Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадпрымальнікі абураюцца, што ў паліклініках ім сталі адмаўляць у бальнічным лісьце, патрабуючы ад іх даведку аб тым, што яны заплацілі падаткі.


Мэдыкі спасылаюцца на тое, што выконваюць інструкцыю. Старшыня арганізацыі прадпрымальнікаў “Пэрспэктыва” Анатоль Шумчанка лічыць гэта сьведчаньнем дыскрымінацыі ў дачыненьні да бізнэсоўцаў.

Прадпрымальніца Алена Трушчанка паведаміла “Свабодзе”, што была са сваім сынам у дзіцячай паліклініцы № 19 на прыёме ў лекаркі. Тая ёй паведаміла, што бальнічны ліст па дагляду за дзіцём можа даць толькі пасьля таго, як ёй пакажуць даведку пра выплату падаткаў.

Алена паведаміла, што разгубілася і ня ведала, што адказаць:

Гаворыць Алена Трушчанка:

“Настолькі была зьбянтэжаная, што спытала ці толькі ў адносінах да мяне такія меры, ці да ўсіх прадпрымальнікаў. Мне адказалі, што гэта да ўсіх прадпрымальнікаў. Прадпрымальнікаў ужо нават у паліклініках сталі “заціскаць”. Гэты бальнічны на выплаты ў фонд сацыяльнай абароны для мяне не ўплывае”.

У паліклініцы № 19 не пракамэнтавалі сытуацыю. Каб даведацца, ці практыкуецца падобнае ў іншых паліклініках, патэлефанавалі ў дзіцячую паліклініку № 1.

Загадчыца аддзяленьня Жана Карпіцкая патлумачыла:

“Існуе інструкцыя каму даецца ліст непрацаздольнасьці, а каму даецца даведка пра часовую непрацаздольнасьць. У тым выпадку, калі індывідуальны прадпрымальнік адлічае ўнёскі ў фонд сацыяльнай абароны, яму выдаюць ліст непрацаздольнасьці, калі – не, то толькі даведка”.

Прадпрымальніца Зінаіда з абурэньнем апавяла пра Галіну, якая працуе ў суседнім шапіку. Яна мае маленькае дзіця, якому толькі споўнілася два з паловай гады. Галіне зрабілі апэрацыю, выдалілі апэндыкс.

“Яна пайшла ў падатковую, а зь яе запатрабавалі бальнічны. А бальнічны ёй не даюць. Сказалі, што толькі могуць даць на 14 дзён, ня болей. Яна прыйшла ўся скручаная на рынак і скардзілася. Ёй трэба ехаць ажно ў Бабруйск. Яна там стаіць на ўліку. Яна кажа: “Мне на дарогу толькі на адну трэба 130 тысяч. А мне іх хто-небудзь аддасьць?”.

Старшыня прадпрымальніцкай арганізацыі “Пэрспэктыва” Анатоль Шумчанка выказаў сваё меркаваньне:

“Я лічу, што гэта з’ява дыскрымінацыі. Нельга дзяліць на прадпрымальнікаў і непрадпрымальнікаў. Мы ўсе грамадзяне
Прадпрымальнікі мусяць карыстацца такімі ж правамі, як і іншыя грамадзяне
Рэспублікі Беларусь і для кожнага з нас павінна дзейнічаць заканадаўства нашай краіны і не дзяліць нас на розныя сацыяльныя групы – таму дам, а гэтаму ня дам. Прадпрымальнікі мусяць карыстацца такімі ж правамі, як і іншыя грамадзяне”.

Прадпрымальнікі абураюцца і спасылаюцца на тое, што іх мэдычныя карткі, а таксама іх дзяцей знаходзяцца ў рэгістратуры дзяржаўных раённых паліклінік і, паколькі ім не адмаўляюць у прыёме, то яны мусяць мець аднолькавыя правы зь іншымі пацыентамі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG