Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што клапоціць актыўных жанчын Магілёўшчыны?


Учора ў Магілёве адбыўся сход грамадзкіх і прафсаюзных актывістак.


На працягу чатырох гадзінаў у прыватным грамадзкім цэнтры дваццаць актывістак абмяркоўвалі праблемы жаночага дэмакратычнага руху на Магілёўшчыне ды шукалі шляхі кансалідацыі жаночых асяродкаў у рэгіёне. На сход да магілёўскіх актывістак прыехалі іхныя каляжанкі з Горак ды Менску. Чым заклапочаныя грамадзка актыўныя жанчыны Магілёўшчыны?

Адказаць на пытаньне, што сабою ўяўляе жаночы рух на Магілёўшчыне, цяжка. Статыстыкі наконт гэтага няма. Вядома, што найбольш актыўныя жаночыя асяродкі знаходзяцца ў Магілёве й Бабруйску. Час ад часу сваю актыўнасьць праяўляюць жаночыя асяродкі ў Горках, Крычаве, Асіповічах ды Бялынічах.

“Нягледзячы на цяжкасьці, жаночы дэмакратычны рух усё ж знаходзіцца на ўздыме”, — зазначыла “Свабодзе” адна з ініцыятарак сходу магілёўскіх актывістак, старшыня няўрадавай арганізацыі “Беларуская жаночая ліга” Ніна Стужынская:
Ніна Стужынская

“Ёсьць пазытыўныя тэндэнцыі: гуртавацца жанчынам, ствараць салідарныя сеткі. Вось тут я бачу прадстаўніц ня толькі Магілёва, але і другіх гарадоў Магілёўшчыны – гэта вельмі радуе. Тут ужо прагучала думка, што, нягледзячы на партыйныя рознагалосьсі, жанчыны маюць намер стварыць жаночую сетку Магілёўшчыны”, — мяркуе Ніна Стужынская.

Сярод праблемаў, якія замінаюць жаночаму дэмакратычнаму руху Магілёўшчыны эфэктыўна разьвівацца, удзельніцы сходу адзначылі заніжаную самаацэнку сацыяльна актыўных жанчын:

“Трэба выхоўваць погляд жанчын на саміх сабе, падымаць самасьвядомасьць, годнасьць, самапавагу. Гэта дужа складана, гэта працяглы працэс, але гэта трэба рабіць, бо жанчыны сацыяльна актыўныя, яны дзейнічаюць, але самі сябе яны ўсё адно адводзяць на другія ролі”, — зазначае грамадзкая актывістка Надзея Салаўёва.

На думку актывістак, заніжаная самаацэнка жанчыны не дае зьявіцца на палітычнай сцэне беларускай Юліі Цімашэнцы.

Удзельніцы сустрэчы таксама адзначылі як праблему нераўнапраўе між жанчынамі й мужчынамі.
Мужчыны працягваюць разглядаць жанчын толькі як выканаўцаў сваіх рашэньняў


“Мужчыны працягваюць разглядаць жанчын толькі як выканаўцаў сваіх рашэньняў”, — наракалі на сходзе актывісткі.

Зь якім клопатам прыехалі ў Магілёў актывісткі з Горак?

“Самае актуальнае для нас цяпер — прадпрымальніцтва. Шмат хто застаўся бяз працы. Горад у нас маленькі. Дужа шмат у нас, у асноўным, жанчын засталося беспрацоўных. Гэта ў нас усё абмяркоўваецца жыва”, — кажа грамадзкая актывістка Алена Куськова.

А ці можа праблема прадпрымальніцтва арганізаваць горацкіх жанчын на абарону сваіх правоў? Працягвае Алена Куськова:

“Нават ня ведаю, шчыра кажу, бо людзі баяцца, дужа моцна баяцца”.

Удзельніцы сходу пастанавілі бліжэйшым часам ініцыяваць правядзеньне жаночага форуму Магілёўшчыны і выпрацаваць на ім супольную стратэгію разьвіцьця жаночага руху ў рэгіёне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG