Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня старшыню АГП Анатоля Лябедзьку ня выпусьцілі ў Літву, дзе ў яго быў заплянаваны шэраг сустрэчаў з дэпутатамі літоўскага сэйму.


На памежным пераходзе “Каменны лог” яму паставілі штамп “у выезьдзе адмоўлена”.

Анатоль Лябедзька заявіў:

"Гэта чыстая палітыка. Тут няма права. Я думаю, Аляксандра Рыгоравіча душыць жаба, што яго апанэнты выяжджаюць за мяжу і маюць сустрэчы на самым высокім узроўні. Таму і было прынята гэта палітычнае рашэньне пасьля нашай паездкі ў Вашынгтон".

На пачатку 2008 года А.Лябедзька атрымаў уведамленьне пра забарону на выезд зь Беларусі. Гэта рашэньне было прынята на падставе крымінальнай справы нібыта за паклёп на прэзыдэнта Беларусі.

Справу амаль 4 гады таму завяла Менская гарадзкая пракуратура. Паклёп сьледчыя западозрылі ў выказваньнях, якія Анатоль Лябедзька зрабіў у праграме Мікалая Сванідзэ “Зеркало” на тэлеканале РТР. Праграма выйшла ў эфір у сакавіку 2004 году. Палітыка паўгода выклікалі на допыты, а потым сьледчыя дзеяньні спыніліся.

А.Лябедзька сказаў:

"Я буду дамагацца, каб пракуратура альбо перадала маю крымінальную справу на разгляд у суд, альбо каб яны яе зачынілі. Бо сама крымінальная справа абсалютна здохлая кошка, ад яе такі пах ідзе, што непрыемна нават самой пракуратуры".



Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG