла гаворка на сустрэчы.

Але ці рэалістычныя спадзяваньні Бэрліну? Мне здаецца, што беларускія ўлады за апошнія 10—12 гадоў прыйшлі да высновы: дыялёг пачынаецца не тады, калі яны ідуць на саступкі, а тады, калі яны цьвёрда стаяць на сваім. У такім выпадку Захад ад безнадзейнасьці гатовы шукаць шляхі кампрамісу. Аднак такі ўрок ня вельмі добра засвоілі эўрапейцы”.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG